— Прыехалі, можна выходзіць.
Калі ўся аператыўная група падышла да прасекі, Мачалаў пакінуў з вадзіцелем толькі аднаго аўтаматчыка. Астатнім супрацоўнікам прапанаваў ісці за ім. Праўда, цяпер прабірацца праз густы лес у цемры, па пояс у снезе, было значна складаней. Толькі к сямі гадзінам супрацоўнікі падышлі да паляны. Далей рухацца было рызыкоўна.
Пётр Пятровіч адвёў групу метраў на пяцьдзясят у глыб лесу, яшчэ раз праінструктаваў кожнага супрацоўніка.
— Калі яны на хутары, — растлумачыў начальнік напрыканцы, — то абавязкова будуць выходзіць у двор. Ваша задача — палічыць, колькі іх тут сабралася. Калі будзе ўсё ясна, адзін з вас павінен дабрацца да дарогі, павярнуць у бок горада. Прайшоўшы з паўкіламетра, ён заўважыць наш грузавік, а крыху ўбаку, ля вогнішча, — нашых людзей. Тыя будуць прыкідвацца, быццам машына сапсавалася і стала на рамонт. Калі да абеду пасланец не з’явіцца, вас падменяць іншыя супрацоўнікі, а вы адправіцеся да машыны.
— А калі бандыты пойдуць у лес, наткнуцца на нас ці выявяць нашы сляды? — пачулася пытанне.
— Ваша задача — назіраць. Але калі раптам здарыцца і такое, дзейнічайце па становішчы. Нездарма ж у вас аўтаматы. Ёсць яшчэ пытанні?
Супрацоўнікі маўчалі.
— Калі пытанняў няма, значыць, заданне зразумела. Займайце кожны сваё месца.
Славін меркаваў, што яму таксама давядзецца назіраць за хутарам, але начальнік вырашыў інакш. Як толькі аператыўнікі размясціліся на сваіх пазіцыях, ён падышоў да дарогі і загадаў Уладзіміру ісці за ім.
— Пётр Пятровіч, можа, я застануся з хлопцамі?
— Не. Прыедзеш сюды з групай захопу.
Далей яны ішлі моўчкі. Машына ўжо развярнулася, стаяла недалёка ад павароту. Уладзімір і аўтаматчык, які застаўся з шафёрам, забраліся ў кузаў, і грузавік паехаў, але праз хвіліну-другую спыніўся. Мачалаў выйшаў з кабіны і, пыхкаючы папяросай, падышоў да задняга борта:
— Пачакаем, цяпер нашы пад’едуць.
І сапраўды, неўзабаве з’явіўся «казёл». У ім прыехала яшчэ пяцёра супрацоўнікаў, у тым ліку Мамонаў, Бартошык і Крайнюк. Начальнік аддзела, звяртаючыся да Славіна, падкрэслена гучна, каб чулі ўсе, сказаў:
— Ну што, Уладзімір Міхайлавіч? Я так думаю: раз ты ўчапіўся за гэту групу, то табе і канчаць з ёй. Прымай камандаванне, а я паехаў у аддзел. Маса тэрміновых спраў, і ўсе чакаюць свайго рашэння.
Ён сеў у легкавую машыну.
Бартошык, куражачыся, спытаў:
— Што, таварыш начальнік? Пачнём камандаваць?
— А як жа, таварыш Бартошык! — хаваючы ўсмешку, адказаў Славін і знарок загадным тонам дадаў: — А ну, марш распальваць вогнішча!
Усе пайшлі ў лес, і адтуль пачуўся трэск сухога галля. Вадзіцель залез у кузаў, скінуў на дарогу запасное кола, затым падкаціў яго да пярэдняга. Побач на кавалку брызенту расклаў прылады, на капот паставіў паяльную лямпу, а ў матор уставіў завадную ручку. Назіраючы за яго дзеяннямі, Славін ухвальна падумаў: «Вось гэта старшына! Ведае сваю справу!»
Тым часам недалёка ад абочыны весела ўспыхнула вогнішча. У групе аператыўнікаў сабраліся людзі бывалыя: хто прайшоў загартоўку ў дзеючай арміі, хто — у партызанах. Напоўніць кацялок снегам, падвесіць яго над агнём — вучыць нікога не патрабавалася. Антошын прынёс да вогнішча некалькі металічных кубкаў, рэчмяшок, адтуль дастаў цукар, кавалак сала, хлеб. Хітра зірнуўшы на Славіна, падміргнуў супрацоўнікам:
— Вось калі б начальнік здагадаўся прыхапіць што-небудзь больш істотнае, тады б я пагадзіўся працаваць пад яго камандай хоць усё жыццё.
— Бач чаго захацеў! — усміхнуўся Славін. — А кукіш з макам не хочаш?
— Фі, як груба! Не да твару кіраўніку. Хто ж так з падначаленымі размаўляе? — удавана пакрыўдзіўся Антошын. — Вы, таварыш начальнік, як бачу, харчышак з сабой ніякіх не прыхапілі. Хоць за грубасць вас можна пакараць: пакінуць галодным.
Але Славін не здаваўся:
— Яшчэ адно слова, і я накірую вас на пост замяніць каго з нашых людзей. А туды, як вядома, харчышкі, якія вы ў сваім рэчмяшку цягаеце, браць нельга. Так што вы таксама многім рызыкуеце. Прычым не толькі застацца галодным, але і назаўжды пазбавіцца такога смачнага сала.
Усе засмяяліся, а Антошын пхнуў сябра ў плячо:
— Добра! Падзелімся, Бог з табой.
Аператыўнікі размясціліся вакол вогнішча, пачалі есці. Аднак з-за павароту хутка з’явіўся чалавек.
— Дык гэта ж наш! — пазнаў свайго супрацоўніка Антошын.
І сапраўды, падышоў Брытвін, памочнік оперупаўнаважанага. Ён увесь пакрыўся шэранню і, пераводзячы частае дыханне, паведаміў:
— Уладзімір Міхайлавіч, яны там!
— Дакладна пераканаліся?
— Вядома. У «старшыны» добра бачна павязка на шыі, і «маёра» запрыкмецілі. Абодва некалькі разоў выходзілі ў двор. То дровы насілі ў хату, то ў прыбіральню па чарзе бегалі, то ў хлеў чагосьці два разы лазілі.