Выбрать главу

А ў металічнай пячурцы гарэў агонь, нібы пацвярджаючы, што, наперакор гору і бядзе, жыццё на зямлі працягваецца.

Уладзімір Славін

Люты лютаваў. Амаль штодзённыя завеі, моцныя маразы ўскладнялі дзеянні партызан. Атраду, камандзірам якога быў Тамкоў, вельмі не хапала харчоў, не ставала цёплай адзежы. Паўкажушкі, валёнкі, шапкі-вушанкі былі ўзяты на строгі ўлік. Іх перадавалі з рук у рукі толькі тым, хто ішоў на баявыя заданні.

Але сёння да бою рыхтаваліся ўсе. Атрад атрымаў заданне выбіць з вёскі, якая знаходзілася на ўскраіне партызанскай зоны, узмоцненую роту карнікаў. Фашысты з’явіліся ў вёсцы напярэдадні ўвечары, і, відавочна, моцны мароз і завіруха не дазволілі ім адразу ж прыступіць да знішчэння вёскі.

Сувязны, які прыбег уначы ў атрад на самаробных лыжах, паведаміў, што немцы, з цяжкасцю дабраўшыся да вёскі на машынах і двух танках, выставілі на ўскраінах моцныя заслоны. Фашысты разумелі, дзе знаходзяцца, і былі гатовыя адбіць атаку партызан.

Тамкоў далажыў аб тым, што адбылося, камандзіру брыгады. Гэта вельмі ўстрывожыла Глазкова. У вёсцы жылі многія сем’і партызан, у надзейных людзей хаваліся цяжкапараненыя байцы.

Славін таксама быў нямала ўсхваляваны. У гэтай вёсцы жыла яго маці. Але Настассі Георгіеўне дала прытулак адзінокая бабулька. Разам яны бавілі цяжкія дні, глядзелі гаспадарку. Уладзімір ужо тройчы паспеў сустрэцца з маці. У апошні раз быў у яе разам з Жэняй. Пры расстанні Настасся Георгіеўна далікатна пагладзіла дачку, абняла сына, паплакала: «Беражыце, дзеткі, сябе. Бо адны вы засталіся ў мяне.»

І вось зараз маці апынулася ў смяротнай небяспецы.

Збіраючыся ў паход, Уладзімір нацягнуў на сябе ўсё, што ў яго засталося з адзежы. Горш было з абуткам. Старыя кірзавыя боты зусім разваліліся. І ён паміж анучамі ўклаў праслойку з нямецкіх газет, добра, што боты былі вялікія і газеты туды свабодна ўваходзілі. Тупнуў левай нагой, тупнуў правай, прайшоўся па зямлянцы. «Нічога, вытрымаю», — падумаў Уладзімір і стаў рыхтаваць зброю. Праверыў аўтамат, набіў магазін патронамі, прышпіліў да шырокага трафейнага рэменя адзіную гранату, зірнуў на Грыбава і Бартошыка:

— Ну што, хлопцы, гатовыя?

Неўзабаве ўсе трое выйшлі на паляну, дзе строіўся атрад.

Раніцай партызаны наблізіліся да вёскі з трох бакоў. Як наліха, нечакана супакоілася завіруха. Празрыстае марознае паветра пранізвалі яркія прамяні сонца. Вакол вёскі ляжала чыстая некранутая цаліна. Ахопліваючы вёску кальцом, партызаны паўзком набліжаліся да хат. Два бранябойшчыкі пакуль засталіся на ўзлеску, хаваючыся ў хмызняку. Яны трымаліся ў рэзерве на выпад ак з’яўлення фашысцкіх танкаў. З адзінай у атрадзе 45-міліметровай гарматы вырашылі ўдарыць па нямецкіх кулямётчыках, якія асядлалі дарогу пры ўездзе ў вёску.

Уначы карнікаў атакаваць было б лягчэй. Але камандаванне атрада разу­мела і іншае: начны бой у вёсцы небяспечны для мясцовых жыхароў. Разлік быў на тое, што немцы менш за ўсё могуць чакаць нападу днём, што большасць з іх, калі пачнецца бой, акажацца на вуліцы, дзе іх лягчэй будзе знішчыць. Каб пасеяць паніку ў лагеры праціўніка, Лапко пасадзіў сорак байцоў на коней, даў гэтай групе два кулямётныя разлікі, якія размясціліся на санях. Перад імі была пастаўлена задача — з ходу ўварвацца ў вёску, скаваць дзеянні праціўніка.

Роце, якой камандаваў Крайнюк, трэба было атакаваць вёску з процілеглага боку.

Славін, цяжка дыхаючы, поўз побач з іншымі байцамі. Да бліжэйшага хлява, за якім пачыналіся сялянскія двары, заставалася метраў дзвесце. Рап­там з-пад даху хлява гулка застрачыў буйнакаліберны кулямёт. Байцы замерлі на месцы, глыбей закопваючыся ў снег.

— Бяры з сабой Панчанкава, зайдзіце з фланга, знішчыце кулямёт! — распарадзіўся Крайнюк, звяртаючыся да Грыбава.

Славін адшпіліў ад рэменя гранату і працягнуў яе Панчанкаву:

— Вазьміце! Спатрэбіцца.

Грыбаў і Аляксей Іванавіч Панчанкаў, бацька загінуўшага Сяргея, узяўшы крокаў на пятнаццаць у бок, хутка папаўзлі наперад.

Крайнюк наўмысна даручыў Панчанкаву і Грыбаву знішчыць кулямётчыкаў. Антон, як і ўсе байцы атрада, бачыў, што гэты пажылы чалавек пасля страты сына змяніўся, стаў маўклівым, часта сыходзіў у лес, доўга блукаў там, а ў баі дзейнічаў напралом, нібы не разумеў, што яго таксама ў любую секунду можа зваліць варожая куля.

І цяпер Славін увесь час асцерагаўся, што Аляксей Іванавіч не вытрымае, кінецца ва ўвесь рост на кулямёт. Але Крайнюк думаў інакш. Панчанкаў быў вельмі адказным чалавекам, і, атрымаўшы загад знішчыць кулямёт, ён будзе, канешне, асцярожным, разумеючы, што ад яго прадуманых дзеянняў залежыць многае.