Уваходныя дзверы былі замкнёны на ўнутраны замак, ключы ад якога фашысты, вядома, адабралі ў маці. У цемры, ды яшчэ пасля такога пагрому, шукаць свае і Жэніны рэчы не мела сэнсу, і Валодзя вырашыў дачакацца світанку. Ён узяў крэсла і засунуў адну ножку паміж уваходнымі дзвярамі і ручкай. «Калі і ўздумаюць увайсці ў кватэру, то пакуль сцямяць, чаму дзверы не адкрываюцца, сігану з акна ў гарод і дам драпака», — думаў ён, умацоўваючы як мага надзейней крэсла. Затым асцярожна ўвалок лесвіцу ў пакой, зачыніў акно, каб немцы не заўважылі, калі ўначы захочуць агледзець хату з боку агарода.
Калі замігцеў світанак і ў кватэры можна было сёе-тое разгледзець, Уладзімір знайшоў у каморы стары бацькаў рукзак, кінуў у яго сваю і сястрыну адзежу, адчыніў акно, выставіў лесвіцу, хутка спусціўся на зямлю. Зацягнуў лесвіцу за хлеў. Валодзя ўявіў сабе, як будуць здзіўлены немцы, калі стануць адкрываць кватэру. «Доўга ж ім прыйдзецца ламаць галовы, каб вырашыць загадку: як маглі аказацца замкнёнымі дзверы знутры, якія яны вартавалі днём і ўначы», — Валодзя ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца.
Вярнуўшыся ў суседскі сад, хлопец вычакаў час, калі можна будзе хадзіць па горадзе, і адважна пакрочыў па вуліцы: бо ў яго ў кішэні — аўсвайс.
А ўвечары, нібы цені, брат і сястра праслізнулі міма варожых засад. І зноў, ужо каторы раз, Жэня здзівілася:
— Адкуль ты ведаеш, дзе немцы ў засадах сядзяць?
— Мне ўжо даводзілася тут хадзіць, — важна адказваў брат, а сам думаў: «Куды ісці далей? Нас жа ніхто не чакае».
Да раніцы дабраліся да вёскі Пціч, але не спыніліся, пайшлі далей. Да вечара набрылі на хутар. Папрасіліся ў гаспадароў, адзінокіх старых, пераначаваць, спыталі ў іх, дзе можна знайсці партызан. Гаспадары нічога на гэта не адказалі, яны накармілі брата з сястрой і паслалі спаць на сенавале. Старыя ведалі, што цяпер мнгогія людзі шукаюць у лесе партызан. Сярод іх могуць быць і правакатары. Таму крыўдзіцца на старых за недавер было нельга.
Раніцай на хутар зазірнулі партызаны. Іх было чацвёра. Доўга распытвалі яны брата і сястру, імкнучыся зразумець, што за людзі перад імі. Ім асабліва падазроным падалося тое, што хлопец быў абуты ў нямецкія чаравікі. Доўга Валодзя пераконваў партызан, што гэты абутак маці выменяла за бацькаўскі гарнітур.
Партызаны напаўголаса пагаварылі яшчэ аб нечым і нарэшце вырашылі даставіць Славіных у атрад. Прывялі, а спадзяванні Уладзіміра на тое, што тут знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае бацьку ці чуў пра яго, не апраўдаліся. З імі доўга гутарылі камандзір атрада, камісар і начальнік штаба, па некалькі разоў перапытвалі пра раней расказаныя падзеі. Адчувалася, што правяраюць. Валодзя разумеў, што інакш і быць не павінна. Калі ў атрад патрапілі невядомыя, значыць, трэба старанна разабрацца, ці не падаслаў іх вораг.
Прайшло некалькі дзён. Славін ішоў праз невялікую паляну да зямлянкі, у якой пасялілася Жэня. Раптам ён убачыў, як чацвёра партызан складваюць ля штабной зямлянкі зброю. Уладзімір здагадаўся, што яны толькі што вярнуліся з задання, а зброя — іх трафеі. «Шчасліўчыкі, — з зайздрасцю падумаў хлопец. — Колькі зброі прынеслі! Відаць, нямала фрыцаў укакошылі!» Славін падышоў бліжэй і раптам — замер: ён пазнаў аднаго з тых семярых, якіх летась вывеў міма нямецкіх пастоў з горада. Але было яму такое заданне ад падпольшчыкаў, і ён яго выканаў тады. Уладзімір так разгубіўся, што нават забыўся яго імя. А той паклаў у агульную кучу нямецкі аўтамат, выпрастаўся, абыякава зірнуў на хлопца, павярнуўся да сваіх таварышаў. Толькі зараз Валодзя ўспомніў:
— Сяргей Міронавіч!
Мужчына азірнуўся.
— Сяргей Міронавіч! Пазнаяце мяне? Я — Валодзя. Памятаеце, вашу групу з горада выводзіў? Вы яшчэ пыталі, ці не хачу разам з вамі ў лес, да партызан.
Твар мужчыны пасвятлеў. Ён падышоў, моцна абняў Славіна.
— Вось дык сустрэча! Як ты тут апынуўся? Сказаць шчыра, нават не думаў, што ўбачу цябе ў лесе! — Ён адпусціў са сваіх абдымак хлопца. — Даўно ты тут?
Славін сцісла паведаміў пра свае прыгоды.
— І куды цябе?
— Ды пакуль яшчэ нікуды. Усё правяраюць нас з сястрой.
— А што, сястра таксама тут?
— Так, у гэтай зямлянцы.
— А ну, пачакай. Я хутка! — Сяргей Міронавіч імкліва накіраваўся да штабной зямлянкі.
Хвілін праз пяць ён вярнуўся.