Выбрать главу

— А можа, у адну з зямлянак складзём? Усё адно пустуюць.

— Нельга. У нас зараз аховы не будзе, і калі наляцяць немцы, то можаш не сумнявацца, усё перавернуць.

— Зразумеў. Іду, — і Славін, закінуўшы аўтамат за спіну, пайшоў выконваць загад.

Пасля абеду атрад зняўся з базы, а чацвёра байцоў засталося на месцы.

Дзіўным чалавекам быў гэты Тамкоў. Ён ні на хвіліну не мог заставацца без работы, заўсёды чымсьці быў заклапочаны, увесь час мітусіўся. Ужо да вечара, паклікаўшы Славіна, Крайнюка і Рогава, прапанаваў:

— Браткі, справа ёсць! Давайце зробім так, каб немцы не адчулі, што атрад сышоў адгэтуль. Будзем паціху ім шкоду чыніць. Узрыўчатка ў нас ёсць, зброя нядрэнная. Сёння нас чацвёра, а праз некалькі дзён будзе больш.

Тым часам з’явілася дзяўчына. Першым яе заўважыў Тамкоў. Ён усміхнуўся:

— Славін, да цябе госця.

Уладзімір азірнуўся і ўбачыў сястру. Партызан, якія сядзелі ў хмызняку, яна не заўважыла і здзіўлена разглядала апусцелую базу. Брат падняўся і, хаваючыся за кустамі, абышоў паляну, паціху падкраўся да госці і, прыставіўшы да яе спіны ўказальны палец, скамандаваў:

— Хенде хох!

Жэня, здрыгануўшыся, рэзка абярнулася:

— Цьфу ты, чорт! Напалохаў! Я і сапраўды падумала, што немец падкраўся. Гляджу — на базе нікога. Падазрона стала.

Яны адышлі на край паляны, прыселі на зваленае дрэва. Жэня чымсьці была ўсхвалявана і, ледзь стрымліваючы сябе, распытала брата, як ён жыве, потым сказала:

— Валодзя! Мяне ў спецгрупу перавялі. Зараз часта буду сыходзіць далё­ка. Ты ўжо сачы за сабой.

— У якую групу? Куды будзеш сыходзіць?

— Разумееш, гэта тайна. Табе скажу толькі адно: мая справа — разведка нямецкіх тылоў. — І перавяла гаворку: — Можа, трэба што-небудзь памыць?

— Не, Жэня, не трэба.

— Ведаеш, Валодзя, мой новы начальнік надоечы гутарыў з тваім камандзірам. Размаўлялі пра тату і маму. Абяцалі высветліць, што з імі.

— Што ён зможа зрабіць? — з горыччу прагаварыў Уладзімір. — У гестапаўскія падвалы не пракрадзешся.

— Не ведаю што. Але абяцаў, што пра іх лёс даведаецца.

— Калі ты сыходзіш? — спытаў Уладзімір.

— Заўтра.

— Надоўга?

— Дзён на дзесяць.

— А калі мне спатрэбіцца адшукаць цябе?

— Шукай праз майго былога камандзіра, — Жэня паднялася. — Ну, мне пара.

Уладзімір, крыху правёўшы сястру, вярнуўся ў лагер. У душы з’явілася трывога. Раней Жэня знаходзілася на тылавой базе. А зараз яна будзе амаль штодня адчуваць небяспеку, увесь час рызыкаваць жыццём...

Наступіў снежань. Усе чакалі марозу, снегападаў, а зямля набракала ад бесперапынных дажджоў. Па такой дарозе ісці было цяжка. Той шлях, які пар­тызаны ў летні час праходзілі за нейкую пару гадзін, цяпер не маглі адужаць і за чвэрць, а то і за палову сутак, затое бездараж, цёмныя ночы дазвалялі ім непрыкметна набліжацца да аб’ектаў, якія ахоўвалі немцы, і наносіць нечаканыя ўдары.

Група Тамкова за паўтара-два месяцы ператварылася ў невялікі атрад. Калі яна злучылася з асноўнымі сіламі, Славіна прызначылі начальнікам разведвальна-дыверсійнай камсамольска-маладзёжнай групы. Хлопцы з задавальненнем ішлі на любое заданне. Часцей за ўсё іх накіроўвалі на шашэйныя дарогі, дзе, устанавіўшы міну, можна было не чакаць падыходу аўтамашыны, а вяртацца на базу ці прыступаць да выканання наступнага задання. Але Уладзіміра цягнула да чыгункі, і ён увесь час прасіў Тамкова, які так і застаўся яго непасрэдным начальнікам, паслаць на «жалезку». Нарэшце такі выпадак надарыўся. Славін узначаліў дыверсійную групу, якой даручалася пусціць пад адхон эшалон.

Як толькі сцямнела, адправіліся ў шлях. Разам з Уладзімірам на заданне ішлі Мікалай Церахаў, Яўген Антошын, Аляксей Бартошык і Сяргей Панчанкаў — брат Надзі.

Апоўначы група дабралася да невялікай вёсачкі. Тут жыў стары, партызанскі сувязны, які быў лесніком. Накарміўшы партызан, ён параіў:

— Мне здаецца, што вам трэба падыходзіць да дарогі не лесам, а полем. Адразу за вёскай пачынаецца невялікая лагчына. Па ёй вы зможаце наблізіцца да самай дарогі. Дый патрулі ў тым месцы ходзяць радзей.

— Не засеклі, праз які інтэрвал яны рухаюцца? — спытаў Славін.

Стары ўсміхнуўся:

— Гадзінніка, сынок, у мяне няма. Ходзікі былі, дык стараста, каб яго разарвала, забраў. Але думаю, мінут праз дзесяць з’яўляюцца.

— Ну, гэтага нам дастаткова, — махнуў рукой Панчанкаў.

Уладзімір усміхнуўся, успомніўшы, як той падчас трэніровак на базе паспеў паставіць «міну» за дзве-тры хвіліны. Аднак гэтым разам трэба было выкарыстоўваць не міну, а шаснаццацікілаграмовы зарад толу.