Міма прайшлі два мужчыны. Потым якаясьці жанчына, забруджаная і заплаканая, з цяжкім пакункам. Невядома чый паляўнічы сабака, напалоханы і разгублены, зрабіў некалькі кругоў вакол каляскі і збег, калі брат цыкнуў на яго.
Наперадзе, наколькі сягала вока, уся дарога ад Лондана здавалася бурлівым патокам брудных людзей, якія штурхалі адзін аднаго і нібы каціліся паміж двума радамі вілаў. Каля павароткі дарогі з чорнага людскога месіва выступалі асобныя твары і фігуры, потым яны праносіліся міма і зноў зліваліся ў скразную масу, амаль пакрытую воблакам пылу.
— Прапусціце!.. — даносіліся крыкі. — Дарогу, дарогу!
Рукі тых, хто ішоў ззаду, упіраліся ў пярэдніх. Брат вёў за аброць поні. Падхоплены натоўпам, брат паволі, крок за крокам, прасоўваўся наперад.
У Эджуэры адчувалася хваляванне людзей, у Чок-Фарме была паніка — здавалася, што тут чыніцца перасяленне народаў. Цяжка апісаць гэтыя скопішчы. Па абочыне дарогі пляліся пешаходы, ратуючыся ад экіпажных калёсаў, сутыкаючыся, спатыкаючыся, падаючы ў канаву.
Павозкі і экіпажы цягнуліся ўшчыльную. Больш шустрыя і нецярплівыя вырываліся наперад, прымушаючы пешаходаў ціснуцца да платоў і варотаў вілаў, якія стаялі абапал дарогі.
— Хутчэй, хутчэй! — чуліся крыкі. — Дарогу! Яны ідуць!
У адной павозцы стаяў сляпы дзядуля ў мундзіры Арміі выратавання. Ён размахваў рукамі са скручанымі пальцамі і крычаў: «Вечнасць, вечнасць!» Ён ахрып, але крычаў так рэзка, што брат яшчэ доўга чуў яго пасля таго, як той схаваўся ў воблаку пылу. Многія з тых, хто ехаў у экіпажах, без толку сцёбалі коней і лаялі адзін аднаго; некаторыя сядзелі нерухома, абяздоленыя, разгубленыя; іншыя кусалі рукі ад смагі ці ляжалі ў павозках, бяссільна выпрастаўшыся. Вочы коней наліліся кроўю, лейцы былі пакрыты пенаю.
Тут было мноства кебаў, калясак, фургонаў, цялежак, паштовая карэта, павозка зборшчыка смецця з надпісам «Прыход св. Панкрація», вялікая платформа для дошак, перапоўненая абарванцамі. Кацілася фура для перавозкі піва, колы яе былі запырсканы кроўю.
— Дайце дарогу! — раздаліся крыкі. — Дарогу!
— Вечнасць, вечнасць! — даносілася, як рэха, здалёк.
Тут былі жанчыны, бледныя і сумныя, добра апранутыя, з заплаканымі і зморанымі дзецьмі; дзеці былі ўсе ў пыле, ледзь перастаўлялі ногі. З многімі жанчынамі ішлі іх мужы, то клапатлівыя, то зласлівыя і хмурыя. Тут жа пракладвалі сабе дарогу абарванцы ў выцвілых цёмных лахманах, з дзікімі вачыма; яны гучна крычалі і цынічна лаяліся. Побач з рослымі рабочымі, якія энергічна прабіраліся наперад, цясніліся нікчэмныя растрапаныя людзі, падобныя па вопратцы на клеркаў ці прыказчыкаў; брат убачыў раненага салдата, чыгуначных насільшчыкаў і якуюсьці бедную жанчыну ў паліто, накінутым паверх начной кашулі.
Але, няглядзячы на ўсю разнастайнасць, людзі ў гэтым натоўпе былі нечым падобныя. Усе былі напалоханыя, змучаныя, адчувалася, што ўсіх гоніць страх. Усякі шум наперадзе, на дарозе, спрэчка з-за месца ў павозцы прымушалі ўвесь натоўп паскараць хаду; нават людзі (настолькі напалоханыя і змучаныя, што ў іх падгіналіся калені), быццам гальванізаваныя страхам, станавіліся на імгненне больш энергічныя. Гарачыня і пыл стамілі натоўп. Скура перасохла, губы пачарнелі і патрэскаліся. Усіх мучыла смага, усе стаміліся, усе выбіліся з сілы. Паўсюль чуліся спрэчкі, папрокі, знямоглыя стогны; у большасці былі хрыплыя і слабыя галасы. Увесь натоўп пастаянна выкрыкваў, як прыпеў:
— Хутчэй, хутчэй! Марсіяне ідуць!
Некаторыя спыняліся і адыходзілі ў бок ад людскога патоку. Прасёлак, на якім стаяла каляска, выходзіў на шашу і здаваўся адгалінаваннем лонданскай дарогі. Яго запаланяў бурны прыліў, натоўп адцясняў сюды больш слабых; пастаяўшы тут і адпачыўшы, яны зноў кідаліся ў гэты ўдушлівы паток. Пасярод дарогі ляжаў чалавек з аголенай нагой, перавязанай акрываўленай анучай, і над ім схіліліся двое. Шчасліўчык, у яго знайшліся сябры.
Маленькі дзядуля, з пастрыжанымі па-ваеннаму вусамі, у брудным чорным фрэнчы, выбраўся, накульгваючы, з той даўкі, сеў на зямлю, зняў чаравік — шкарпэтка была ў крыві, вытрас дробныя каменьчыкі і зноў абуў. Дзяўчынка гадоў васьмі-дзевяці кінулася на зямлю каля плота непадалёк ад майго брата і расплакалася:
— Не магу больш ісці! Не магу!
Брат, ачнуўшыся ад здранцвення, пачаў суцяшаць дзяўчынку, падняў яе і аднёс да міс Элфінстон. Дзяўчынка напалохана прыціхла:
— Элен! — жаласліва крычала якаясьці жанчына ў натоўпе. — Элен!
Дзяўчынка раптам вырвалася з рук брата з крыкам: «Мама!»
— Яны ідуць, — сказаў чалавек, які ехаў верхам на кані па прасёлку.