— Раскажы, як у наш атрад прабраўся?
— Хенікер загадаў.
— Калі?
— Калі іх машыны пачалі падрывацца. Ён выклікаў і сказаў, каб да вас у атрад пайшоў.
— Як ты даносіў пра тое, дзе міны пастаўлены?
— Пасля мініравання дарогі я заўсёды дахаты адпрошваўся, а ў сапраўднасці да обер-лейтэнанта бегаў.
— Што ты яму гэтай ноччу паведаміў?
— Што будзем мініраваць дарогу і мост знішчым.
— Месцы мініравання паказаў?
— Так.
— Казаў, што атрад пасля аперацыі сыдзе з гэтых месцаў?
— Сказаў, што на злучэнне з галоўнымі сіламі сыдзем.
— Якое заданне атрымаў?
— Ісці з вамі і, як толькі з’явіцца магчымасць, паведаміць пра сябе любому нямецкаму афіцэру.
— Ясна? — Лапко абвёў поглядам партызан. — У каго ёсць пытанні да здрадніка?
Сухота хутка падпоўз да Тамкова:
— Пашкадуеце, далібог, загладжу сваю віну. Выканаю любое заданне. Магу схадзіць да іх, прывабіць сюды, а тут мы іх перастраляем.
— Кінь, поскудзь! У тваёй дапамозе не маем патрэбы. Перастраляем і самі. — Андрэй Лявонцьевіч ботам адпіхнуў у бок Сухоту. — Які будзе прысуд здрадніку?
Усё як адзін адказалі:
— Смерць!!!
Пасля таго як адвялі паліцая, Тамкоў распарадзіўся:
— Збірайцеся, таварышы, у дарогу. Аперацыю правядзём не заўтра ўначы, а сёння.
Усе выйшлі з зямлянкі. Праз гадзіну база апусцела. Лапко з Тамковым параіліся і вырашылі мініраваць дарогу не на тым участку, дзе было запланавана, а зусім у іншых месцах. Неабходнасць у фальшывым нападзе каля вялікага моста адпадала. Значыць, зараз можна было накіраваць галоўныя сілы атрада да далёкага моста, які мае важнейшае для немцаў значэнне.
Калі ўсе партызаны выстраіліся ў калону, стала відаць, у якое грознае баявое падраздзяленне ператварылася за параўнальна невялікі тэрмін група Тамкова. Наперадзе на двух шырокіх сялянскіх простых санях стаялі гатовыя да стральбы трафейныя станковыя кулямёты, у хвасце калоны, таксама на санках, грозна выставіў нос знакаміты «максім». Многія партызаны былі ўзброены аўтаматамі.
Тамкоў выслаў наперад разведку, а ззаду атрада арганізаваў рухомыя групы прыкрыцця. Было вырашана прайсці па дарозе дзесяць кіламетраў, а затым, падзяліўшыся на чатыры групы, зноў сысці ў лес, каб сустрэцца ўжо каля моста.
Да чатырох гадзін раніцы апынуліся ля прызначанага месца.
Усё заляглі і асцярожна папаўзлі да моста. Славіну паўзці заміналі дзве гранаты, і ён адшпіліў іх ад рэменя, рассунуў па кішэнях і пачаў хутка даганяць сваіх таварышаў. Толькі параўняўся з Лапко, як мясцовасць ярка асвятлілася. Камандзір захіліў рукой яго галаву:
— Замры! Ракеты!
Славін ткнуўся падбародкам у снег, а з-пад ілба працягваў глядзець наперад. Пры мігатлівым святле ён убачыў цёмныя парэнчы моста. У гэты момант зусім побач, узбоч, штосьці сыкнула: упала падпаленая ракета.
Уладзімір хацеў было адпаўзці ў бок, але Лапко загадаў:
— Не рухайся!
Ён сарваў са сваёй галавы шапку-вушанку і накрыў ракету. Партызаны ляжалі нерухома мінут дзесяць, пакуль не пераканаліся, што ў размяшчэнні ворага ціха. Відавочна, хтосьці з немцаў ці то пачуў падазроны шум, ці то вырашыў агледзець вакол сябе мясцовасць, запусціў асвятляльную ракету.
У агароджы з калючага дроту было зроблена некалькі праходаў. Засталося толькі чакаць сігналу да атакі. І вось над полем узвілася чырвоная ракета. Адразу ж магутна ўдарылі партызанскія кулямёты і аўтаматы, грымнула «ўра!». Партызаны змаглі падабрацца да варожых пазіцый на блізкую адлегласць. Іх кідок быў настолькі імклівым, што аказаць супраціўленне практычна маглі толькі вартавыя ды немцы, засеўшыя ў двух кулямётных гнёздах. Тыя гітлераўцы, якія выскоквалі з невялікіх драўляных хат, адразу траплялі пад шчыльны агонь наступаючых.
Лапко імгненна ацаніў абстаноўку. Павярнуўся да сваіх і падаў каманду. Байцы ўскочылі на ногі і, паліваючы агнём немцаў, якім удалося прарвацца ў акопы, кінуліся да моста. Лапко, Славін, Панчанкаў з тылу атакавалі кулямётнае гняздо. Праўда, і па іх групе немцы стралялі. Кулі ўспорвалі снег ля самых ног нашых байцоў. Лапко паспеў скокнуць у кювет, а Славін і Панчанкаў зваліліся проста на дарогу. Уладзімір прыпадняўся, з усіх сіл шпурнуў гранату ў кулямётнае гняздо. Раздаўся выбух. Байцы кінуліся наперад. Да немцаў, якія заселі ў акопах, заставалася метраў пятнаццаць. Але ў Славіна аказалася толькі адна граната. Ён крыкнуў Панчанкаву, каб той кінуў сваю гранату, у яго іх было тры, але Сяргей ляжаў на снезе і не варушыўся, выкінуўшы наперад левую руку. Славін падпоўз да яго.
— Што з табой?