Выбрать главу

Не бачыў Мачалаў, як з левага фланга дружна ўдарылі па немцах абодва кулямёты першага ўзвода. Гэта Кураўлёў, ацаніўшы сітуацыю, перакінуў кулямётчыкаў на левы фланг, і цяпер кінжальным агнём яны касілі пяхоту. Не бачыў камандзір роты, што ў немцаў гарэла пяць танкаў, што два бронетранспарцёры мёртва застылі, падарваўшыся на мінах. А яшчэ праз некалькі хвілін гітлераўцы ў паніцы кінуліся ўцякаць. Мачалаў ляжаў на боку, а з галавы тоненькім струменьчыкам цякла кроў.

Пётр Пятровіч Мачалаў

Пётр Мачалаў прачнуўся ад таго, што бразнула шыба і ў палаце павеяла чыстым, свежым паветрам. Хтосьці з параненых, відавочна, той, хто расчыніў акно, ціха, з захапленнем сказаў:

— Прыгажосць якая! А паветра! Сам ясі, але і сябрам трэба.

У палаце заварочаліся і пачуліся галасы:

— Значыць, цябе ўжо выпісваць пара.

— Калі пра прыроду загаварыў, факт, што здаровы.

— На нагу ён прыпадае для таго, каб лекары думалі, што да палка не дойдзе...

Мачалаў не спяшаўся расплюшчваць вочы і стараўся па галасах вызначыць, хто гаворыць. Той, які пакашлівае і кажа адрывіста — капітан Старасцін, артылерыст. Вясёлы, задзірлівы голас з націскам на «о» належыць ужо немаладому лейтэнанту-сапёру Дубянцову. Успомніў расказ Дубянцова пра тое, як яго ў канцы сакавіка параніла. Дубянцоў са сваімі салдатамі наводзіў мост праз невялікую рачулку, а тут у небе нямецкія самалёты нечакана з’явіліся і давай бамбіць пераправу. Дубянцоў пачуў ззаду выбух, і апошнім яму запомнілася тое, што ён пачаў тапіцца. Тут, у палявым шпіталі, ён пазней жартаваў: «Плаваць па Волзе з пялёнак умею, а зараз, пасля гэтага, здаецца, развучыўся». Яго, параненага і кантужанага, выратавалі двое байцоў-сапёраў, якія ў суцэльным грукаце ўзрываў убачылі, як пайшоў на дно іх камандзір, і кінуліся на дапамогу.

Пятру ўспомніўся сон. Тут, у далечыні ад перадавой, ён амаль кожную ноч бачыў у сне сваю сям’ю. «Што з імі? Ці жывыя?» Перад вачамі стаялі такія родныя, мілыя твары: усмешлівая Таня, па-дзелавому сур’ёзны, але гатовы пусціцца на любое свавольства Ванюшка і далікатная, рахманая, уважлівая Юля. Яна вельмі любіла сядзець у яго на каленах, прыціснуць да грудзей галоўку ці шаптаць штосьці тату на вуха. Юлі вельмі падабалася, калі бацька таксама адказваў шэптам. У такія хвіліны Таня, як правіла, смеючыся, казала Ванюшку: «Глядзі, сынулька, якія змоўшчыкі ў нас з’явіліся. Бачыш, шэпчуцца, няйначай як змову супраць нас з табой рыхтуюць». Шчаслівы мірны час. Якім дарагім і далёкім здаецца ён цяпер.

Мачалаў не звярнуў увагі, што ў палаце нечакана спыніўся шум, змоўклі вясёлыя галасы. Ён здрыгануўся і адкрыў вочы, калі пачуў спакойны, мяккі голас урача Васілеўскай:

— Што, таварышы, расшумеліся? Паводзьце сябе спакайней, побач з вамі палата з цяжкімі.

Яна перавяла пагляд на Мачалава і, ледзь усміхнуўшыся, падышла да яго ложка.

— Ну як пачуваецеся?

— Дзякуй, Вольга Ільінічна, хутка буду прасіць выпісаць.

— Усе вы спяшаецеся, але выпішам толькі тады, калі будзеце здаровымі.

Ад яе ўважлівага пагляду Мачалаву стала ніякавата. Ён са злосцю вылаяў

сябе: «Лянота пагаліцца. На чалавека непрыемна глядзець з такой рожай». А ўрачыха павярнулася ўжо да іншага параненага, які ляжаў на суседнім ложку. Ён прыбыў у шпіталь раней Мачалава, але раны яго доўга не гаіліся. Васілеўская спытала:

— А як вы сябе адчуваеце, таварыш Мухін?

Мачалаву стала некалькі крыўдна, што так хутка адышла ад яго Вольга Ільінічна. За паўтара месяца, якія ён правёў тут, паміж імі ўстанавіліся нейкія асаблівыя адносіны. Здарылася гэта пасля таго, як яму ўпершыню дазволілі выйсці ў двор. Жмурачыся ад яркага сонца, пахістваючыся ад слабасці і чыстага вясновага паветра, Мачалаў прайшоў у самы далёкі канец двара. І раптам тут, за хлявом, дзе была сталярная майстэрня, убачыў Васілеўскую. Яна сядзела на дошках і плакала, выціраючы марлевай сурвэткай вочы.

Мачалаў павярнуўся і паціху пайшоў назад за вугал сталяркі. Але калі адышоў трохі, падумаў: «А раптам у яе гора? Загінуў муж? Не, пайду, можа, неяк супакою». Ён павярнуў назад. Доктар не бачыла яго, працягвала плакаць. Мачалаў сеў побач і толькі тады, калі яна спалохана зірнула на яго, сказаў:

— Прабачце, Вольга Ільінічна, я выпадкова зайшоў сюды. Убачыў вашы слёзы і не мог пайсці.

Вольга Ільінічна хутка паднялася:

— Прабачце мяне, Мачалаў, гэта звычайныя бабскія слёзы, — яна нявесела ўсміхнулася. — Успомнілася былое, даваеннае. Госпадзі, нават не верыцца, што ўсяго год прайшоў, а так шмат страчана, разбурана.

Яе вочы зноў сталі вільготныя. Але нітачка даверу была ўжо працягнута, ёй самой, верагодна, захацелася пагаварыць з гэтым невясёлым, заўсёды задуменным чалавекам.