На ўсход, над пачарнелымі развалінамі Альберт-тэрас і раздробленым царкоўным шпілем, сярод бязвоблачнага неба свяціла сонца. Дзе-нідзе якая-небудзь грань белага даху адбівала прамень і блішчала асляпляльным святлом. Сонца перадавала таямнічую прыгажосць нават вінным складам вакзала Чок-Фарм і працяглым чыгуначным лініям, дзе раней блішчалі чорныя рэйкі, а цяпер чырванелі палосы двухтыднёвай іржы.
На поўнач распасціраліся Кілберн і Хэмпстэд — цэлы масіў дамоў у сіняватай смузе; на захадзе гіганцкі горад быў таксама пакрыты смугою; на поўдні, за марсіянамі, паменшаныя адлегласцю, бачыліся зялёныя хвалі Рыджэнт-парка. Ленгхэм-гатэль, купал Альберт-хола, Каралеўскі інстытут і агромністыя будынкі на Бромптан-роўд, а ўдалечыні невыразна вырысоўваліся зубчастыя разваліны Вестмінстэра. У глыбокай далечы ўзвышаліся пагоркі Сэрэя і блішчэлі, як дзве сярэбраныя калоны, вежы Крыстал-Паласа. Купал сабора св. Паўла чарнеў на фоне ранішняга неба, — я ўбачыў, што на заходнім баку сабора зеўрала вялікая прабоіна.
Я стаяў і глядзеў на гэта мора дамоў, фабрык, цэркваў, ціхіх, адзінокіх і пакінутых; я думаў пра надзеі і намаганні, пра многія жыцці, загубленыя ў час пабудовы гэтай цвярдыні чалавецтва, і пра яе разбурэнне, імгненнае і няўхільнае. Калі я зразумеў, што змрок адхлынуў, што людзі зноў могуць жыць на гэтых вуліцах, што гэты родны для мяне агромністы мёртвы горад зноў ажыве і верне сваю магутнасць, я ледзь не заплакаў ад хвалявання.
Мукі скончыліся. З гэтага ж дня пачынаецца вяртанне да жыцця. Ацалелыя людзі, рассеяныя па краіне, без важакоў, без законаў, без ежы, як статак без пастуха, тысячы тых, хто адплыў за мора, зноў пачнуць вяртацца; пульс жыцця з кожным імгненнем заб'ецца ўсё мацней і мацней на пустых вуліцах і плошчах. Страшэнны быў разгром, але варожая рука спынена. Спынена варожая рука. Гэтыя горкія руіны, пачарнелыя шкілеты дамоў, якія змрочна тырчаць на сонечным узвышшы, неўзабаве агалосяцца стукам малаткоў, звонам інструментаў. Тут я ўскінуў рукі ў неба і пачаў дзякаваць богу. Праз які-небудзь год, думаў я, праз год…
Потым, быццам мяне нечым стукнулі, я раптам успомніў пра сябе, пра жонку, пра наша былое шчаслівае жыццё, якое ніколі ўжо не вернецца.
IX. На абломках мінулага
Цяпер я павінен паведаміць вам адзін унікальны факт. Зрэшты, гэта, можа быць, і не так ужо дзіўна. Я помню ясна, жыва, выразна ўсё, што рабіў у той дзень да таго моманту, калі я стаяў на вяршыні Прымроз-Хіла і са слязьмі на вачах дзякаваў богу. А затым у памяці маёй правал…
Я не помню, што адбылося на працягу трох наступных дзён. Мне гаварылі пасля, што я не першы адкрыў гібель марсіянаў, што некалькі такіх самых, як я, вандроўнікаў даведаліся пра яе яшчэ ноччу. Першы, хто гэта ўбачыў, адправіўся ў Сент-Марцінес-ле-Гран і ў той час, калі я сядзеў у рамізніцкай будцы, умудрыўся паслаць тэлеграму ў Парыж. Адтуль радасная вестка абляцела ўвесь свет; тысячы гарадоў, змярцвелых ад жаху, імгненна асвяціліся яркімі агнямі ілюмінацыяў. Калі я стаяў на мяжы ямы, пра гібель марсіянаў было ўжо вядома ў Дубліне, Манчэстэры, Бірмінгеме. Людзі плакалі і крычалі ад радасці, пакідалі работу і ціснулі адзін аднаму рукі: цягнікі, што ішлі на Лондан, былі перапоўнены ўжо ў Кру. Царкоўныя званы, якія маўчалі аж два тыдні, няспынна званілі па ўсёй Англіі. Людзі на веласіпедах, схуднелыя, растрапаныя, насіліся па прасёлачных дарогах, радасна крычучы, вястуючы змучаным, адчайным бежанцам пра нечаканае выратаванне.
А як з харчаваннем?
Цераз Ла-Манш, па Ірландскім моры, цераз Атлантыку спяшаліся да нас на дапамогу караблі, гружаныя зернем, хлебам і мясам. Здавалася, усе судны свету імкнуліся да Лондана. Пра ўсё гэта я не помню нічога. Я не вытрымаў выпрабавання, і мой розум памутнеў. Апрытомнеў я ў доме нейкіх добрых людзей, якія падабралі мяне на трэці дзень; я вандраваў па вуліцах Сент-Джонс-Вуда, поўны адчаю, крычаў і плакаў. Яны расказалі мне, што я нараспеў выкрыкваў бессэнсоўныя словы: «Апошні чалавек, які застаўся жывы, ура! Апошні чалавек, які застаўся жывы».
Абцяжараныя сваімі клопатамі, гэтыя людзі (я не магу назваць іх імёны, хоць і вельмі хацеў бы выказаць ім сваю падзяку) усё-такі не кінулі мяне на волю лёсу, прыюцілі ў сябе і аказалі мне патрэбную дапамогу.
Магчыма, яны даведаліся што-нішто аб маіх прыгодах на працягу тых дзён, калі я ляжаў без памяці. Калі я апрытомнеў, яны асцярожна расказалі мне ўсе, што ведалі пра Лезерхэд. Праз два дні пасля таго, як я трапіў у пастку ў развалінах дома, Лезерхэд быў знішчаны разам з усімі жыхарамі адным марсіянінам. Ён зраўнаваў горад з зямлёю без усялякай прычыны, — так хлапчук разбурае мурашнік.