Выбрать главу

Губчык ціха спытаў:

— Таварыш лейтэнант, а мы тут не напорамся на міны?

— Не павінны, Пётр. Памяркуй сам: які сэнс ім мініраваць свае тылы. Раптам мы іх зноў папром на захад, а каму хочацца ўцякаць па ўласных мінах? Але ты прывыкай хадзіць у патыліцу — гэта першае правіла разведчыкаў.

Губчык моўчкі перастроіўся і пайшоў следам за лейтэнантам. Рухаліся асцярожна і да лесу дабраліся гадзіны праз паўтары. Была палова трэцяй. Забраліся ў густы хмызняк і спыніліся на начлег. Купрэйчык выставіў ахову, астатнім загадаў спаць, а сам заснуць не мог. Яго моцна турбавала тое, што яны не ведаюць становішча ў лесе. А раптам дзе-небудзь побач размясцілася варожая часць, і як толькі наступіць раніца, узвод будзе выяўлены і знішчаны.

Ён ляжаў і прыслухоўваўся. Дрэвы ледзь чутна шумелі над галавой. Аляк­сей успомніў Мачалава. «Напэўна, ужо даўно выпісаўся са шпіталя. Цікава, дзе ён цяпер ваюе? Трэба будзе абавязкова знайсці яго. — Але Аляксей тут жа папракнуў сябе: — Ды ты, лейтэнант, знойдзеш! Уласную жонку і тое адшукаць не можаш!» Вось так заўсёды ў вольную хвіліну думкі Купрэйчыка вярталіся да Надзі: «Што з ёй? Ці жывая?»

Ён часта лавіў сябе на тым, што ў душы непрыемна варушылася і іншае: Надзя, маладая і прыгожая, увесь час знаходзіцца сярод мужчын... Ад гэтай думкі Аляксею зусім перахацелася спаць, і ён сеў. Зірнуў на цыферблат трафейнага гадзінніка. Хутка світанак. Баючыся патрывожыць чуйны сон таварышаў, Аляксей зноў лёг, заплюшчыў вочы. І зноў убачыў Надзю. Да драбнюткіх падрабязнасцяў успомнілася раніца, калі яны сустрэліся першы раз.

.Гэта было ў саракавым годзе. Аляксей разам з сябрам паехаў у суботу ўвечар на рыбалку. Начавалі на беразе, а на досвітку селі ў лодку, выплылі на сярэдзіну ракі і закінулі вуды. Месца было выдатнае. Ціхая, спакойная роўнядзь ракі, густы хмызняк на беразе. Крыху далей, за лужком, зялёнай сцяной стаяў лес.

I дзіўная цішыня вакол! Неўзабаве ад берага прама да лодкі, па вадзе, працягнулася сонечная дарожка. Аляксей вырашыў выкупацца.

Яны падвеславалі да берага, ён саскочыў на мяккую траву і, не спяшаючыся, здымаючы на хаду кашулю, пайшоў уніз па плыні. Саша, сябар Аляксея, заўзяты рыбак, не дазволіў яму купацца каля лодкі, баяўся, што Аляксей рыбу разгоніць.

Купрэйчык адышоў досыць далёка, праз хмызняк ступіў да берага. Выйшаў на вузкую, усяго ў некалькі метраў, прыбярэжную паласу — і сцішыўся. Спінай да яго, асцярожна чапаючы нагой ваду, стаяла дзяўчына ў блакітным купальніку.

У Аляксея мільганула гарэзная думка. Ён на цыпачках падкраўся да просценькага халаціка, які ляжаў на траве. Падняў яго, а пад ім — басаножкі. Узяў усё гэта і бясшумна схаваўся ў густой чаромсе. Уладкаваўся ямчэй і пачаў назіраць. Дзяўчына, перш чым увайсці ў ваду, абярнулася. Аляксею яна здалася вельмі прыгожай. Дзяўчына не заўважыла, што халаціка няма на месцы, радасна ўсміхнулася сонцу і хутка ўвайшла ў ваду. А хлопец, зачараваны гэтым відовішчам, сядзеў не зварухнуўшыся.

Аляксею здалося, што дзяўчына ўсміхнулася не сонцу, а яму. Ён сціскаў у руках халат, басаножкі і чакаў. А дзяўчына слізгала лёгка і бясшумна па вадзе, і нібы не вада, а празрыстая смуга ахутвала і падтрымлівала яе вытанчанае цела. Плавала яна добра, але ў вадзе была нядоўга і неўзабаве выйшла на травяністы бераг, дзе пакінула свае рэчы, а там — пуста. Аляксей добра бачыў яе разгублены, здзіўлены і злосны погляд, але вырашыў не спяшацца. А твар дзяўчыны станавіўся ўсё больш злосным, яна, слізгаючы вачамі па кустах, гучна спытала:

— Ну, каму гэта рабіць няма чаго?

Купрэйчык усміхнуўся: «Ведала б ты, што цябе абкраў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку!» Дзяўчына яшчэ раз паўтарыла сваё пытанне і, не дачакаўшыся адказу, прыгнечана кінула:

— Ідыёт!

А Купрэйчык толькі хмыкнуў.

Незнаёмка павярнулася і пайшла ўздоўж берага ў процілеглы ад лодкі бок. Купрэйчык пачаў асцярожна рухацца следам. Але дзяўчына ўсё ж пачула яго крокі і спакойна, не паварочваючы галавы, сказала:

— I доўга вы будзеце гуляць у хованкі? Я ж усё адно чую, як па кустах хаваецеся.