Выбрать главу

Я быў гатовы ахвотна выканаць яго просьбу, спадзеючыся такім чынам апынуцца ў ліку прывілеяваных гледачоў пры чаканым ускрыцці цыліндра. Лорда Хілтана я не заспеў дома, але даведаўся, што яго чакаюць з Лондана шасцігадзінным цягніком: так як было толькі чвэрць шостай, я зайшоў дамоў выпіць шклянку гарбаты, а пасля адправіўся на станцыю, каб перахапіць Хілтана на дарозе.

IV. Цыліндр адкрываецца

Калі я вярнуўся на пустку, сонца ўжо садзілася. Пастаянна прыбывалі людзі з Уокінга, дамоў вярталіся толькі двое-трое. Натоўп вакол ямы ўсё павялічваўся, чарнеючы на лімонна-жоўтым фоне неба; сабралася за сто чалавек. Штосьці крычалі; каля ямы адбывалася нейкая таўкатня. Мяне ахапіла трывожнае прадчуванне. Наблізіўшыся, я пачуў голас Стэнта:

— Адыдзіце! Адыдзіце!

Прабег якісьці хлапчук.

— Яно рухаецца, — паведаміў ён мне, — усё круціцца ды круціцца. Мне гэта не падабаецца. Я лепш пайду дадому.

Я наблізіўся. Натоўп быў густы — чалавек дзвесце-трыста; усе штурхаліся, наступалі адзін аднаму на ногі. Разадзетыя дамы былі вельмі цікаўныя.

— Ён упаў у яму! — крыкнуў хтосьці.

— Назад, назад! — чуліся галасы.

Натоўп крыху адхлынуў, і я прабраўся наперад. Усе былі моцна ўсхваляваны. З ямы даносіўся якісьці дзіўны глухі шум.

— Супакойце ж у рэшце рэшт гэтых ідыётаў! — крыкнуў Оджылві. — Мы ж не ведаем, што ў гэтай штуцы праклятай!

Я ўбачыў маладога чалавека, здаецца, прыказчыка з Уокінга, які ўзабраўся на цыліндр, спрабуючы вылезці з ямы, куды яго спіхнуў натоўп.

Верхняя частка цыліндра адкручвалася знутры. Было відаць каля двух футаў вінтавой бліскучай нарэзкі. Нехта, спатыкнуўшыся, адштурхнуў мяне, я пахіснуўся, і мяне ледзь не скінулі на накрыўку, якая круцілася. Я павярнуўся, і, пакуль глядзеў у другі бок, вінт тым часам, выкруціўся ўвесь — і накрыўка цыліндра са звонам упала на жвір. Я штурхнуў локцем некага ззаду мяне і зноў павярнуўся да цыліндра. Круглая пустая адтуліна здавалася абсалютна чорнаю. Вечаровае сонца біла мне прама ў вочы.

Усе, відаць, чакалі, што з адтуліны пакажацца чалавек; можа, не зусім падобны да нас, зямных людзей, але ўсё ж падобны. Па крайняй меры, я чакаў гэтага. Але, зірнуўшы, я ўбачыў нешта вірлівае ў цемнаце — шэраватае, хвалепадобнае, рухомае; бліснулі два дыскі, падобныя на вочы, затым штосьці накшталт шэрай гадзюкі, таўшчынёй з трысціну, пачало выпаўзаць кольцамі з адтуліны і рухацца, віючыся, у мой бок — адно, потым другое.

Мяне ахапіў жах. Ззаду закрычала жанчына. Я крыху павярнуўся, не спускаючы вачэй з цыліндра, адкуль высоўваліся новыя шчупальцы, і пачаў прасоўвацца далей ад ямы. Людзі, якія мяне акружалі, змяніліся ў твары ад здзіўлення. Адусюль пачуліся перапалоханыя крыкі. Натоўп падаўся назад. Прыказчык усё яшчэ не мог выкарабкацца з ямы. Неўзабаве я застаўся адзін і бачыў, як уцякалі людзі, што былі па другі бок ямы, з імі быў і Стэнт. Я зноў глянуў на цыліндр і анямеў ад жаху. Я стаяў як укапаны і глядзеў.

Вялікая шэраватая круглая туша, відаць, велічынёй з мядзведзя, паволі, з цяжкасцю вылазіла з цыліндра. Высунуўшыся на святло, яна заільснілася, бы вільготная папруга. Два вялікія цёмныя вокі пільна глядзелі на мяне. Страшыдла мела круглую галаву і, калі можна так сказаць, твар. Пад вачыма быў рот, ускрайкі якога рухаліся і дрыжэлі, выпускаючы сліну. Страшыдла цяжка дыхала і ўсё яе цела сутаргава пульсавала. Адно яе тонкае шчупальца ўпіралася ў край цыліндра, другім яна размахвала ў паветры.

Той, хто не бачыў жывога марсіяніна, наўрад ці можа ўявіць сабе яго страхатлівую, пачварную знешнасць. Трохвугольны рот, з адтапыранай верхняй губою, поўная адсутнасць ілба, ніякіх адзнак падбародка пад клінападобнай ніжняю губою, няспыннае паторгванне іртом, шчупальцамі, як у Гаргоны, шумнае дыханне ў нязвыклай атмасферы, непаваротлівасць і абцяжаранасць у рухах — вынік вялікай сілы прыцяжэння Зямлі, — і асабліва ж вялізныя зыркія вочы — усё гэта было праціўным і агідным. Масляністая цёмная скура напамінала слізкую паверхню грыба, няўклюдныя, павольныя рухі наганялі невыказны жах. Ужо пры першым уражанні, у момант беглага знаёмства я адчуў смяртэльны страх і нянавісць.

Раптам страшыдла знікла. Яно перавалілася цераз край цыліндра і ўпала ў яму, пляснуўшыся, бы вялікі скураны цюк. Я пачуў своеасаблівы глухі гук, і следам за першым страшыдлам у цёмнай адтуліне паявілася другое.