— Устаньце! Ніхто яго забіваць не будзе. Але вы самі чулі: калі яшчэ асмеліцца шкодзіць людзям, то як шалёнага сабаку прыстрэлім.
Яны выйшлі ў двор, прымусілі старасту запрэгчы ў падводу каня і неўзабаве з’ехалі.
Калі да склада заставалася прайсці зусім трохі, Тамкоў даў каманду спешыцца. Ахоўваць воз і коней было даручана Рогаву і Бартошыку. Усе астатнія байцы асцярожна рушылі далей. Вось паказаліся ўжо абрысы склада. Тамкоў падняў руку. Група спынілася. Камандзір падрабязна, ва ўсіх дэталях растлумачыў, што павінен рабіць кожны ў момант налёту на аб’ект. Царыку і Панчанкаву, Антошыну і Грыбаву трэба было бясшумна прыбраць вартавых. Сам Тамкоў, Крайнюк і Славін, у выпадку неабходнасці, павінны былі прыкрыць сваіх таварышаў агнём з аўтаматаў.
Пасля гэтага байцы пайшлі наперад, непрыкметна для варожых вартавых занялі зыходныя пазіцыі.
Разбіўшыся парамі, чацвёра партызан папаўзлі да вартавых. Відавочна, немцы былі ўпэўнены, што ім нішто не пагражае, па іх звестках, партызанскіх атрадаў у акрузе не было. Адзін з іх, нібы жадаючы дапамагчы Царыку і Панчанкаву, падышоў да партызан амаль ушчыльную і павярнуўся спінай. Момант сапраўды быў удалым, другі немец тым часам знаходзіўся на іншым боку склада.
Панчанкаў першым кінуўся на гітлераўца. Закрыўшы яму анучай рот, ён нанёс дакладны ўдар кінжалам.
Падбегшы, Царык падхапіў вартавога і паклаў яго на зямлю. Складаней давялося Антошыну і Грыбаву. Яны пахваляваліся, перш чым удалося падабрацца да другога вартавога. Але і ў іх усё абышлося добра.
Цяпер патрабавалася як мага хутчэй завяршыць аперацыю. Тамкоў загадаў Славіну бегчы па коней і падводу.
Уладзімір кінуўся да месца, дзе стаіліся Рогаў і Бартошык. Тыя толькі чакалі сігналу. Рогаў ірвануўся на падводзе да склада. Славін і Бартошык ускочылі на сваіх коней і панесліся за ім. Верхавых коней іншых партызан пагналі побач з сабой.
Перад расчыненымі насцеж дзвярамі склада ўжо стаяла некалькі мяшкоў з аўсом. Імгненна пад’ехала падвода. Партызаны ўскінулі на яе трафейны фураж, а заадно паклалі зброю вартавых.
Пакінуўшы пры сабе Славіна і Панчанкава, Тамкоў закамандаваў астатнім байцам неадкладна сыходзіць у лес.
— Майце на ўвазе, — папярэдзіў ён, — роўна праз гадзіну мы падпальваем склад. Калі ж вартавая змена з’явіцца раней, значыць, і пеўня пусцім таксама раней. Таму паспрабуйце ад’ехаць далей.
Рогаў крануў за лейцы. Гружаная падвода хутка пакаціла да расчыненых варот. За ёй паскакалі вершнікі.
Славін і Панчанкаў насілі з двара сена, раскладвалі яго ўздоўж сцен склада, бярэмямі раскідвалі па-над складзенымі мяшкамі.
Тамкоў пазіраў на гадзіннік. Як павольна рухалася мінутная стрэлка! З унутранай кішэні ватоўкі ён дастаў два карабкі запалак, адзін падаў Славіну, друі — Панчанкаву:
— Падпальваць толькі па маёй камандзе. Калі немцы падыдуць раней, то я адкрыю агонь. Гэта таксама будзе сігнал.
Славін і Панчанкаў увайшлі ў склад, вобмацкам прабраліся ў самы канец праходу, да задняй сцяны, і заселі поруч яе ў процілеглых вуглах. Яны вырашылі, што адгэтуль пачнуць падпальваць сена, прасоўваючыся да выйсця.
Тамкоў штохвілінна паглядаў на гадзіннік. Яму здавалася, што спыніўся час, жыццё вакол замерла. «Як там хлопцы? Ці далёка адышлі яны ад вёскі?» — турбаваўся ён, напружана ўзіраючыся ў цемру. Але змена вартавых усё яшчэ не прыходзіла. Ён хацеў ужо ісці ў склад, каб праверыць, ці ўсё гатова ў Славіна і Панчанкава, як раптам пачуў рэзкія галасы. Ішлі немцы. Яны набліжаліся да варот, пра штосьці гучна спрачаліся.
Андрэй Лявонцьевіч слізгануў за тоўсты слуп, паціху адцягнуў затвор аўтамата на ўзвод. «Трэба падпусціць бліжэй, — падумаў ён, — і шаснуць дакладна». Трое фашыстаў з’явіліся перад ім быццам прывіды. Не даходзячы да варот метраў дзесяць—пятнаццаць, яны раптам спыніліся, мабыць, адчулі, што нешта не так.
— Ганс! Курт!? — трывожна крыкнуў адзін з іх, уважліва гледзячы ў бок склада.
«Вартавых кліча», — здагадаўся Тамкоў і, імкліва ступіўшы з-за слупа, націснуў на спускавы курок. Доўгая аўтаматная чарга распарола цішыню. Усе тры немцы як снапы зваліліся на зямлю. Пераканаўшыся, што яны забіты, Тамкоў сабраў іх вінтоўкі і кінуўся да склада. У глыбіні памяшкання ўжо скакалі язычкі полымя. Андрэй Лявонцьевіч крыкнуў:
— Коней выводжу да варот. Скончыце падпальваць — хутчэй да мяне!
Праз некалькі мінут партызаны на конях галопам панесліся даганяць сваіх таварышаў. Ззаду разгараўся пажар. Бушуючае полымя ўжо вырвалася на саламяны дах. У вёсцы пачуліся стрэлы, шум матора.
Тым часам асноўная група байцоў толькі-толькі пад’язджала да лесу. Крайнюк скакаў на кані за падводай і замыкаў рух. Прытрымаўшы каня, ён азірнуўся назад, туды, дзе засталася вёска, і ўсё зразумеў.