— Сёння дзень нараджэння маёй дачкі, Юлечкі.
— Ну вось бачыце, у вас вочы мокрыя, а дзень такі радасны, дачка на год пасталела. Дарэчы, колькі ёй сёння споўнілася?
— Адзінаццаць.
— Выдатна. У мяне таксама дачка Юля, і ёй таксама адзінаццаць, праўда, толькі ў ліпені споўніцца.
Вольга Ільінічна зноў зірнула на Мачалава. І позірк гэты ўразіў яго: такі пакутлівы боль быў у яе вачах.
— Ёй было б адзінаццаць.
Узрушаны Пётр маўчаў.
— Дзясятага ліпеня мінулага года ў мяне не стала дзяцей — Юлечкі і Сярожачкі... З імі загінула і мая мама. Так здарылася, што мяне тэрмінова з дому ў шпіталь выклікалі. У гэты момант нямецкія самалёты наляцелі, пачалася бамбёжка. Як звычайна падчас налётаў яны хаваліся ў склепе, а я пабегла ў шпіталь. А калі пасля аперацыі прыбегла дахаты, на месцы дома — велізарная варонка. Лепш бы я засталася з імі ў склепе.
Мачалаў не ведаў, што можна сказаць гэтай жанчыне, як суцешыць яе, ды хіба можна суцешыць у такім горы. Яны доўга размаўлялі. Вольга Ільінічна спытала пра яго сям’ю. І Пётр не ўтойваючыся расказаў ёй аб усім, пра сваю пастаянную трывогу.
Тады ж Мачалаў даведаўся, што муж Вольгі Ільінічны, камандзір артылерыйскай батарэі, ваюе пад Ленінградам.
І цяпер, лежачы на шпітальнай койцы, ён так задумаўся, што здрыгануўся, адчуўшы, што нехта дакрануўся да яго рукі. Перад ім стаяла Вольга Ільінічна.
— Вам нядобра? — вочы яе глядзелі ўстрывожана.
— Не-не. Я проста задумаўся, — адказаў Пётр, а на душы стала прыемна ад таго, што за доўгія месяцы хтосьці турбуецца пра яго.
Вольга Ільінічна, кіўнуўшы галавой, накіравалася да выхаду. Ля самых дзвярэй яна ледзь не сутыкнулася з маладым лейтэнантам. Строга спытала:
— А хто вам дазволіў у палату вось так урывацца?
— Доктар, міленькая, — пачаў ён апраўдвацца, але Вольга Ільінічна перабіла яго:
— Не міленькая, а ваендоктар, капітан медыцынскай службы Васілеўская.
— Вельмі прыемна, — недарэчы ляпнуў лейтэнант, і гэта вырашыла справу на яго карысць. У палаце грукнуў рогат, усміхнулася і ўрач. Спытала:
— Адкуль вы і да каго?
— Прама з перадавой, на адну хвіліначку, да капітана Мухіна, мне сказалі, што ён у гэтай палаце ляжыць.
А Мухін ужо сеў на ложку і гучна крыкнуў:
— Купрэйчык! Аляксей! Якім ветрам?
Васілеўская падазрона паглядзела на скруткі ў руках лейтэнанта і крыху пацяплелым голасам сказала:
— Добра, таварыш лейтэнант, пабудзьце некалькі хвілін, але толькі не затрымлівайцеся. Цяпер начальнік шпіталя пачне абход, а ў гэтай палаце староннім знаходзіцца нельга.
— Дзякуй, доктар, выбачайце, таварыш капітан, я, далібог, на адну хвіліначку, — і ён хуткім крокам накіраваўся да койкі Мухіна.
А ў Мачалава прапаў голас. Ён таксама хацеў крыкнуць Аляксею, але спазмы так сціснулі горла, што толькі ледзь чутна прамыкаў.
Аляксей падышоў да Мухіна, яны абняліся і наперабой сталі распытваць адзін аднаго. А Мачалаў, справіўшыся нарэшце з хваляваннем, вырашыў пакуль не аклікаць стрыечнага брата. «Хай нагамоніцца, а затым я яму паднясу сюрпрыз!»
Ён успомніў, як аднойчы, з паўмесяца таму, Мухін расказваў пра камандзіра ўзвода разведкі, які на чыгуначным паўстанку выпадкова сустрэў сваю жонку. Але прозвішча камандзіра ўзвода капітан тады не назваў. «Дык вось пра каго ён расказваў, — хвалюючыся, думаў Мачалаў. — Значыць, Аляксей сустрэў Надзю».
Раптам Пётр успомніў, што Вольга Ільінічна строга папярэджвала Купрэйчыка, каб ён доўга не заседжваўся, і спалохаўся, што Аляксея вось-вось могуць выправадзіць з палаты. Ён прыслухаўся да гутаркі Мухіна і Купрэйчыка і, зразумеўшы, што пра галоўнае яны перамовіліся ўжо, ямчэй уладкаваўся на ложку і спакойна сказаў:
— Аляксей Васільевіч, можа, і са мной трохі пагаворыш?
Аляксей на паўслове абарваў гаворку і азірнуўся. На яго весела глядзеў зарослы барадой мужчына з павязкай на галаве. І раптам лейтэнант ускочыў:
— Пётр? Пеця-я-я!
Ён, хапаючыся за спінку ложка, аббег вакол яго і кінуўся да Мачалава:
— Браток, брат!
Яны абняліся і пацалаваліся. Ніхто не бачыў, як у гэты момант у палату зазірнула капітан Васілеўская. Убачыўшы гэту сустрэчу, яна не сказала ні словы і паціху зачыніла за сабой дзверы.
А Пётр і Аляксей, не хаваючы слёз радасці, трымаліся за рукі і моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Гэта сустрэча нікога не пакінула абыякавым. Нават цяжкапаранены пажылы капітан, павярнуўшы галаву, з усмешкай глядзеў на іх.