Яны выйшлі ў двор, немцы падштурхоўвалі іх прыкладамі — на вуліцу.
Таня, убачыўшы, што па вуліцы міма яе хаты гоняць і іншых жыхароў вёскі, трохі супакоілася: «Значыць, не высачылі мяне. Усіх гоняць у поле».
Яна адшукала вачамі суседку і паклікала яе:
— Цётка Марфа, ідзіце да нас, — і, пачакаўшы, калі яна падыдзе, дадала: — Будзем разам трымацца. Не разумею толькі, адкуль немцы ўзяліся?
— На машынах прыехалі, вунь іх колькі, паглядзі.
Таццяна азірнулася і на другім канцы вёскі ўбачыла пяць ці шэсць грузавікоў.
Немцы строілі людзей у калону і гналі пасярэдзіне вуліцы, а самі з аўтаматамі напагатоў ішлі па баках уздоўж платоў. Мачалавых і Крайнюк заштурхалі ў калону. Людзі неспакойна перагаворваліся, круцілі галовамі, імкнуліся, выцягнуўшы шыі, паглядзець наперад, дзе на чале калоны ішлі з немцамі чацвёра паліцаяў.
Непадалёк ад Мачалавых да суседскага чатырнаццацігадовага хлопца Толі Лазебнага падбег дварняк, у яго на шыі боўтаўся абрывак вяроўкі. Відавочна, ён сарваўся з прывязі і, адшукаўшы ў натоўпе гаспадара, радасна павіскваючы, заскакаў каля яго. Але тут у натоўп уварваўся здаравенны з закасанымі рукавамі немец. Ён штосьці люта пракрычаў і моцна стукнуў падкаваным ботам сабаку. Той з віскам адляцеў да плота і зваліўся на спіну. Немец, не даючы яму падняцца, ускінуў аўтамат, і ў нечаканай цішыні злавесна грукнуў стрэл. Сабачка, падскокнуўшы на лапы, тут жа зваліўся на зямлю. З яго галавы на пыльную дарогу пацякла кроў, якая здавалася чорнай.
Людзі застылі ад гэтай вар’яцкай жорсткасці, а Толя рвануўся да немца:
— За што ты яе, фашыст пракляты!
Добра, што побач апынуўся дзед Пятрусь. Ён схапіў хлопца за рукі:
— Толечка, цішэй, супакойся, а то ён і цябе! Бачыш, ён ужо ў цябе цаляе. Для яго ж што сабака, што чалавек — адно і тое ж. Што возьмеш з гада?
Пачуліся крыкі. Гэта немцы падганялі людзей, патрабуючы, каб яны ішлі наперад. Неўзабаве калона была ў полі, і Таня ўбачыла, што іх вядуць да хлява, міма якога яна праходзіла перад світанкам. Тых, хто прыпыняўся ля шырока расчыненых дзвярэй, немцы бесцырымонна падштурхоўвалі прыкладамі.
Яны апынуліся ў вялікім хляве, які хутка запаўнялі людзьмі. Неўзабаве ўсе жыхары вёскі знаходзіліся ў ім. Са скрыпам зачыніліся дзверы. Тыя, хто знаходзіўся бліжэй да выхаду, праз невялікія шчыліны ўбачылі, што немцы павесілі на дзверы замок і сталі падпіраць іх тоўстымі доўгімі каламі.
Людзі яшчэ больш занепакоіліся, выказваючы розныя здагадкі:
— Навошта яны нас сюды сагналі?
— Можа, дабро наша хочуць забраць, дык і так ужо ўсё адабралі?..
— Напэўна, дапытваць будуць... А вось паліцэйскія сем’і не кранулі.
— А можа, спаліць нас жыўцом хочуць.
Хлапчук гадоў сямі разам са сваімі такімі ж светлавалосымі аднагодкамі прабраўся да дзвярэй і зазірнуў у шчыліну. Адзін з немцаў заўважыў яго блакітнае вока, якое з цікаўнасцю выглядае са шчыліны, і з усёй сілы стукнуў прыкладам па дошках:
— Цурук!
Хлапчук у спалоху адскочыў, тут жа пачуўся трывожны голас маці:
— Андрэйка, Андрэйка, адыдзі ад дзвярэй. Немцы злыя, не бачыш? Стрэльне які.
А ў куце старэйшыя хлопцы дапамагалі таварышу падняцца па бярвеністай сцяне вышэй, туды, дзе пад самым саламяным дахам віднелася невялікая шчыліна.
І вось ён ужо застыў поруч яе. З хвіліну глядзеў моўчкі ў бок вёскі, а затым голасам, які змяніўся, нібы ў горле штосьці затрымалася, сказаў:
— Яны хаты нашы паляць.
Загудзела і рынулася людская маса да дзвярэй, і ў першых шэрагах Андрэйка і іншыя дзеці. Зарыпалі дзверы, запішчалі дзеткі, прыціснутыя да дошак. І раптам знадворку, прама праз дошкі, прабіваючы роўным радком дзіркі, стукнуў аўтамат. Людзі ўраз адрынулі, а на падлозе засталіся ляжаць дзеці, затуляючы русыя галоўкі далонямі, як быццам маленькія худзенькія ручкі маглі закрыць іх ад смерці. Да іх з крыкамі кінуліся маці, адрывалі іх бледныя твары ад земляной падлогі, абмацвалі.
Усе дзеці аказаліся жывыя, а вось ледзь далей ад іх, ззаду на падлозе засталіся ляжаць чатыры жанчыны і дзед Пятрусь. Аўтаматная чарга прашыла іх. Не паспелі людзі агледзець забітых, як ва ўсіх чатырох вуглах успыхнуў саламяны дах.
— Людзі-і добрыя! — гучна закрычала пажылая жанчына. — Што ж гэта робіцца, яны ж нас жывымі спаліць хочуць!
Хлеў пачаў хутка запаўняцца дымам. Закрычалі дарослыя, заплакалі дзеці, усе разумелі — гэта канец!
Таццяна Андрэеўна стаяла ля процілеглай сцяны і шырока раскрытымі вачамі глядзела, як языкі полымя ўсё шырэй ахоплівалі сухі саламяны дах. Яна не бачыла, што знадворку хлеў, абліты бензінам, гарэў увесь, і немцы, якія акружылі яго, адышлі крыху далей, бо жар станавіўся невыносным. Таццяна зразумела, што вось і скончылася яе жыццё, жыццё яе дзяцей. Яна павярнула плачучых ад страху дзяцей тварыкамі да сябе і шчыльна прыціснула іх носікамі: «Бывай, Пеця каханы, не зберагла я табе дзяцей! Прабач! І адпомсці!»