Выбрать главу

— Братцы, глядзіце! Гарыць! Хлопцы папрацавалі на славу. Цяпер трэба ўцякаць яшчэ хутчэй. Па-га-няй!

Партызаны заўважылі, што на ўскраіне вёскі засвяціліся фары аўтамабіля. Аднак было зразумела, што немцы ў першую чаргу кінуцца да склада, які палае, а ўжо потым наладзяць пагоню.

Як толькі заехалі ў лес, групу дагналі Тамкоў і яго памочнікі. Андрэй Лявонцьевіч загадаў спыніцца, паклікаў Славіна:

— Валодзя, міну!

Пакуль Славін выконваў распараджэнне старшага, іншыя партызаны пракапалі ўпоперак дарогі неглыбокую траншэйку. У самую яе сярэдзіну змясцілі міну, а зверху паклалі доўгую жэрдку, якая заняла ўсю шырыню праезнай часткі прасёлка. Байцы хутка засыпалі «сюрпрыз», старанна замаскіравалі ўскапанае месца.

Партызаны зноў ускочылі на коней і адправіліся далей. Тамкоў зірнуў на гадзіннік. Пасля ад’езду асноўнай групы ад склада прайшло роўна дзве гадзіны. Трохі падумаўшы, ён распарадзіўся, каб Славін, Крайнюк і Панчанкаў засталіся на месцы, пры ім, а ўсім астатнім загадаў кіравацца да старожкі.

— Хлопцы! Я вось думаю: а раптам міна не падарвецца! Значыць, ад пагоні не адарвацца. Таму трэба падстрахавацца. Зробім так: вы, — Славін і Крайнюк, — направа, у лес, а я і Панчанкаў — налева. Адкрыем агонь па галаўной машыне. Неабходна вывесці са строю, знішчыць пабольш жывой сілы. У доўгую перастрэлку не ўвязвацца. Наносім удар і тут жа — дай бог ногі. Сустрэнемся на базе, — Андрэй Лявонцьевіч працягнуў Славіну грана­ту, — трымай! Ты маладзец. Паспрабуй шпурнуць пад перадок.

Але гэтыя падрыхтоўкі аказаліся лішнімі. Неўзабаве далёка ззаду грукнуў выбух, пачулася бязладная стральба.

— Дзеўбанула! — радасна ўсклікнуў Андрэй Лявонцьевіч. — Уначы далей не сунуцца.

Так яно і атрымалася. Да раніцы ўсе партызаны сабраліся на сваёй часовай базе.

Неўзабаве ўсе ў акрузе ведалі, што ў гэтых месцах з’явіліся партызаны.

У групу Тамкова сталі прыходзіць мясцовыя жыхары, байцы і камандзіры, якія ўцяклі з палону. Па сутнасці яна ператварылася ў самастойны атрад. Партызаны дзейнічалі актыўна і ўжо не раз наводзілі паніку сярод акупантаў. Тамкоў быў задаволены. Праўда, у апошні час Андрэя Лявонцьевіча турбавала тое, што ніводная з пяці мін, закладзеных на дарозе, не падарвалася. Горш таго, ніводнай з іх не аказалася на месцы. Немцы адшукалі іх і абясшкодзілі. Аб усім гэтым Андрэй Лявонцьевіч даведаўся з данясення разведчыкў.

«Што такое? — думаў камандзір. — Наўрад ці гэта выпадковасць. А можа, немцы свайго агента ў атрад падаслалі? Магчыма, і так. Тады, напрошваецца пытанне, як яго выявіць?»

Тамкоў вырашыў даць людзям адпачыць адну ноч, а ў наступную зноў замініраваць дарогу.

Дзверы з рыпаннем адчыніліся, і ў зямлянку ўвайшоў Славін.

— Клікалі, Андрэй Лявонцьевіч?

— Так, Валодзя, клікаў. Садзіся, гутарка ёсць.

Славін падышоў да груба збітай лаўкі і сеў.

Тамкоў доўга вагаўся, перш чым даручыць маладому партызану такое адказнае даручэнне. Вядома, у падначаленні Андрэя Лявонцьевіча людзей было дастаткова. Можна была даручыць гэтую справу чалавеку больш вопытнаму. Але Славін падабаўся камандзіру сваёй назіральнасцю, настойлівасцю, кемлівасцю. А тое, што ён малады, разважаў Тамкоў, дык у гэтым трэба бачыць не загану, а, наадварот, — перавагу. Хто падумае, што гэты бязвусы юнак атрымаў сур’ёзнае заданне?

Тамкоў прысеў побач са Славіным:

— Разумееш, Валодзя, бянтэжыць мяне адна штуковіна. Ці невыпадкова налаўчыліся немцы нашы «сюрпрызы» абясшкоджваць. Для таго, каб прамацаць дарогу, раней трэба было пяць-шэсць гадзін, сёння — толькі развіднела і амаль адразу пайшлі нямецкія калоны. Вось я і падумаў, а ці не даведваюцца немцы загадзя, якія месцы мы замініравалі?

— Вы хочаце сказаць, што ў атрадзе з’явіўся здраднік? — здагадаўся Славін.

— Баюся, што так. Таму табе трэба прыгледзецца да тых, хто прыйшоў да нас у апошні час. Неабходна паспрабаваць высветліць, ці не сыходзіў хтонебудзь з байцоў пасля мініравання дахаты, у вёску.

— У маёй групе ніхто не адпрошваўся. Я пагавару з Панчанкавым, Рогавым і Крайнюком, хто ў іх сыходзіў, спытаю.

— Я і сам хацеў іх запрасіць. Але раз ты хочаш заняцца гэтым, то давай, дзейнічай.

Яны схіліліся над картай. Атрымлівалася, што на ўчастку ў дзесяць кіламетраў фашысты на працягу гадзіны паспелі выявіць партызанскія міны і абясшкодзіць іх.

— Андрэй Лявонцьевіч! — бліснуў чорнымі вачамі Славін. — А што, калі нам звузіць круг людзей, сярод якіх можа быць здраднік?