Выбрать главу

— Хадземце, хадземце, родныя, у хату! Я вас накармлю і адмыю.

У Таццяны Андрэеўны закружылася галава і ўсё вакол паплыло перад вачамі.

Бабулька і дзеці ўзялі яе пад рукі і завялі ў хату.

Старая жыла адна. Яе трое сыноў знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, а муж мінулай зімой прастудзіўся і памёр.

Амаль тры тыдні прабылі ў гасціннай і сардэчнай бабулькі Таццяна Андрэеўна і яе дзеці. Але аднойчы раніцай у вёску наляцелі фашысты і паліцаі. Таццяна Андрэеўна схапіла дзяцей і кінулася ў лес. Зноў пачаліся дні блуканняў.

Зрэдку яны заходзілі ў вёскі. Людзі дзяляліся з імі, чым маглі. Наступіла восень, спаць у лесе было холадна. Таццяна Андрэеўна ўспомніла гасцінную бабульку і вырашыла ісці назад.

«Калі жывая бабуля, — думала Таня, — то яна, напэўна, зноў дасць прытулак нам».

Бадзяючыся ў лесе, Мачалава навучылася добра арыентавацца ў ім, да вёскі яны выйшлі хутка. Але тое, што яны там убачылі, нагадала трагедыю, перажытую ўлетку. На месцы вёскі чарнелі папялішчы ды віднеліся задымленыя печы. Нібы ў сне, трымаючы дзяцей за рукі, ішла Таццяна Андрэеўна да таго месца, дзе раней стаяла хата бабулі Лізы. Розум адмаўляўся ўспрымаць пабачанае, а ногі самі вялі яе да папялішча. І раптам — што за насланнё? Да іх насустрач тупае бабуля Ліза. Мачалава вырашыла, што гэта галюцынацыя, але бабулька загаварыла:

— Госпадзі, няўжо гэтыя вы? Жывыя-здаровыя!

І Таццяна Андрэеўна зразумела, што гэта сапраўды бабуля Ліза. Яны абняліся і заплакалі. Бабулька, гучна ўсхліпваючы, расказала:

— Як ты, Таня, добра тады зрабіла, што сышла з дзецьмі. Немцы пачалі выганяць людзей на вуліцу і строіць у калону. Я адразу ж успомніла пачутае ад цябе і, не чакаючы, пакуль прыйдуць гэтыя антыхрысты да маёй хаты, праз агарод кінулася наўцёкі. А ў вёсцы крыкі, стрэлы. Я схавалася ў лесе, а сама ў душы не веру, што яны могуць і нашу вёску спаліць. Але калі ўбачыла, што паўнеба дымам чорным завалакло, то зразумела, што і наша чарга прыйшла. Праседзела я ў лесе да раніцы, а калі прыйшла ў вёску, то вось гэта і заспела. Спалілі немцы людзей нашых — баб, дзяцей ды старых, а самі паселі ў аўтамабілі і паехалі далей. Што ж гэта робіцца, людзі мілыя?

Бабулька памаўчала трохі, а затым працягвала:

— Не стала я сыходзіць з вёскі. Вырашыла, што не сунуцца сюды яны зноў, і засталася жыць тут. Вунь, у склепе зараз мая хата. — Яна кіўнула галавой на прысадзістае збудаванне. — Хачу толькі да зімы трохі ўцяпліць ды і для абагрэву што-небудзь прыдумаць. Ну, а вы як?

Таццяна Андрэеўна горка ўсміхнулася:

— Хістаемся па белым свеце, як той казаў, ні хаты ні лапаты, ні долі людскай.

— А ведаеш, дачка, — бабулька дакранулася да рукі Таццяна Андрэеўны, — заставайся ты з дзецьмі ў мяне. Будзем разам сваіх чакаць. Падрыхтуемся да зімы, — яна махнула рукой у бок, дзе стаялі раней хаты. — Паглядзі, дзе-нідзе дымок ідзе — гэта той, хто ацалеў, уладкоўваецца.

Нібы цёплая хваля сагрэла сэрца Мачалавай. Глынаючы слёзы, яна сказала:

— Дзякуй вам, бабуля.

— Што мне, дачка, дзякаваць...

Мачалава павярнулася да дзяцей:

— Ну вось, лічыце, што мы дамоў прыйшлі. Давайце зараз за работу брацца.

Юля і Ваня заўсміхаліся і ў знак згоды заківалі галовамі.

— Вось і правільна, — сказала бабулька. — Бульба ў мяне ёсць, крыху сала ў кубельцы засталося. Як-небудзь пражывём.

Так і пачалі жыць Мачалавы ў бабулі Лізы. Не сталі яны склеп уцяпляць, а за тыдзень збудавалі са старых дошак, паўабгарэлых дзвярэй, жэрдак і тонкіх ствалоў дрэў часовае збудаванне, уцяплілі мохам, яловымі лапкамі і сухім лісцем. А дзядок — адзін з нешматлікіх жыхароў, якія змаглі ўцячы, калі ў вёску наляцелі немцы, — дапамог зрабіць са старой жалезнай бочкі печку. Нарыхтавалі на зіму дроў. А вось адзежы нідзе не ўдалося расстарацца. Бабу­ля Ліза адшукала ў адным са скляпоў дзве старыя ватоўкі і рэшткі кажуха, потым узялася за абутак. Спляла ўсім лапці.

Прыйшла зіма. Выдалася яна снежнай, марознай і ветранай. На вуліцу выходзілі толькі ў выпадку неабходнасці.

Быў вечар. Агонь, які гарэў у самаробнай жалезнай печцы, кідаў чырванавата-цьмянае святло на твар Таццяны Андрэеўны. Бабуля Ліза і дзеці спалі. Мачалава хацела даўжэй падтрымаць у печы агонь, каб менш мерзлі дзеці.

Жанчыны, не змаўляючыся, па чарзе рабілі гэта ў сцюдзёныя ночы.

На душы ў Таццяны Андрэеўны было цяжка. Да яе кожны вечар прыходзілі трывожныя думы пра Пятра. Застаўшыся сам-насам са сваімі болем і трывогай, яна ні на секунду не сумнявалася, што ён жывы. «Адзінае, што мне цяпер трэба, — гэта вытрываць, захаваць дзяцей. Я веру, што мы будзем разам!»