І зноў здзівіўся, убачыўшы, што чатыры бамбардзіроўшчыкі яшчэ толькі становяцца ў круг. І тады старшы лейтэнант зразумеў, хто дзяўбе мерзлую зямлю: «Як жа гэта я адразу не здагадаўся! Артылерыя б’е». І ён пачаў аглядацца па баках. Чырвонаармейцы, часта ўзнімаючы галовы, валтузіліся на сваіх месцах, рыхтуючыся да бою. З неба неслася пранізлівае выццё. Старшы лейтэнант падняў галаву і ўбачыў, здавалася, пікіруючы прама на яго бамбардзіроўшчык. Яму ўжо шмат разоў даводзілася бываць пад бамбёжкай, бачыць, як ляцяць з выццём да зямлі варожыя бамбардзіроўшчыкі, але кожны раз ад гэтага відовішча скоўваліся мышцы, расслаблялася воля. Гледзячы на самалёт, які прыбліжаўся да зямлі, чырвонаармейцы апускаліся ўсё ніжэй і ніжэй у акопы. Знізу хтосьці тузануў Мачалава за шынель. Ён здзівіўся, убачыўшы камандзіра ўзвода Хмялько, які, седзячы на кукішках, шчыльна прыціснуўся да мерзлай сцяны акопа:
— Хавайся, старшы лейтэнант! Глядзі, ужо бомбы да зямлі пайшлі!
Мачалаў апусціўся на калені, зноў падняў галаву ўгару, і тут зямля нібы стала бокам, ускалыхнулася, гучна застагнала, і на імгненне адчуў сябе ў стане бязважкасці. Гэта адна з бомбаў звалілася недалёка ад іх. Выбуховая хваля падхапіла Мачалава і шпурнула ўздоўж траншэі. Падаючы, ён моцна стукнуўся грудзьмі аб штосьці цвёрдае. Ледзь прыпадняўся і пачаў праціраць засыпаныя зямлёй вочы. Калі адкрыў іх, то ўбачыў свой аўтамат, які валяўся на дне акопа. Дзесьці далей у акопе пачуўся крык. «Паранены», — здагадаўся Мачалаў, але ўбачыць нічога не змог. Задушлівы, цёмны дым ад узрываў, уперамешку з зямлёй і гарай, зацягнуў траншэю. «А дзе ж Хмялько?» — успомніў пра камандзіра ўзвода старшы лейтэнант і пачаў круціць галавой, спрабуючы зарыентавацца і адшукаць месца, дзе павінен быць камандзір узвода. Нарэшце ён зразумеў, з якога боку прынесла яго выбуховая хваля, падхапіў рукой аўтамат і хістаючыся пайшоў. Ён адразу ж убачыў Хмялько. Той працягваў сядзець у нейкай ненатуральнай позе. У гэта імгненне наперадзе вухнуў выбух. Мачалаў упаў і тут жа адчуў, што на яго звалілася штосьці цяжкае. «Прысыпала», — здагадаўся ён, баючыся адкрыць вочы, каб зноў не зацерушыць іх зямлёй. Паварушыўшыся, вызваліўся ад цяжару і працёр твар. Адкрыўшы вочы, убачыў побач з сабой Хмялько. Лейтэнант ляжаў нерухома, уткнуўшыся тварам у дробныя камякі мерзлай зямлі, перамяшанай са снегам.
— Што, паранены? — спытаў Мачалаў, але голасу свайго не пачуў, усё ўтапілася ў чарговым грукаце выбуху. Ён перавярнуў Хмялько і з жахам глядзеў на яго. Замест твару — суцэльная крывавая, перамяшаная з зямлёй калатуша. «Забіты! Дык гэта ж яго мёртвага шпурнула на мяне выбуховай хваляй».
Старшы лейтэнант паклаў ля сценкі камандзіра ўзвода і прыпадняўся на ногі. Яму хацелася крыкнуць, паклікаць каго-небудзь, але вакол працягвала вухкаць, зямля цяжка ўздрыгвала ад выбухаў.
Ён вызірнуў з акопа і ўбачыў, што танкі, пераадолеўшы траншэі сваёй пяхоты, павольна рухаліся наперад. Мачалаў пабег па траншэі, спатыкаючыся аб забітых і параненых. Ён з жахам думаў: «Няўжо ўсіх пазабівала?» Але вось з-за павароту, яму насустрач, выскачылі два чырвонаармейцы. Яны цягнулі кулямёт. І ў гэты момант наступіла цішыня.
«Цяпер пойдуць у атаку!» — падумаў Мачалаў і, жэстам спыніўшы чырвонаармейцаў, вызірнуў з траншэі. Услед за танкамі беглі цёмныя фігуркі. Камандзір перавёў погляд на чырвонаармейцаў. Пазнаў сяржанта Рубава, другі, верагодна, быў навічок:
— Куды вы?
— На правы фланг, адтуль будзе зручна пяхоту адсякаць.
Мачалаў яшчэ раз зірнуў у бок немцаў і згодна кіўнуў галавой:
— Правільна, дзейнічайце! — А сам пабег далей. Адразу ж за невялікім паваротам убачыў, як у траншэі рыхтуюцца да бою чырвонаармейцы. Гучна спытаў:
— Дзе сяржант Ерамееў?
Па ланцужку пранеслася: «Ерамеева, Ерамеева да камандзіра роты!»
Сяржант з’явіўся хутка. Цыбаты, у куртатым шынялі, ён бег па траншэі нават не прыгінаючыся.
— Ерамееў, Хмялько забіты! Прымай камандаванне ўзводам і накіруй на правы фланг чалавекі чатыры, там усіх забіла. Пастарайся адсекчы пяхоту ад танкаў, падрыхтуй гранаты і бутэлькі. Я — у першы ўзвод.
Ерамееў моўчкі слухаў яго, а сам вачамі адшукваў патрэбных яму людзей, кідаў уважлівыя погляды на атакуючых.
Мачалаў пабег да пазіцый першага ўзвода. Яму здавалася, што гэты ўзвод пацярпеў менш, чым другі, і ён спадзяваўся хоць аднаго аўтаматчыка перакінуць у другі ўзвод. Але варта было яму наблізіцца да пазіцыі ўзвода, як зразумеў, што тут нямецкая артылерыя і самалёты нарабілі нямала бяды. Траншэя ў многіх месцах была разбурана прамымі пападаннямі бомбаў і снарадаў. Аднаго позірку было дастаткова, каб вызначыць, што забіта не меней як дзясятак чалавек. Камандзір узвода Кураўлёў знаходзіўся недалёка і, убачыўшы Мачалава, падбег да яго: