Выбрать главу

Шыкульская разгублена глядзела на Уладзіміра, не ведаючы, казаць ці не казаць праўду. А ён усё тым жа як быццам абыякавым голасам спытаў:

— Што ж вы маўчыце? Ці мне нагадаць, што вы добра яго ведаеце?

— Не, не! — перабіла яна. — Я сама скажу! Больш не магу так. Лепш усё папраўдзе, але і вы пашкадуйце мяне! Зразумейце, як цяжка жыць самотнай безабароннай жанчыне. Абяцаеце, што пашкадуеце мяне? Абяцаеце?

— Абяцаю, але толькі ў тым выпадку, калі вы не будзеце хаваць праўды.

— Так-так, вядома. Буду казаць толькі праўду. Клянуся, як перад Богам, толькі праўду!

Шыкульская памаўчала трохі, сабралася з думкамі, пачала расказваць:

— Я тут яшчэ пры паляках жыла, трымала. як вам сказаць. Ну, разу­мееце, дом таемных спатканняў. Жыць жа неяк трэба было. Былі кліенты. Адны — выпадковыя, другія — пастаянныя. Утрымлівала, вядома, дзяўчынак. Дык вось, да мяне часта завітваў адзін пан. Прадставіўся камерсантам. Толькі многія мае кліенты намякалі, што гэткі ж камерсант, як я жонка Чэрчыля.

— Як яго прозвішча?

— Не ведаю. Усе клікалі Марэкам.

— І далей?

— Падабалася яму адна мая дзяўчына — Рэгіна Птушак, якая перад самай вайной нечакана выйшла замуж і пераехала жыць на хутар, але куды — не ведаю. Дык вось у Марэка і Рэгіны былі нейкія свае незразумелыя для мяне сувязі. Я асабіста шмат разоў сустракала іх у самых розных месцах у горадзе. Часта да яе прыходзілі незнаёмыя людзі, штосьці прыносілі ці, наадварот, штосьці выносілі. Карацей кажучы, я здагадвалася, што пан Марэк праз Рэгіну падтрымлівае сувязь са сваімі сябрамі. Але неўзабаве ён знік. І вось тыдні два таму да мяне нечакана прыходзяць Рэгіна і пан Марэк у форме маёра Чырвонай Арміі. З ім быў старшы лейтэнант. Іванам назваўся. Гэта той, якога вы затрымалі ў такім непрыстойным выглядзе.

Пан Марэк сказаў, што служыць у войску, што выпадкова сустрэўся з Рэгінай і яны вырашылі наведаць мяне. Прынеслі шмат чаго смачнага, каньяк, гарэлку. Павячэралі разам, а потым пан Марэк папрасіў, каб я дазволіла яго падначаленым трохі пажыць у мяне. Паабяцаў добра заплаціць, дапамагчы прадуктамі. Я і згадзілася.

— Дзе гэты пан Марэк цяпер?

— Не ведаю. Але мне здаецца, што ён павінен быць у Рэгіны.

— Чаму вы так думаеце?

— Учора раніцай пан Марэк прыйшоў да мяне з нейкім старшыной. У таго быў аўтамат. Яны пасядзелі з гадзінку, пагаварылі са сваімі людзьмі і сышлі. Я выпраўляла іх разам з Іванам. У двары пачула, як пан Марэк ціха сказаў Івану, што калі ён спатрэбіцца, то яго можна знайсці на хутары ў Рэгіны.

— Вы добра гэта чулі?

— Вядома. Я ж не глухая.

— Значыць, Іван павінен ведаць, дзе жыве гэты маёр?

— Я таксама так думаю.

Славін паклікаў Бартошыка, даручыў яму запісаць сведчанні Шыкульскай. Той запрасіў Шыкульскую ісці за ім, і Славін задумаўся: «Цяпер слова за «старшым лейтэнантам». Але той нават прозвішча сваё не назваў. Значыць, спадзяецца выйсці з вады сухім. Чакаць ад яго праўдзівых сведчанняў — спра­ва безнадзейная. Што ж прыдумаць?» І Славін вырашыў: пакуль ідзе допыт Шыкульской, пагаварыць са «старшым лейтэнантам». Ён падняў трубку тэлефона, патэлефанаваў дзяжурнаму.

Канваір прывёў «старшага лейтэнанта». Без рамяня, у расшпіленым кіцелі, з-пад якога выглядала зусім не армейскага ўзору брудная сподняя кашуля, ён паўстаў чалавекам, які зусім выпадкова нацягнуў на сябе афіцэрскае абмундзіраванне. Сярэдняга росту, хударлявы, са змардаваным тварам, «старшы лейтэнант» спыніўся перад сталом. Маленькія калючыя вочкі яго слізганулі па постаці Славіна. Злачынец відавочна настройваўся паводзіць сябе з выклікам.

Уладзімір запрасіў яго сесці, узяў ручку, падсунуў да сябе ліст паперы:

— Ваша прозвішча?

«Старшы лейтэнант» злосна ўхмыльнуўся:

— Пішы якое хочаш.

— Чаму я павінен пісаць якое хачу? Вы што — не чалавек?

— Гэта чаму ж? — паціснуў ён плячамі.

— А таму, што вы чалавек, а чалавеку належыць мець імя, прозвішча. Таму я і хацеў бы з вамі пазнаёміцца.

Твар затрыманага сказіла сутаргавая грымаса.

— Сысунок! Каго на мушку бярэш? Ведаеш, колькі я такіх бачыў?

У душы Славіна ўсё закіпела. Ён ледзь прымусіў сябе стрымацца, спакойна заўважыў:

— Паслухай, Іван! Калі ты будзеш сябе так паводзіць, не выключана, што я буду апошнім, з кім ты маеш магчымасць пагутарыць. Вось чаму раю не строіць дурня. Дарэчы, для інфармацыі: такіх, як ты, я ўжо сустракаў, і нямала!