Выбрать главу

— Правільна думаеш, дачка. І вось што я табе скажу. Ты ідзі дахаты, а я параюся з сім-тым.

Супакоеная і шчаслівая, пайшла дамоў. Нарэшце яна зрабіла крок, да якога ў душы імкнулася даўно.

Дома паклала дзяцей, а сама амаль усю ноч не спала...

Прайшло тры дні. І раптам Таццяна праз акно ўбачыла, што да хаты накіроўваецца Грышка.

Пахаладзела ўсё ў душы, задрыжалі рукі. Павярнулася да сына:

— Ванечка, збегай, сынок, да бабулі Марфы. Скажы, каб яна хутчэй да нас прыйшла. Бачыш, Грышка ідзе!

Ваня ўсё зразумеў. Ён схапіў з цвіка шапку і выскачыў у сенцы.

Вычакаўшы, пакуль паліцай пройдзе міма яго ў хату, выбег на вуліцу і з усіх сіл проста па снежнай цаліне панёсся да Крайнюкоў.

Грышка, як заўсёды, быў п’яны. Не здымаючы шапкі і кажуха, які толькі расшпіліў, паставіў ля дзвярэй вінтоўку і гучна сказаў:

— Ну, здарова, удава!

— Дабрыдзень! — адказала Таццяна.

Яна хацела сказаць, што не лічыць сябе ўдавой, але раздумала, вырашыла п’янаму паліцаю не пярэчыць.

— А чаго гэты ты не абураешся, што цябе ўдавой абазваў?

— Слова «ўдава» пра гора чалавечае гаворыць і не абразу, а смутак яно ў людзей выклікае.

— Бач ты, як мудрагеліста са мной гаворыш, — усміхнуўся Мірэйчык, — быццам на ўроку перад мальцамі сябе паводзіш. А я ўжо чалавек сталы, пры становішчы, пры пасадзе. Ты мне лепш скажы, чаго гэта тры дні таму да Пет­руся хадзіла? Ці не шашні са старым хрычам завяла? Дык ты лепш са мной у любоўныя ды грахоўныя справы пагуляй. Я, паглядзі, мужык хоць куды, пастараюся для цябе, не падвяду, — ён працягнуў да яе рукі і схапіў за плечы. Таня паспрабавала вырвацца, але Грышка прыціснуў яе да сябе.

Адкуль толькі сілы ўзяліся ў Мачалавай. Здавалася, лютасць і крыўда зацямнілі яе розум. Рэзка прысеўшы, яна вырвалася з яго рук і схапіла сякеру, што стаяла ля печы:

— А ну, пачвара, адыдзі, а не то як шалёную гадзюку засяку!

Мірэйчык адступіўся ад яе і схапіўся за вінтоўку:

— Ты што, зараза чырвоная, хочаш, каб я цябе ўраз знішчыў? — і ён перавёў затвор.

— Мамачка, мамачка, — закрычала, злазячы з печы, Юля, — ён жа цябе заб’е!

Яна прыціснулася маленькім, худзенькім целам да мамы:

— Не дам у маму страляць! Страляй лепш у мяне!

Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б у хату не ўвайшла Марфа Сцяпанаўна. Яна адважна схапілася рукамі за ствол вінтоўкі:

— А ну перастань зараз жа дзяцей палохаць! Чаго з іх здзекуешся? Паглядзі, якія яны худзенькія, а ў цябе морда ў бакі як раздалася!

— А ты, старая, мне ў морду не тыкай! — зласліва адгыркнуўся Грышка. — Не ад тваіх харчоў яна такая, — ён апусціў прыклад вінтоўкі на падлогу і ўжо спакайней звярнуўся да Таццяны: — Нічога, мільтонша, я з табой рахунак звяду, не турбуйся, Грышка крыўд не забывае. Наступіць час, калі сама прасіцца ў мяне будзеш, але я табе сённяшняе не забуду. А зараз адкажы мне, як прадстаўніку ўлады, чаго да дзеда хадзіла?

— Дзяцей карміць няма чым, вось і хадзіла бульбачкі ды мукі папрасіць.

— Бульбачкі кажаш?

Марфа Сцяпанаўна разумела, што варта Грышку толькі зазірнуць у пограб, як ён убачыць, што ў Мачалавай там мяшкі чатыры бульбы набярэцца, і каб ён не здагадаўся зрабіць гэта, зноў пайшла ў атаку:

— І чаго гэты ты Грышка шкодны такі, да сваіх жа людзей чапляешся?

— Я да сваіх не чапляюся, а ў вёсцы амаль нікога за свайго не лічу. Навядзём мы хутка тут парадак, вось тады толькі адны свае і застануцца.

— Вось ты выпіў сёння, — міралюбна прагаварыла Крайнюк, — а закусіў, відаць, дрэнна і нясеш абы-што...

— А ты мяне не вучы, баба, не вучы! Ведаю, чым мне закусваць, — і раптам усміхнуўся нейкай брыдкай усмешкай, — а ці ведаеш ты, чаму ў мяне морда ў бакі раздалася? Не, не ведаеш! А ўсё таму, што пры Саветах усе і, у першую чаргу яе Пецька, мяне па галаве білі зверху, вось пыса. ха-ха, у бакі і раздалася.

— Ніхто цябе пальцам не чапаў. Я дык ведаю.

— Нічога ты не разумееш, цёмная старая. Я маю на ўвазе, што маральна білі, разумееш, — і ён пакруціў каля яе твару пальцам. Ну, добра, забалбатаўся я тут, пайду прагуляюся. Пакуль, мільтонша, сякеру я табе ўзгадаю, ох узгадаю! — і Мірэйчык выйшаў з хаты.

Таццяна, дрыжучы ўсім целам, павольна апусцілася на лаву і, закрыўшы твар рукамі, заплакала. Юля і Ваня абступілі яе і моўчкі гладзілі па валасах.

Марфа Сцяпанаўна села побач:

— Ну, ну, не хвалюйся. Адпіў ён мазгі, вось і брэша, што на язык патрапіць. Проста табе трэба быць з ім асцярожней, радзей на вочы трапляцца гэтаму быку. Я схаджу да яго бацькоў яшчэ раз і пагавару. Хоць ім і не падабаюцца такія гутаркі, але павінны ж яны ведаць, што ён вытварае...