«Пад’ём — шэсць гадзін пяцьдзясят пяць мінут. Марта — сем гадзін нуль нуль мінут — сем гадзін пятнаццаць мінут».
— Бач ты! — усміхнуўся Тамкоў, які ехаў прабач. — Для жоначкі ні хвіліны менш, ні хвіліны больш.
Славін не зразумеў:
— А што ён рабіў увесь гэты час і чаму пра нейкую Марту піша?
Усе дружна засмяяліся. Рогат стаяў на ўвесь лес. Збянтэжаны Уладзімір здзіўлена глядзеў на сваіх таварышаў.
Тамкоў пачакаў, пакуль супакояцца, і, імкнучыся быць сур’ёзным, патлумачыў:
— Разумееш, Валодзя, калі ты станеш дарослым і жэнішся, у цябе таксама з’явіцца адзін абавязак: будзеш будзіць жонку, каб яна, скажам, на працу не спазнілася.
— Сняданак табе прыгатавала, — падтрымаў Грыбаў. Уладзімір, адчуваючы падвох у словах мужчын, прабурчаў:
— Не разумею, чаму абавязкова муж павінен будзіць жонку. Мая мама, напрыклад, сама бацьку будзіла.
Яму не далі гаварыць, і зноў на ўвесь лес раздаўся рогат. Грыбаў прыпаў да грывы каня і, імкнучыся не выпасці з сядла, рагатаў да слёз.
Тамкоў раней бываў у гэтых месцах і памятаў, што тут дзесьці ёсць закінутая старожка, а поруч яе, і гэта самае галоўнае, стаіць невялікі хлеў, дзе можна схаваць коней.
Пакінуўшы групу ў лесе, ён накіраваўся да дарогі, каб лепш зарыентавацца і адшукаць старожку. Вярнуўся прыкладна праз паўгадзіны, і маленькі атрад рушыў далей. Тамкоў спяшаўся. Да наступлення цемры неабходна было прыбыць на месца. Ён увесь час прыспешваў:
— Хутчэй, браткі! Калі сцямнее — не знайсці нам той старожкі і начаваць давядзецца ў лесе.
Аднак ім пашанцавала. Тамкоў сапраўды добра запомніў дарогу. Яшчэ не паспеў апусціцца змрок, а група пад’ехала ўжо да маленькай старожкі. За ёй віднеўся невялікі хлеў з дзвярыма, якія боўталіся на адной завесе, і дзіравым саламяным дахам. Тамкоў зазірнуў унутр і ўключыў кішэнны ліхтарык. Было пуста.
— Ну што, хлопцы? Ноч насоўваецца. Будзем прыстасоўвацца. Спачатку трэба заткнуць шчыліны, хоць бы самыя вялікія. А заўтра падумаем, што рабіць з гэтай развалюхай.
Не ў лепшым стане была і старожка. Земляная захламленая падлога, перавернутая ўгару ножкамі масіўная лава, павуцінне ды прэлае лісце па кутах — вось, мабыць, і ўсё, што тут убачылі партызаны. У хатцы калісьці было два невялікія акенцы. Зараз замест іх у сцяне зеўралі толькі пустыя праёмы. Дзвярэй таксама не аказалася. А на дварэ ўжо было цёмна. Усе настолькі змарыліся, што сіл хапіла толькі на тое, каб паставіць коней у хлеў, наламаць яловых галінак ды завесіць вокны і ўваход у старожку. Спаць улегліся на падлозе.
Ноч прайшла спакойна, а раніцай Тамкоў падзяліў свой нешматлікі атрад на групы. Адна з іх павінна была заняцца рамонтам, другая — шукаць корм для коней. Сам жа Тамкоў разам са Славіным адправіўся на рэкагнасцыроўку, хацеў удакладніць, дзе размяшчаюцца нямецкія гарнізоны.
Яны ішлі крыху больш як гадзіну і апынуліся ля дарогі. Па ёй сапраўды часта праносіліся калоны нямецкіх машын і адзінкавыя аўтамабілі. Адчувалася, што фашысты тут нічога не асцерагаліся. Тамкоў выцягнуў з-за пазухі карту, разгарнуў яе, уважліва паглядзеў і сказаў:
— Кіламетрах у трох адгэтуль ёсць невялікая вёсачка. Давай махнём туды, з людзьмі пагаворым.
Улучыўшы момант, калі на дарозе нікога не было, яны перабеглі на процілеглы бок. Паглыбіўшыся метраў на трыста ў лес, пайшлі паралельна шашы. Прыкладна праз кіламетр наткнуліся на прасёлкавую дарогу. Тамкоў зноў дастаў карту і, зазірнуўшы ў яе, упэўнена заўважыў:
— Гэта дарога вядзе да вёскі.
Праз паўгадзіны яны выбраліся з лесу. Наперадзе ляжала поле, за ім — вёсачка хат на дваццаць—дваццаць пяць. Схаваўшыся ў кустах, партызаны сталі назіраць.
Прайшло каля гадзіны. Нічога падазронага разведчыкі ў вёсцы не заўважылі. Уладзімір прапанаваў:
— Андрэй Лявонцьевіч, давайце я аўтамат пакіну тут, а сам туды махну, разбяруся, што да чаго.
— Не спяшайся. Пойдзеш — а там засада ці на паліцая напорашся. Бачыш, як вёска размешчана? Вакол поле. Усё як на далоні відаць. Немцы любяць у такіх месцах спыняцца. Подступы добра праглядаюцца і прастрэльваюцца.
Славін, не адказваючы, глядзеў у бок вёскі. Ён заўважыў каля крайняй хаты нейкі рух. Убачыў гэта і Тамкоў. З двара выйшаў конь, запрэжаны ў падводу. Фурманка павольна пакаціла да лесу. Неўзабаве яна праехала міма партызан. Тамкову і Славіну давялося пасунуцца крыху направа і, маскіруючыся ў хмызняку, ісці следам за ёй. Яны паспелі ўжо разглядзець, што на возе сядзяць два чалавекі: стары, які кіраваў старой кабылай, і жанчына, захутаная ў цёплую хустку. Яны зрэдку абменьваліся паміж сабой кароткімі фразамі, а конь павольна цягнуў воз. Тамкоў хацеў падысці да фурманкі, але стары тым часам тузануў за лейцы і павярнуў каня направа, на ледзь прыкметную лясную дарожку. Партызаны прыселі за кустом, каб не патрапіць на вочы. Фурманка праехала міма. Захоўваючы неабходную дыстанцыю, партызаны паціху пайшлі за ёй.