Выбрать главу

Мачалаву хацелася шмат пра што пагаварыць з Аляксеем, і ён прапанаваў:

— Алёша, я цяпер устану, і мы пойдзем у двор, — і ён папрасіў параненых: — Браткі, калі абход будзе, то прыкрыйце мяне.

Мухін, які падчас гэтай сцэны маўчаў, першым адказаў:

— Ідзіце, ідзіце. Мы знойдзем, што сказаць. Толькі адкажыце мне: вы што, браты?

Мачалаў усміхнуўся:

— Стрыечныя. Мяне ж вайна заспела ў доме яго бацькоў у вёсцы пад Гродна ў дзень яго вяселля, якое мы так і не паспелі згуляць.

Мухін засмяяўся:

— Ну, Купрэйчык, я ўжо аднойчы сказаў: удачлівы ты чалавек на нечаканыя сустрэчы. То з жонкай нос у нос сутыкнешся, то вось цяпер — з братам.

Праз некалькі хвілін Пётр і Аляксей былі на вуліцы. Расказвалі адзін аднаму пра свае пакуты пасля таго, як рассталіся, дзівячыся, наколькі аднолькава склаўся ў іх у першыя месяцы вайны лёс. Пётр сказаў:

— Калі Мухін у палаце расказваў пра тое, як ты сустрэўся з Надзяй, то ён не назваў прозвішчы, а то б я ўжо даўно ведаў, што ты жывы і ваюеш са мной дзесьці побач. Ты Надзю больш не бачыў?

— Не, — Аляксей сумна апусціў вочы, — ніяк не магу дараваць сабе, што ў мітусні не запісаў яе адрас. Ты ведаеш, зараз не магу мінуць ніводнага мед­санбата ці шпіталя. Усё здаецца, што менавіта там яна і служыць.

— Пісаў куды-небудзь?

— Пісаў, але сам разумееш, што вакол дзеецца, цяжка яе знайсці... Ну, а ты як? Вестак з дому, вядома, ніякіх?

— Ніякіх... Змарнаваўся ўвесь ад няпэўнасці... Сам ведаеш з газет, як фашысты здзекуюцца з нашых людзей. Мне часам так страшна становіцца за іх, што ты нават сабе ўявіць не можаш! Таня ў мяне такая бездапаможная, і дзеці яшчэ маленькія. Здаецца, паўжыцця аддаў бы толькі за адну-адзіную вестачку ад іх...

Да іх падбегла медсястра. Стрэльнула вясёлымі карымі вачамі на падцягнутага лейтэнанта і строга сказала:

— Хворы Мачалаў, ідзіце неадкладна ў палату, пачаўся абход, вас сёння будзе глядзець прафесар.

Пётр павярнуўся да брата:

— У цябе ёсць лісток паперы і аловак?

— Ведаеш, пасля сустрэчы з Надзяй заўсёды нашу з сабой, — усміхнуўся Аляксей і палез у кішэнь.

Мачалаў папрасіў:

— Запішы мне свой адрас, а для сябе — мой. І давай дамовімся: калі хтосьці што-небудзь даведаецца пра нашы сем’і — неадкладна паведамляе.

Медсястра прыспешвала, і яны пайшлі да невялікага двухпавярховага будынка, у якім размяшчаўся шпіталь.

Міхаіл Іванавіч Славін

У душы Міхаіл Іванавіч быў гатовы да любых нечаканасцяў, нават да самага горшага. Ён разумеў, што ў немцаў ёсць спецыялісты, здольныя вызначыць, якім шрыфтам друкуюцца падпольныя газеты і лістоўкі, дый гестапа метадычна, аднаго за адным правярала ўсіх працуючых у друкарні.

Славін так задумаўся, што нават не заўважыў, як да яго падышоў адзін з рабочых і сказаў:

— Славін, цябе начальнік цэха да сябе кліча!

Міхаіл Іванавіч моўчкі кіўнуў галавой, выцер анучай рукі і пайшоў на выхад. Трывожна ёкнула ў грудзях: «Чаго яму трэба?» Пхнуў абабітыя скурай дзверы і апынуўся ў невялікім, добра знаёмым кабінеце. Акрамя начальніка цэха, у кабінеце сядзелі трое незнаёмых мужчын. Адзін з іх спытаў:

— Міхаіл Іванавіч Славін?

«Немец», — здагадаўся Міхаіл Іванавіч і адчуў, як імгненна пакрыўся лоб халодным потам.

— Так, я.

— Вам трэба праехаць з намі для гутаркі.

— А вы хто?

— Прадстаўнікі нямецкіх улад. — Ён моўчкі падняўся са свайго месца. Услед за ім ускочылі двое іншых.

Славін зірнуў запытальным поглядам на начальніка цэха. Але той моўчкі глядзеў міма. Міхаіл Іванавіч разгублена спытаў:

— А як жа работа, у мяне ж тэрміновае заданне?

— Не хвалюйцеся, усе мы працуем на вялікі рэйх, — ухмыляючыся, адказаў мужчына і хутчэй загадаў, чым прапанаваў: — Пайшлі!

Ён першым, не развітваючыся з начальнікам цэха, выйшаў з кабінета, за ім — Славін. Два іншых пайшлі крыху ззаду па баках.

«Гестапа, няма сумненняў, гестапа, — усхвалявана думаў Міхаіл Іванавіч, — хоць бы сваім паведаміць. Але як?»

На вуліцы ля ўвахода стаяла легкавушка. Старэйшы сеў побач з вадзіцелем, а Міхаіл Іванавіч апынуўся на заднім сядзенні паміж двума іншымі. Машына адразу ж кранулася і паехала па былой Савецкай вуліцы, праехала міма Камароўскай развілкі і накіравалася далей, да цэнтра горада.

Міхаіл Іванавіч сумна глядзеў на рэдкіх прахожых на пабітай, залітай сонцам вуліцы, але, улавіўшы на сабе пагляд ахоўніка, які сядзеў справа, перавёў вочы.

У думках ён ужо рыхтаваў сябе да допыту. Вырашыў, што, канечне, будзе ўсё адмаўляць, але падчас допыту трэба паспрабаваць высветліць, што вядома немцам.