Выбрать главу

Але вось вайна скончылася. Для разведчыкаў наступіла пара бяздзейнасці, і Купрэйчык намерваўся адшукаць свой былы ўзвод, павіншаваць хлопцаў з перамогай, успомніць тых, хто не дайшоў да Берліна і склаў свае галовы дзеля гэтай перамогі, але яго нечакана выклікалі ў штаб дывізіі. Там уручылі прадпісанне, дзе было сказана, што старшы лейтэнант Купрэйчык Аляксей Васільевіч адкамандзіроўваецца ў распараджэнне Наркамата ўнутраных спраў і павінен з’явіцца праз тыдзень у горад Мінск.

Падпалкоўнік Арбатаў упершыню па-сяброўску ўсміхнуўся Купрэйчыку:

— Ну вось, бачыш, як я правільна рабіў, што збярог цябе. Цяпер ты патрэбен краіне для іншых спраў. Ну, дай я цябе абдыму на развітанне.

Праз трое сутак Купрэйчык прыбыў у Брэст і адразу ж накіраваўся ў шпіталь да Надзі. Усё здарылася так хутка, што ён ёй нават не паспеў напісаць пра новае прызначэнне.

Ехаць было недалёка, і неўзабаве ён, сышоўшы са спадарожнага грузавіка, апынуўся сярод мора зеляніны, кветак, сонца. Удыхаючы поўнымі грудзьмі чыстае п’янкое паветра, ён лёгкім крокам ішоў па сцяжынцы, якую толькі што паказаў яму сустрэчны пажылы старшына.

«Прыгажосць-та якая, вось і наступіла сапраўднае мірнае жыццё!» Ад гэтай думкі Аляксею захацелася спяваць, гучна крычаць, смяяцца. Дзіва што, ён прайшоў усю вайну, дзясяткі разоў глядзеў смерці ў вочы — і застаўся жывы! Наперадзе мір, жонка, жыццё! Яго цешыла ўсё: і птушкі, і сонца, і зеляніна роднай зямлі! Як яму хацелася цяпер легчы на гэту вабную род­ную зямлю, дакрануцца шчакой да мяккай сакавітай травы! Але наперадзе, дзесьці там, за кустамі, што віднеліся непадалёку, ужо праглядаліся хаты, а там — шпіталь, а ў ім Надзя, яго жонка!

— Наперад, дзядзька! — гучна скамандаваў сам сабе Аляксей. — Хут­чэй — і ты будзеш узнагароджаны!

Так, яму сёння адназначна шанцавала. Толькі ўвайшоў праз расчыненыя насцеж велізарныя драўляныя вароты, якія вялі на тэрыторыю шпіталя, як сустрэў Надзю. Яна ішла з нейкай дзяўчынай і пра штосьці весела гаварыла. Абедзве былі апрануты ў белыя халаты, але Аляксей адразу ж пазнаў яе. Ён дагнаў іх, плячом злёгку адсунуў дзяўчыну ад Надзі і пайшоў побач з ёй. Дзяўчына хацела абурыцца, але, убачыўшы ўмольны погляд сімпатычнага старшага лейтэнанта, маўчала, чакаючы, што ж будзе далей. А Надзя весела і бестурботна ішла крыху наперадзе, працягвала свой расповед пра ўчарашняе выступленне на сходзе нейкай Краўцовай. Але вось яна замоўкла і павярнула галаву направа, а там замест сяброўкі — Аляксей. Надзя спачатку вырашыла, што ёй здалося. Спынілася, моўчкі і здзіўлена паглядзела на яго вялікімі вачыма. Нарэшце яна зразумела, што гэта не прывід і што перад ёй сапраўды жывы і здаровы Аляксей. Яна дакранулася да яго твару рукой, а затым яе рукі імгненна абвіліся вакол яго шыі.

Пасля першых хвалюючых хвілін яны накіраваліся прама да начальніка шпіталя.

Высокі, мажны, гадоў шасцідзесяці палкоўнік, даведаўшыся, з кім да яго прыйшла Кір’янава, сустрэў Аляксея ветліва. Нават дзеля такога выпадку загадаў прынесці па сто грам спірту.

— Мы прыйшлі да вас параіцца, — перайшоў да галоўнага Аляк­сей, — як нам зараз з жонкай быць. Я атрымаў прызначэнне ў Мінск, а вось Надзя — тут.

Палкоўнік усміхнуўся:

— Ну, брат, гэтую справу можна выправіць. — Зірнуў на Надзю і сказаў: — Давайце, мілыя вы мае, зробім так: вам, Кір’янава, у першую чаргу я даю трохдзённы адпачынак. Пасля гэтага, — ён паглядзеў на Аляксея, — вы едзеце ў Мінск, уладкоўваецеся, ну і чакаеце яе. А мы за гэты час зробім адпаведныя запыты, каб перавесці вашу жонку ў Мінск. Так што парадак.

Наступіў вечар. Надзя і Аляксей прагульваліся па лясной сцяжынцы. Цёплы ветрык далікатна перабіраў яе валасы. Яны выйшлі на паляну, перайшлі яе і апынуліся ў густых зарасніках гнуткіх бяроз і тонкіх елак. Аляксей зняў кіцель і разаслаў яго пад кустом. Надзя села на кіцель, а Аляксей апусціўся побач. Зямля была цёплай і сухой. Яна паглядзела ўгару і раптам засмяялася ціхім шчаслівым смехам:

— Лёшачка, а паказаць, дзе ты?

— Як гэта, дзе я? — не зразумеў Аляксей.

Надзя паклала галаву яму на плячо і паказала рукой угару на абсыпанае зоркамі неба:

— Глядзі. Я не ведаю, як называецца зорка — гэта тая, якая побач вунь з той, яркай, крыху лявей, бачыш?

На небе зорак было шмат, і Аляксей чыстасардэчна прызнаўся:

— Не, Надзейка, не бачу, там гэтулькі зорак.