Славін падышоў да Рудакоўскай:
— Ванда! Рады, што бачу цябе цэлай, ды і да таго ж у нядрэнным настроі. Страх, спадзяюся, прайшоў?
— Як вам сказаць? Гляджу на іх, — яна грэбліва паглядзела ў бок бандытаў, якія стоўпіліся, — і вачам веры не даю: пацішэлі! Нібы авечкі згрудзіліся ў кучу. А яшчэ ўчора любы з іх горш за лютага звера быў.
— Не шкадуеш, што паслухалася нас?
— Не! Што вы! Дзякуй.
— Чым зараз будзеш займацца?
— Да бацькоў вярнуся. Трэба наладжваць новае жыццё, калі дазволіце.
Падышоў Мачалаў. Ён чуў апошнія словы.
— Давядзецца дазволіць. Як ты на гэта глядзіш, Уладзімір Міхайлавіч?
Усцешаны такім паважлівым зваротам — па імені па бацьку яго яшчэ
рэдка звалі, — Уладзімір пачырванеў, аднак збянтэжанасць пераадолеў:
— Вінаватую галаву меч не сячэ, таварыш начальнік. Магу нават паручыцца за Ванду.
— Правільна разважаеш. А зараз дазволь цябе павіншаваць з перамогай! Малайчына па ўсіх артыкулах! Так трымаць!..
Аляксей Купрэйчык
У шпіталі панавала радаснае ажыўленне. Толькі што па радыё паведамілі пра вызваленне Варшавы. Параненыя падоўгу стаялі ля карты, прыкідваючы адлегласць да Берліна.
Купрэйчыку ўжо два тыдні як дазволілі ўставаць, ён штодня стараўся хоць бы разок спусціцца ўніз, у прыёмнае аддзяленне, куды паступалі прама з фронту параненыя. Ён шукаў сярод іх знаёмых, але пакуль нікога не сустрэў.
А шпіталь, размешчаны ў будынку школы, амаль штодня папаўняўся ўсё новымі параненымі. Людзі былі розныя: адны — маўклівыя і панурыя, другія крычалі, лаяліся ад болю, трэція — енчылі. Паветра ў шпіталі было сапрэлым, цяжкім, наскрозь прасякнутым пахам бінтоў, старых ран, карболкі, лекаў.
Прачыналіся звычайна рана, слухалі зводку Інфармбюро, чакалі, калі прынясуць газеты.
Побач з Купрэйчыкам на ложку, які стаяў у куце, з’явіўся новы сусед. Яму адарвала абедзве нагі. Першыя двое сутак ён трызніў. Сёння новенькі ачнуўся. Ён доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма і прыслухоўваўся да размоў.
Аляксей гучна сказаў:
— Ну вось, браткі, і наваселец наш прачнуўся.
У палаце наступіла цішыня, тыя, у каго ўжо добра пазажывалі раны, жадаючы дапамагчы новенькаму хутчэй асвоіцца, пачалі пытаць, хто ён, адкуль.
— Капітан Волкаў, танкіст, — адказаў ён яшчэ слабым голасам і дадаў: — Завуць Паўлам.
— Дзе быў паранены? — пацікавіўся рудавалосы, з абгарэлым тварам лейтэнант Назараў. Ён таксама танкіст. Яго танк падбілі немцы, і ён загарэўся. З усяго экіпажа застаўся жывы толькі Назараў. У палаючым камбінезоне вываліўся з танка, але далей рухацца не змог. У яго было два асколачных раненні: адно ў нагу, другое — у спіну. Пехацінцы, што суправаджалі іх танк, затушылі адзежу Назарава, але ён паспеў атрымаць моцныя апёкі рук, твару і спіны. Калі лейтэнант трохі падлячыўся, то вельмі перажываў за свой абпалены твар і ў хвіліны даверу казаў: «Ведаеце, хлопцы, якая ў мяне жонка прыгажуня! Не прыме зараз яна мяне з такой фізіяноміяй. Навошта я ёй?»
Новенькі павольна павярнуў галаву і, адшукаўшы вачыма Назарава, адказаў:
— На подступах да Варшавы. З гаю іх самаходка ў бок майму танку ўляпіла. Што далей было — не памятаю. — Затым капітан перавёў погляд на Купрэйчыка, які сядзеў на сваім ложку, і папрасіў: — Браток, атулі мне ногі лепей, а то змерзлі штосьці.
Купрэйчыка кінула ў жар: «Дык ён нават не ведае, што ў яго няма ног!» Хаваючы вочы, ён паправіў там, дзе павінны быць ногі, коўдру, сеў на месца і падумаў: «Можа, і добра, што ён убачыў твар Назарава, лягчэй будзе і сваё гора пераносіць».
Настрой сапсаваўся, на душы стала нядобра. Аляксей лёг на ложак і заплюшчыў вочы. У памяці ўсплыў апошні бой, у якім яго параніла.
Прыйшоў ён у сябе на плыце, падчас пераправы праз тую злапомную раку. Над ім адразу ж схіліліся твары яго хлопцаў. «Трымайся, камандзір, мы з табой!» — сказаў Лугавец, а ў самога вочы чырвоныя. Купрэйчык здагадаўся, што ён плакаў, і падумаў: «Напэўна, здорава мяне зачапіла, калі нават такі крэмень, як Жэня, слязу пусціў». Ён спытаў, што з астатнімі хлопцамі. Сцяпаныч супакоіў: «Усё ў парадку, дзядзька, усе цэлыя. Праўда, Пецю Губчыка злёгку зачапіла за руку, але ён нават у шпіталь не пайшоў. Вось цяпер прычалім да берага, а там — увесь узвод нас сустракае. Хлопцы рукамі машуць».
Але Аляксею так і не давялося ўбачыць свой узвод. На вочы наплыла смуга, неба пацямнела, і ён ізноў знепрытомнеў.
Апрытомніў ужо ў шпіталі. Абое раненні аказаліся сур’ёзнымі, да таго ж старшы лейтэнант страціў шмат крыві. З першага шпіталя ён трапіў у другі, затым у трэці, і вось ужо больш за месяц ляжыць у чацвёртым, які размясціўся ў невялікім мястэчку пад Брэстам. Тут і знайшла яго жонка.