— Таварышы! Мы накіроўваемся да вёскі. І вы ўбачыце сваімі вачамі, на што здольныя фашысцкія каты.
Да самай вёскі партызаны ішлі моўчкі. Тое, што яны неўзабаве ўбачылі, сапраўды ледзяніла душу. На месцы вёскі чарнелі папялішчы, сіратліва стаялі абгарэлыя печы. Ацалела толькі некалькі хат, але людзей у іх не было. Не ведалі партызаны, што гэта хаты паліцаяў, гаспадары якіх перабраліся ў райцэнтр. Жудасна скуголілі сабакі. Партызаны моўчкі хадзілі па спаленай вёсцы, і кожнага мучыла адна і тая ж думка: «Дзе людзі? Што з імі?» І вось перад імі адкрылася карціна больш страшная за папярэднюю. Партызаны спыніліся ля спаленага хлява. На папялішчы ляжалі дзясяткі спаленых і паўспаленых чалавечых трупаў. Доўга стаялі партызаны ля гэтага месца. Поўнымі слёз вачамі глядзеў Славін на рэшткі загінулых людзей. «Няўжо і мама Антона, і настаўніца загінулі? Як пра гэта паведаміць Антону?» З яго грудзей вось-вось гатовы быў вырвацца крык: «За што? Якім зверам трэба быць, каб пайсці на такое!» Рукі юнака міжвольна сціскалі аўтамат: «Адпомсціць! Адпомсціць за смерць гэтых людзей!» Уладзімір глуха сказаў:
— Колькі жыць буду — столькі буду помсціць!
— Пойдзем, Надзечка. Пайшлі, Валодзя, — паклікаў Тамкоў, хочучы хутчэй адвесці іх ад гэтага страшнага месца.
Моўчкі ішлі партызаны, ціха плакала дзяўчынка...
Старшы лейтэнант Купрэйчык
Савецкія войскі пасля перамогі пад Курскам разгарнулі наступленне на шырокім фронце.
Старшы лейтэнант Купрэйчык радаваўся разам з усімі вялікай перамозе. Была ў яго і яшчэ адна вялікая радасць. У пачатку верасня паштальён прынёс яму пісьмо. Аляксей, які зрэдку атрымліваў лісты толькі ад Мачалава, зірнуў на зваротны адрас і павольна апусціўся на вільготную пасля роснай ночы траву. Гэта было пісьмо ад Надзі.
Дрыготкімі рукамі разгарнуў ліст і скрозь слёзы пачаў чытаць: «Мілы, каханы, дарагі мой Лёша, дабрыдзень! Нарэшце гадзіну назад я атрымала адказ на свае лісты. Мне паведамілі нумар тваёй палявой пошты. Пішу табе, а сама не веру, што ліст дойдзе да цябе, што ты сапраўды дакранешся да гэтых лісткоў, будзеш трымаць іх у руках!
Лёшачка, каханы, калі б ты ведаў, як пакутліва я перажываю нашу сустрэчу на тым паўстанку, калі цябе параненага павёз цягнік. Я зразумела, што гэта быў ты, толькі пасля таго, як ты з’ехаў. Вось і цяпер, успомніўшы пра гэта, плачу, як дурніца! Як жа я цябе тады не пазнала? Думала, што паранены жэстамі патрабуе хутчэй пагрузіць яго ў вагон.
Пасля гэтага да маіх пакутлівых чаканняў дадаўся пякучы боль за цябе. Куды я толькі не пісала! І вось, сёння, я ведаю твой адрас. Я нічога ў жыцці не хачу, акрамя аднаго — каб гэты ліст дайшоў да цябе.»
Далей Надзя апісвала, дзе яна, чым займаецца, прасіла падрабязней напісаць пра сябе.
Купрэйчык, скончыўшы чытаць, паднёс пісьмо да твару. Яму здавалася, што ён адчуваў пах яе рук. «Родная, ты аказалася шчаслівейшая за мяне! Колькі я пісаў з просьбай паведаміць мне твой адрас, а адказалі табе! Якое шчасце, што ты жывая і кахаеш мяне!»
Да яго падышоў, ледзь накульгваючы, Чыжык. Яшчэ адчувалася раненне ў нагу, але разведчык не змог вылежаць да канца і раней часу выпісаўся са шпіталя. Ён трывожна спытаў:
— Камандзір, што здарылася?
Купрэйчык, нібы ачнуўшыся, устаў з зямлі:
— Нічога, Ваня, усё ў парадку. Жонка знайшлася. Вось ліст атрымаў.
— Ну і як, жывая, здаровая?
— Так. Увесь гэты час шукала мяне і вось, бачыш, знайшла.
— Ну і дзякуй богу. Цябе камандзір палка выклікае.
Купрэйчык схаваў ліст у кішэню і праз хмызняк, напрасткі, пайшоў да штаба палка. Ён быў упэўнены, што атрымае новае заданне, але Васільеў, убачыўшы яго, сказаў:
— Паехалі, камдзіў збірае камандзіраў палкоў і начальнікаў разведак.
Яны селі ў патрапаны «віліс» і неўзабаве былі ў вёсцы, дзе размяшчаўся
штаб дывізіі. Аказалася, што напярэдадні за лініяй абароны немцаў нечакана сутыкнуліся дзве групы разведчыкаў, якія былі пераапрануты ў нямецкую форму і належалі розным палкам. Завязалася перастрэлка. Двое былі забіты і трое паранены. Гэта было ЧП. Начальнік разведкі дывізіі быў пакараны, і цяпер кожны полк атрымаў указанне накіроўваць сваю разведку толькі ў паласу сваіх дзеянняў.