Затым Лапко стаў інструктаваць падрабязна кожную тройку. Славін быў прызначаны старшым групы, куды ўвайшоў і Сухота. Кіраўніцтва групай, дзе знаходзіўся Дубасін, даручалася Панчанкаву. Антошын і Бартошык узначальвалі дзве астатнія групы.
Байцы разышліся. Лапко і Тамкоў пакінулі толькі камандзіраў груп. Лапко пачакаў, пакуль Андрэй Лявонцьевіч шчыльна прычыніць дзверы, вярнуўся да стала і сказаў:
— Браткі, пра тое, што вы цяпер пачуеце, нікому ні словы. Чуеце? — нікому. Я прывёз міны з «сюрпрызам». Калі немцы пачнуць іх здымаць, яны будуць узрывацца. Таму закладваць будзеце вы самі і нікому іх не паказвайце.
Тамкоў паклаў на стол адну міну, а Лапко падрабязна расказаў, як трэба яе ўстанаўліваць.
— Зразумела? — спытаў начальнік штаба, адсунуўшы ў бок выбуховую прыладу.
Усе ў знак згоды заківалі галовамі.
— Тады разыходзьцеся. Славін і Панчанкаў, застаньцеся на пару мінут.
Антошын і Бартошык выйшлі. Лапко прысеў на лаўку:
— Вам, хлопцы, асобае заданне: з гэтай хвіліны ты, Панчанкаў, вока не спускай з Дубасіна, а ты, Славін, — з Сухоты. Хтосьці з іх адпросіцца перад аперацыяй схадзіць дахаты. Вы павінны асцярожна ісці за імі і высветліць, дзе яны пабываюць, з кім сустрэнуцца.
Уладзімір і Сяргей выйшлі.
Лапко падняўся з лаўкі, падышоў да стала:
— Ну, а зараз давай і мы з табой абмазгуем нашы дзеянні. Табе трэба паслаць групу з трох-чатырох чалавек да моста, пра які мы казалі байцам. Хай пасля выбуху абстраляюць ахову, але ў бой не ўступаюць. Я са сваімі хлопцамі прыкрыю нашых мінёраў. А ты збірай усіх пакінутых людзей, іх набярэцца, па-мойму, чалавек сорак.
— Сорак шэсць, — удакладніў Тамкоў.
— Яшчэ лепш. І рухайся вось да гэтага моста, — Лапко паказаў указальным пальцам умоўны знак на карце. — Да яго пятнаццаць кіламетраў. Трэба што б там ні стала яго падарваць. Берагі там высокія, і работа па аднаўленні зацягнецца надоўга.
— Ясна. Скажы, дзе мы сустрэнемся?
— Сюды вяртацца нельга. Калі немцы падаслалі інфарматара, то ён, па ўсёй верагоднасці, паспеў паведаміць ужо і пра месца знаходжання базы. Немцы, даведаўшыся, што пасля аперацыі мы збіраемся пакінуць гэтыя месцы, вядома, кінуць сюды свае сілы.
— Добра, я яшчэ паспею папярэдзіць людзей.
Лапко, ухваляльна кіўнуўшы галавой, спытаў:
— Цікава, спрацуе наша пастка?
— Патрывай, хутка даведаемся.
Ноч выдалася на рэдкасць непагодлівай. Па верхавінах дрэў гуляў вецер, лютавала завея. Снег сляпіў вочы. Славін ледзь адрозніваў постаць чалавека, які ішоў наперадзе. Хоць і непрыемнае такое надвор’е, але яно спрыяла Славіну. Сухота не бачыў Уладзіміра, не чуў яго крокаў. Яшчэ вечарам ён адпрасіўся ў Тамкова наведаць жонку, развітацца з ёй. Прычына выглядала вельмі ўважлівай. Бо атрад чакаў няблізкі, знясільваючы шлях, і паспрабуй здагадайся, калі з’явіцца магчымасць пабываць дома.
І цяпер, уцягнуўшы галаву ў велізарны каўнер паўкажушка, па калені правальваючыся ў снег, Сухота ледзьве выбіраўся з лесу. Адчувалася, што ён добра ведаў гэтыя мясціны, таму і ішоў па прамой.
Славін быў у ватовых штанах і ватоўцы. Але і такая адзежа не ратавала ад пранізлівага ветру.
Праз некаторы час Сухота выйшаў на дарогу, хвіліну-другую пастаяў, адсопся і адважна рушыў далей. Уладзімір, трохі пачакаўшы, пайшоў за ім. Ісці стала значна лягчэй. Хоць на дарозе вецер намёў гурбы, але пад нагамі адчувалася цвёрдая зямля. Уладзімір ведаў, што да вёскі, дзе жыў Сухота, яшчэ далекавата. Праяўляючы асцярожнасць, ён адпусціў свайго падапечнага наперад і ішоў па яго напаўзасыпаных слядах.