Купрэйчык злёгку пацягнуў дзверы: «Зачынена! Што ж рабіць?» Ён яшчэ раз злёгку пакратаў іх. Дзверы свабодна адыходзілі ад каробкі і ўтваралі шчыліну, значыць, яны зачынены на дрэнна падагнаны кручок. Аляксей выняў з чахла нож, уставіў яго ў шчыліну. Вось лязо нажа натыкнулася на перашкоду. Купрэйчык пачаў павольна падымаць угару нож. За спінай адчуваў напружанае дыханне разведчыкаў.
Нарэшце пачуўся лёгкі рывок — гэта крук выйшаў з клямкі, — і дзверы адчынены! Зрабіўшы некалькі асцярожных крокаў, разведчыкі апынуліся ў цёмных сенцах. Купрэйчык памятаў, што ў хату зусім нядаўна ўвайшоў немец, і ён, вядома, заснуць яшчэ не паспеў, але і чакаць, пакуль ён засне, небяспечна. Хто ведае, можа, тым часам да хаты набліжаюцца яшчэ немцы ці тыя, хто ў хаце, пачнуць збірацца на якія-небудзь начныя работы, і тады без страляніны не абысціся. А шуму дапусціць нельга.
«Так што не дрэйфі, лейтэнант, — падбадзёрыў сябе Аляксей і загадаў: — Наперад!» Ён намацаў клямку дзвярэй, што вялі ў пакой, і пацягнуў яе на сябе. Дзверы з рыпам адкрыліся, і лейтэнант не марудзячы перайшоў праз высокі парог. Як ён і меркаваў, яны адразу патрапілі ў прыхожую, якая адначасова служыла і кухняй. Злева, у куце, бялела печ, на ёй, як чорная зяпа, вылучалася топка. Разведчыкі прайшлі далей і апынуліся ў вялікім пакоі. Ярка ўспыхнулі прамяні кішэнных ліхтарыкаў. У пакоі чатыры ложкі. На іх спалі людзі. Раптам адзін з іх, які ляжаў справа ад Купрэйчыка, заварушыўся і сеў. Ён устрывожана спытаў:
— Вас іст дас?
Аляксей кінуўся да яго і паспеў нават заўважыць белы колер яго сподняй кашулі. Удар нажа прыйшоўся прама ў сэрца, таму немец бязгучна адкінуўся на падушку. I тут жа ў правым куце гучна закрычаў яшчэ адзін немец. Ён так пхнуў разведчыка, які падбег да яго, што той зваліўся і збіў з ног байца, які кінуўся на дапамогу свайму таварышу. Купрэйчык асвятліў правы кут пакоя ліхтарыкам і ўбачыў, што немец ужо дастаў з-пад падушкі пісталет і ліхаманкава схапіўся за затвор. I хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б не
Шчука, які маланкава скокнуў на немца і выбіў з яго рук пісталет. Астатнія два немцы супраціўлення не аказалі. Лейтэнант, блытаючы рускія і нямецкія словы, загадаў ім апранацца.
I перад разведчыкамі паўсталі два немаладыя афіцэры. Аднаму было ўжо за пяцьдзясят, а гаўптману — гадоў сарок пяць. Яны стаялі з паднятымі ўгору рукамі і ад страху дрыжалі.
Купрэйчык загадаў сваім:
— Забярыце дакументы і зброю забітых, збярыце на стале схемы і карты, праверце, ці няма яшчэ дзе-небудзь у пакоі дакументаў.
Трое разведчыкаў кінуліся выконваць загад, а двое пачалі звязваць рукі палонным.
Праз некалькі хвілін разведчыкі выйшлі з хаты і накіраваліся на вуліцу, дзе іх чакалі Зайцаў і Губчык. Сцяпаныч наблізіўся да Купрэйчыка:
— Ну як, камандзір, парадак?
— Парадак, Серафім. Як там нашы?
— Нармальна, яны пайшлі ўжо да месца сустрэчы.
— Ну тады і мы рушым.
Купрэйчык быў усхваляваны, прыспешваў байцоў, праверыў кляпы ў палонных.
Нарэшце вёска засталася ззаду, і неўзабаве яны сустрэліся з разведчыкамі ў лесе.
Лугавец прыгнечана далажыў:
— Разумееш, вартавога прыбралі без шуму, а вось у хаце затрымка атрымалася. Там толькі адзін афіцэр аказаўся, а слых у яго — сабачы. У хату ўвайшлі без шуму, толькі ўключыў я ліхтарык, а на ложку ў адной бялізне фрыц сядзіць і ў нас цаляе. Добра, што Юра Маліна загадзя пісталет у плашчпалатку загарнуў і калі стрэліў у немца, то гук не моцны атрымаўся, а афіцэр — напавал.
— Дакументы забралі?
— Вядома.
— Ну і чорт з ім, з афіцэрам, не перажывай. Мы ж двух узялі, а калі б яшчэ і ваш, то куды б мы іх дзелі?
Купрэйчык разумеў, якая складаная задача стаяла перад яго ўзводам. Трэба было праз фронт правесці адразу трох палонных і ён змяніў раней прынятае рашэнне. З сабой пакінуў толькі Губчыка і Зайцава, астатнім на чале з Лугаўцом загадаў даставіць палонных і здабытыя дакументы да месца знаходжання групы Чарнецкага.
Цяжкі быў гэты дзень, не раз даводзілася падоўгу ляжаць у гразі, чакаючы, калі міма пройдуць нямецкія салдаты, асцярожна прабірацца каля вайсковых часцей, але, калі наступіла ноч, у цемры ўжо была відаць лінія фронту. У разведчыкаў з’явілася нібы другое дыханне, і іх думкі былі ўжо там, на нічыйнай паласе.
Каб не напароцца на немцаў па шляху да лініі абароны, Купрэйчык вёў разведчыкаў па ворыве. Губчык усё дзівіўся, як лейтэнант бачыць у цемры.
Раптам камандзір спыніўся і махнуў рукой у бок. Пасля гэтага ён першым павярнуў налева, і праз пяць крокаў яны ўсе трое апынуліся ў вялікай варонцы ад магутнай бомбы. На дне яе было нямала вады.