Выбрать главу

— Пачакаем тут, — ціха сказаў лейтэнант, уладкоўваючыся на краю варонкі так, каб ногі не дакраналіся вады, — да іх другой лініі акопаў не больш за сто метраў. Пачакаем трохі, хай супакояцца, а то завялі, як я бачу, з Арэшкам сварку, таго і глядзі, што і нас зачэпяць.

Усе трое маўчалі. Толькі было чуваць, як важдаўся Губчык, спрабуючы ямчэй уладкавацца, і Зайцаў чамусьці гучна соп носам. Купрэйчык уважліва сачыў за ўспышкамі стрэлаў з траншэі немцаў, за тымі кропкамі, адкуль бралі свой пачатак агністыя радкі трасіраваных куль.

Ён стараўся па характары чаргі ці асобнага стрэлу вызначыць, у якім месцы траншэі знаходзіцца кулямётчык ці проста стралок. Прайшло яшчэ не меней як дзве гадзіны, перш чым стральба пачала цішэць. Нарэшце толькі рэдкія кулямётныя чэргі парушалі цішыню ды зрэдку ўзляталі асвятляльныя ракеты над пазіцыямі праціўніка.

Лейтэнант пачакаў яшчэ з гадзіну і шэптам прамовіў:

— Пайшлі, хлопцы! Я наперадзе, Губчык — за мной, а ты, Сцяпаныч, — замыкаючы.

Паўзлі па мокрай і халоднай раллі. Наперадзе паказалася цямнеючая нітка другой лініі акопаў.

Небяспека напароцца на немцаў у ёй была меншай, чым у пярэдняй, размешчанай метрах у двухстах. Але ўсё адно — трэба было быць гатовым да ўсяго.

Лейтэнант падняўся на ногі, пераскочыў траншэю і адразу ж зваліўся, чакаючы, ці не раздасца ззаду стральба. Па шолаху насыпнога бруствера Аляксей зразумеў, што Губчык і Зайцаў пераскочылі траншэю. Разведчыкі папаўзлі далей.

Дасягнуўшы першай лініі абароны, яны зноў стаіліся, напружана прыслухоўваючыся: ці не кашляне хто, ці не бразне затворам, перазараджаючы зброю, ці не пачуецца рух на дне траншэі. Не, усё спакойна. Аляксей на імгненне прыўзняўся і скокнуў праз траншэю, за ім Серафім і Пётр. Яны тут жа пачалі адпаўзаць далей да нейтральнай паласы. Пакуль усё ішло добра. Купрэйчык стаў прыкідваць адлегласць, на якую яны адпаўзлі ад траншэі, калі ў неба адна за другой узвіліся дзве белыя ракеты.

Разведчыкі адразу ж уткнуліся ў зямлю. Аляксей быў метрах у трох напе­радзе ад астатніх, і калі б пры мігатлівым святле ракет паспеў зірнуць наперад, то ўбачыў бы, што ў метры ад яго знаходзіцца драцяная загароджа. Як толькі ракеты пагаслі, ён ірвануўся наперад і тут жа напароўся на калючку, а на ёй пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Яны адразу ж гучна зазвінелі. У небе ўспыхнулі ракеты. Па тым, як распаролася вакол зямля, лейтэнант зразумеў, што яны патрапілі ў кропку, якую загадзя прыстралялі кулямётчыкі, а гэта значыць, што калі неадкладна не выскачыць адсюль, то хутка іх целы будуць падобныя на рэшата. Ускокваць і бегчы, нават рухацца, было нельга. Усё гэта імгненна пранеслася ў галаве лейтэнанта, і ён крыкнуў:

— Зайцаў, ракеты!

У неба ўзвілася чырвоная ракета, праз некалькі секунд — другая. I адразу ж, нібы даўно падпільноўвала іх, ударыла артылерыя. Над нямецкімі пазіцыямі з’явіліся чырвона-барвовыя сполахі разрываў.

«Малайцы артылерысты, — падумаў Купрэйчык, — чакалі нашага сігналу».

Пераразаць агароджу не было чым, і лейтэнант, сунуўшы магазін аўтамата пад ніжні дрот, паставіў яго на прыклад і загадаў:

— Хутчэй, хлопцы, нырайце!

Першым пралез Губчык, за ім — Зайцаў. Ён лёг уздоўж дрота, перахапіўшы ў камандзіра аўтамат:

— Давай, Аляксей!

Купрэйчык тут жа адпусціў аўтамат і падлез пад дрот. Праз пару секунд ён быў ужо на другім боку. Павярнуўся, каб узяць свой аўтамат, і ўбачыў, як да яго нясуцца чырванаватыя кропкі. Яны свяціліся. «Як чмялі», — паспеў падумаць ён і страціў прытомнасць.

Купрэйчык не чуў, як Зайцаў і Губчык цягнулі яго па набраклым ворыве. Потым пачуўся доўгачаканы вокрык назіральніка: «Стой! Хто ідзе?» Пасля таго як Зайцаў сказаў пароль, да іх насустрач кінуліся байцы, падхапілі і асця­рожна зацягнулі Аляксея ў траншэю.

Не чуў ён, як Арэшка, які ўжо стаў камандзірам роты, па тэлефоне паспешліва дакладваў камандзіру палка пра вяртанне разведчыкаў.

Аляксей ачуўся толькі на трэція суткі.

Ён ляжаў дагары тварам і першае, што ўбачыў — гэта столь з шырокіх непафарбаваных дошак.

«Дзе я? — падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўспомніць, што ж з ім адбылося. Яму доўга прыйшлося напружваць памяць, збірацца з думкамі, каб успомніць, як там, ужо на падыходзе да сваіх, ён убачыў чырвоныя кропкі, якія нясуцца да яго. — Значыць, я паранены, але куды? Чакай-чакай, а раптам мяне ўзялі ў палон?»

Ад гэтай думкі Аляксей застагнаў, і тут жа над ім з’явіўся незнаёмы твар і ён пачуў жаночы голас:

— Што, ачуўся, сынок?

Аляксей хацеў спытаць, куды яго параніла і дзе ён знаходзіцца, але бабулька — цяпер лейтэнант разгледзеў яе твар выразна — прыклала палец да вуснаў: