Выбрать главу

А восьмай гадзіне натоўп хлопчыкаў і разявакаў рушыў на пустку, каб паглядзець на «мерцвякоў з Марса». Такой была першая версія гэтай падзеі. Я ўпершыню пачуў пра гэта ад свайго газетчыка каля чвэрці дзевятай, выйшаўшы купіць нумар «Дэйлі кронікл». Вядома, я быў крайне здзіўлены і неадкладна пайшоў цераз Отэршоў-брыдж да пясчанага кар'ера.

ІІІ. На Хорселскай пустцы

Каля вялізнай ямы, дзе ляжаў цыліндр, я заспеў чалавек з дваццаць. Я ўжо гаварыў, які выгляд меў гэты каласальны, зарыты ў зямлю снарад. Дзёран і жвір вакол яго абгарэлі, як ад нечаканага выбуху. Відаць, полымя ўспыхнула ад удару цыліндра. Гендэрсана і Оджылві там не было. Магчыма, яны вырашылі, што пакуль нічога рабіць нельга, і пайшлі снедаць да Гендэрсана.

На краі ямы, стрыгучы нагамі, сядзелі чацвёра ці пяцёра хлапчукоў, яны балаваліся (пакуль я іх не спыніў), кідаючы каменьчыкамі ў жудасную махіну. Затым, паслухаўшы мяне, яны пачалі гуляць у квача, бегаючы вакол дарослых.

Сярод прысутных былі два веласіпедысты, садоўнік-падзёншчык, якога я тады-сяды наймаў, дзяўчына з дзіцём на руках, мяснік Грэг са сваім сынам, некалькі гулякаў і хлопчыкаў, што прыслугоўвалі ў гульні ў гольф і звычайна сноўдалі каля станцыі. Гаворка была скупою. У той час у Англіі нямногія з простых людзей мелі ўяўленне пра астраномію. Большасць назіральнікаў спакойна глядзела на плоскую накрыўку цыліндра, якая знаходзілася ў тым жа становішчы, у якім яе пакінулі Оджылві і Гендэрсан. Я думаю, што ўсе былі расчараваныя, убачыўшы замест абгарэлых целаў нерухомую грамадзіну цыліндра; многія адпраўляліся дамоў, замест іх прыходзілі іншыя. Я спусціўся ў яму, і мне падалося, што я адчуваю слабае ваганне пад нагамі. Накрыўка была нерухомая.

Толькі падышоўшы зусім блізка да цыліндра, я ўбачыў яго незвычайны выгляд. На першы погляд цыліндр здаваўся не больш дзіўным, чым перакулены экіпаж ці дрэва, якое ўпала на дарогу. Менш таго, — ён быў падобны на ржавы газавы рэзервуар, заглыблены ў зямлю. Толькі дасведчаны чалавек мог заўважыць, што шэры нагар на цыліндры быў простым вокісам, што жаўтавата-белы метал, які пабліскваў пад накрыўкай, меў незвычайнае адценне. Слова «пазазямны» большасці людзей было незразумелае.

Я ўжо не сумняваўся, што цыліндр упаў з Марса, але не верылася, што ў ім знаходзілася якая-небудзь жывая істота. Я меркаваў, што развінчванне адбываецца аўтаматычна. Нягледзячы на словы Оджылві, я быў упэўнены, што на Марсе жывуць людзі. Мая фантазія нарастала: магчыма, унутры знаходзіцца які-небудзь манускрыпт; а ці зможам яго перакласці, ці знойдзем там манеты, розныя рэчы? Аднак цыліндр быў занадта вялікі для гэтага. Карцела паглядзець, што там унутры. Каля адзінаццаці, бачачы, што нічога асаблівага не адбываецца, я вярнуўся дамоў у Мэйбэры. Але ўжо не мог займацца сваімі абстрактнымі даследаваннямі.

Апоўдні пустка была непазнавальная. Ранні выпуск вячэрніх газет узбударажыў увесь Лондан:

ПАСЛАННЕ З МАРСА
НЕБЫВАЛАЯ ПАДЗЕЯ ВА ЎОКІНГУ, —

інфармавалі загалоўкі буйным шрыфтам. Акрамя таго, тэлеграма Оджылві Астранамічнаму таварыству перапалохала ўсе брытанскія абсерваторыі.

На дарозе ля пясчанай ямы стаялі паўдзюжыны брычак са станцыі, фаэтон з Чобхема, чыясьці карэта, безліч веласіпедыстаў. Нягледзячы на гарачы дзень, шмат народу прыйшло з Уокінга і Чэртсі, так што сабраўся даволі вялікі натоўп, было нават некалькі разадзетых дам.

Стаяла ўдушлівая спякота; на небе ні хмурынкі, ні малейшага ветрыку, і цень можна было знайсці толькі пад некаторымі соснамі. Верас ужо не гарэў, але раўніна ледзь не да самага Отэршоў пачарнела і дымілася. Прадпрымальны гаспадар бакалейнай лаўкі на Чобхемскай дарозе прыслаў свайго сына з ручной цялежкай, нагружанай зялёнымі яблыкамі і бутэлькамі з імбірным ліманадам.

Ступіўшы на край ямы, я ўбачыў у ёй групу людзей: Гендэрсана, Оджылві і высокага сівавалосага джэнтльмена (як я пасля даведаўся, гэта быў Стэнт, каралеўскі астраном); некалькі рабочых, узброеных рыдлёўкамі і кіркамі, стаялі тут жа. Стэнт выразна і гучна даваў указанні. Ён узабраўся на накрыўку цыліндра, якая, мабыць, ужо астыла. Твар пачарнеў, градам каціўся пот па лобе і шчоках: Стэнт яўна быў чымсьці раздражнёны.

Большая частка цыліндра была адкопана, хоць ніжні канец усё яшчэ быў у зямлі. У натоўпе вакол ямы Оджылві ўбачыў мяне, паклікаў і папрасіў схадзіць да лорда Хілтана, гаспадара гэтага ўчастка.

Ён гаварыў, што працаваць перашкаджаюць хлапчукі і натоўп, які ўсе большаў і большаў. Трэба адгарадзіцца ад людзей і адвесці іх крыху далей. Ён сказаў мне, што з цыліндра даносіцца слабы шум і што рабочыя не змаглі адкруціць накрыўку, бо не было за што ўхапіцца. Шум, які даносіўся адтуль, прыглушваўся, магчыма, вельмі тоўстымі сценкамі цыліндра.