Выбрать главу

Пасля інструктажу старшы лейтэнант спытаў:

— Ну, а зараз скажыце, чаго ржалі, як жарабцы, перад маім прыходам, нават немцы і тыя, напэўна, вырашылі, што да нас артысты прыехалі?

Камандзіры ўзводаў заўсміхаліся і моўчкі паглядалі адзін на аднаго. Нарэшце малодшы лейтэнант Кураўлёў сказаў, ківаючы на лейтэнанта з перавязаным пальцам на левай руцэ:

— Ды вось Хмялько ўспомніў эпізод са сваёй біяграфіі і нас заадно пасмяшыў.

— Ды кінь ты трапацца! — махнуў здаровай рукой Хмялько і патлумачыў Мачалаву: — Гэта я ім расказаў самы кароткі анекдот.

— Калі ён сапраўды кароткі, то паўтары, — папрасіў старшы лейтэнант.

— Гэта можна. Слухайце: прыйшоў да кума ў госці, а ён, падлюка, дома.

Мачалаў засмяяўся разам з усімі. Пётр Пятровіч, падыгрываючы вясёламу

настрою камандзіраў, сказаў, звяртаючыся да Хмялько:

— Глядзі, Іван, прыйдзеш мяняць узвод, а ён не ў прыклад твайму куму ўжо з пазіцый у тыл адышоў, так што спяшайся.

Усе, гучна перагаворваючыся паміж сабой, пачалі выходзіць з бліндажа.

Чырвонаармейцам роты ў гэту ноч спаць не атрымалася. Уладкоўваліся на новым месцы, наводзілі парадак у бліндажах. Па загадзе Мачалава нацягалі жэрдак і паскладалі іх на дно акопаў, каб выратавацца ад вады.

Раніца заспела Мачалава ў акопах. Роўна ў дзевяць трыццаць ён выслухаў даклады камандзіраў узводаў і накіраваўся да камбата. Было роўна адзінаццаць гадзін, калі ён адсунуў рукой плашч-палатку, якая вісела ля ўвахода ў бліндаж камбата:

— Дазвольце, таварыш капітан?

— А, Пётр Пятровіч! — зусім іншым голасам, чым размаўляў учора, прагаварыў Тарасаў і, зрабіўшы некалькі крокаў насустрач, працягнуў руку: — Дабрыдзень! Ну, як уладкаваліся?

— Лічу, што нармальна, — Мачалаў падрабязна далажыў аб участку абароны, які займае рота. Камбат быў вясёлы, уважлівы і добразычлівы. Старшы лейтэнант вырашыў скарыстацца тым, што ў яго добры настрой, і спытаў:

— Таварыш капітан, уся мясцовасць перад мной танканебяспечная, міны ёсць, хоць «пасеў» рэдкі, вось калі б мне хоць адно процітанкавае ружжо!

— Добра, дам, — нечакана лёгка пагадзіўся камбат. Затым распытаў Мачалава, адкуль ён родам, ці даўно ў войску. Даведаўшыся, што сям’я засталася ў акупацыі, спытаў:

— Не звярталіся да камандавання, каб яно праз партызан паспрабавала высветліць што-небудзь пра іх лёс?

— А хіба можна гэта зрабіць?

— Я даведаюся і скажу.

Пётр Пятровіч вяртаўся ў роту ў добрым настроі. Сёння камбат яму адназначна спадабаўся.

Немцы з кулямётаў і стралковай зброі абстрэльвалі пазіцыі роты.

«Добра, што мінамёты рэдка б’юць, — падумаў ён, — навічкоў паступова прывучаць да абстаноўкі. Немцы, напэўна, чулі ўначы валтузню ў нашых ако­пах і зараз на ўсякі выпадак прашчупваюць нас».

Дзе паўзком, дзе кароткімі перабежкамі ён абышоў увесь участак абароны, папярэдзіў камандзіраў узводаў, каб не адказвалі на стральбу немцаў і тыя не разгадалі сістэму абароны.

Брудны, мокры і стомлены, да абеду дабраўся да свайго бліндажа. Якраз падаспелі харчавікі і старшына — пажылы рыжавусы Леркаў — адразу ж пачаў завіхацца ля скрыні з-пад снарадаў, якая служыла сталом.

Толькі ўзяў Мачалаў у руку лыжку, як у бліндаж уварваўся пасыльны ад камандзіра другога ўзвода:

— Таварыш старшы лейтэнант! Танкі!

Мачалаў загадаў старшыне далажыць пра напад немцаў камбату, а сам падскочыў да сцяны, дзе віселі шынель і новенькі аўтамат, які ён яшчэ не паспеў прыстраляць, і ўслед за чырвонаармейцам выскачыў з бліндажа. Пазіцыі другога ўзвода пачыналіся злева, у ста метрах. Мачалаў са шкадаваннем падумаў, што ён яшчэ не паспеў высветліць, дзе знаходзіцца пазіцыя артылерыстаў. І без бінокля ён добра бачыў, як да нашых траншэй набліжаліся тры танкі і тры бронетранспарцёры. У гэты момант у паветры з’явілася некалькі самалётаў. Яны ішлі прама на пазіцыі роты. Мачалаў з усіх сіл кінуўся да акопаў, у галаве білася адна толькі думка: «Толькі б паспець, толькі б паспець да пачатку бамбардзіравання да акопаў дабегчы!»

І раптам наперадзе ўбачыў адразу некалькі чорных снапоў узрываў. «Што, ужо бамбяць? — падумаў ён здзіўлена, яму здавалася, што самалёты яшчэ не даляцелі. Вось і акопы. Ён саскочыў на дно. І адразу ж падняў галаву, спрабуючы палічыць, колькі самалётаў у небе.