Выбрать главу

Уладзімір зрабіў вялікі глыток і ледзь не задыхнуўся, схапіўся за конаўку з вадой. Яго паклалі бліжэй да печкі, накрылі кажухом. Хлопец адразу ж заснуў.

А раніцай адбыўся суд.

Сухота здзівіўся, калі ўбачыў у штабной зямлянцы гэтулькі народа. Акрамя Тамкова і Лапко тут сабраліся ўсе камандзіры груп.

— Таварыш камандзір! Выклікалі? — спытаў ён, гледзячы на Тамкова.

— Так, выклікаў, і пытанне адно: колькі ж сярэбранікаў заплацілі табе фашысты за здраду?

— Якая здрада? Якія сярэбранікі? Вы штосьці блытаеце, таварыш камандзір! — Сухота стаяў бледны і, як бы шукаючы падтрымкі ў прысутных, па чарзе глядзеў на кожнага. — Не разумею, пры чым тут я?

— Цяпер зразумееш. Пра што ты гаварыў з жонкай мінулай ноччу?

— Пра што гаварыў? З чыёй жонкай? Маёй, ці што?

— Натуральна, — ледзь прыкметна ўсміхнуўся Тамкоў. — Маёй няма ў акрузе, ды і не размаўляла б яна з табой.

Яго ледзь прыкметную ўсмешку Сухота вытлумачыў па-свойму і, заўсміхаўшыся, сказаў:

— Вы што? Не ведаеце, пра што гаворыць мужык, які засумаваў па бабе? Наліла кружку самагонкі, закусіў, і бабу — на ложак павалок.

— Бабу, кажаш, павалок? — перабіў Лапко. — А яе выпадкова не оберлейтэнантам Хенікерам завуць?

Сухота разгубіўся. Ён ашалела глядзеў на Лапко і не мог прамовіць ні слова. Было відаць, што да свядомасці здрадніка дайшоў сэнс таго, што адбываецца, і ён зразумеў, што яго чакае. Да яго ўшчыльную падышоў Тамкоў і, ледзь стрымліваючыся, прагаварыў:

— Ну, што маўчыш, Цёмны? Ці табе нагадаць, дзе і з кім ты сустракаўся?

Сухота зразумеў, што гэта — канец, і, ужо не валодаючы сабой, зваліўся

на калені:

— Панове. прабачце, таварышы! Усё раскажу. Я ж нікому шкоды не прычыніў! Спалохаўся... абяцалі жыццё захаваць...

— А вось мы табе не абяцаем. Раскажы суду ўсё: і як здраднікам стаў, і як служыў фашыстам.

Сухота заплакаў. Размазваючы слёзы па твары, пачаў гаварыць:

— Немцы знайшлі ў мяне чырвонаармейскі шынель і сказалі: ці ў паліцыю ўступай, ці расстраляем.

— Дзе ўзяў? — спытаў Лапко.

— Яшчэ ў сорак першым, калі немцы толькі прыйшлі, адзін баец-акружэнец аддаў.

— Так проста і аддаў? Не веру. Круціш штосьці!

— Не, не кручу. за збан малака выменяў.

— Так, кажы далей!

— Ну, што тут далей? І сам не заўважыў, як з мяне даносчыка зрабілі. Мянушку далі — Цёмны.

Да Лапко падышоў Дубасін, штосьці спытаў. Той моўчкі кіўнуў. Дубасін звярнуўся да Сухоты:

— Гэта той баец, які ў Круталевічаў хаваўся?

Пытанне заспела Сухоту знянацку, і ён ледзь не адказаў «так», але тут жа спахапіўся:

— Не ведаю, той ці не той.

Дубасін павярнуўся да Лапко, усхвалявана сказаў:

— Я добра памятаю, як немцы акружылі хату Круталевічаў, вывелі адтуль параненага ў нагу чырвонаармейца, ён моцна кульгаў. Тады ўсіх Круталевічаў: дзеда, бабулю, іх дачку, траіх унукаў і таго пакалечанага немцы за вёскай расстралялі. Людзі казалі, што хтосьці падказаў фашыстам. Аказваецца, гэты прыхвасцень навёў!

Тамкоў спытаў у Сухоты:

— Ты падказаў?

— Не. не, не казаў.

— А ну, набрыдзь, праўду ў вочы рэж, не то горш будзе!

Сухота расплакаўся:

— Таварышы. прабачце. я спалохаўся. крывёй віну загладжу. прабачце, малю вас.

— Адказвай: ты паведаміў пра чырвонаармейца? Толькі не круці! Адно слова няпраўды? — і каюк табе.

Сухота выдушыў з сябе:

— Яны б самі знайшлі, у кожнай хаце ўсё дагары нагамі перавярнулі, зброю шукалі.

— Брэшаш, гад печаны! — умяшаўся Дубасін. — Не лазілі яны ў кож­ную хату, а адразу да хаты Круталевічаў накіраваліся. — Ён павярнуўся да партызан: — Людзі добрыя! Мне цяпер ясна і іншае. Не прайшло і тыдня пасля расстрэлу чырвонаармейца і гэтай беднай сям’і, як немцы і паліцаі зноў уварваліся ў вёску. Гэтым разам ад іх злачынных рук загінулі два настаўнікі, бухгалтар, тры калгасныя брыгадзіры. Магу цвёрда сказаць, таварышы: тут не абышлося і без гэтага ўблюдка.

Славін і Тамкоў пераглянуліся. Панчанкаў, які ўвесь час уважліва сачыў за Дубасіным, бадай, зразумеў, што перад ім стаіць не варожы лазутчык, а свой чалавек, хоць некалькі і дзіўны на першы погляд, аднак сапраўдны партызан. Сяргей збянтэжана апусціў вочы. Ён цяпер не мог не ўспомніць, як горача пераконваў Уладзіміра Славіна, што калі ўжо і ёсць у атрадзе здраднік, то ім павінен быць гэты падазроны чалавек.

Тамкоў спытаў:

— Сухота! Што ты можаш сказаць?

Той, ледзь выціскаючы з сябе словы, прызнаўся, што Дубасін кажа праўду.

Лапко задаў наступнае пытанне: