Партызаны, як краты, закопваліся ў снежныя гурбы. Некаторыя, выбраўшы лепшую пазіцыю, вялі прыцэльны агонь па даху хлява. Некалькі разоў кулямёт захлынаўся, відавочна, партызанскія кулі дасягалі цэлі. Крайнюк, асцярожна выглядаючы з гурбы, заўважаў, што ў многіх месцах байцы знішчылі нямецкую абарону і ўварваліся ў вёску. «Вось бы хто-небудзь здагадаўся ўдарыць па хляве з тылу», — падумаў ён. Але пакутліва цягнуліся хвіліны, а кулямёт не змаўкаў, паліваючы атакаваўшых свінцовым агнём. Антон убачыў, як недалёка ад хлява ўскочыў на ногі Грыбаў, зрабіў некалькі крокаў і зваліўся. «Забілі! — пахаладзеў ад здагадкі Крайнюк. — Флангі таксама прыкрылі жывадзёры!» Ён перадаў загад па ланцугу засяродзіць агонь на дах хлява і з трывогай падумаў пра Панчанкава: «Дзе ж ён? Ці дойдзе?» І тут жа ўбачыў знаёмую постаць. Патанаючы па пояс у снезе, Аляксей Іванавіч прабіраўся ўздоўж сцяны хлява. «Дабраўся! — узрадаваўся Антон. — Але як ён закіне гранату?»
А Панчанкаў нечакана адскочыў на некалькі крокаў ад хлява і ўзмахнуў рукой. На даху разарвалася граната, кулямёт адразу ж захлынуўся. Панчанкаў другі раз узмахнуў рукой, і выбух раздаўся там, адкуль яшчэ некалькі хвілін назад біў аўтамат. І ў гэты момант кароткая аўтаматная чарга, пасланая з іншага канца даху, паразіла Аляксея Іванавіча, і ён зваліўся ніцма ў снег.
Крайнюк ускочыў на ногі:
— За мной! Ура-а-а!
Партызаны кінуліся наперад. З абодвух канцоў хлява чуліся вінтовачная стральба, аўтаматныя чэргі, але яны ўжо не маглі спыніць імклівую атаку. Супраціўленне немцаў было падаўлена, і наступленне перакінулася ў глыб вёскі.
Але ў гэты момант становішча рэзка змянілася. З-за крайняй хаты выскачыў танк, пафарбаваны ў белы колер. Раскідваючы снег, ён ішоў проста на байцоў Славіна, вырыгваючы кулямётны агонь. У шэрагах партызан пачалося замяшанне: адны кінуліся назад — да хлява, другія — наадварот, наперад, да недалёка размешчаных хат. Кожны адчуваў сябе зусім безабаронным перад бязлітаснай машынай, закутай у тоўстую браню. Убачыўшы гэта, Тамкоў накіраваў на выручку групе Славіна адну санную запрэжку з бранябойшчыкам. Першы жа стрэл аказаўся на рэдкасць удалым: сталёвая махіна задымілася і спынілася. Толькі цяпер Славін заўважыў, што ён стаіць у самай сярэдзіне вялікай гурбы, патануўшы ў ёй па пояс. Выгляд танка, які з’явіўся нечакана, ашаламіў, прыкаваў да месца. Уладзімір азірнуўся і ўбачыў, што двое партызан нясуць Грыбава. «Значыць, жывы!» — абрадаваўся ён, рынуўшыся наперад, да цэнтра вёскі.
Славін бег уздоўж высокага частакола і, эканомячы патроны, вёў агонь толькі па бачных цэлях. Раптам ён адчуў рэзкі пранізлівы боль у жываце і, трацячы прытомнасць, зваліўся ў снег.
Славін ачуўся праз некалькі гадзін ад нясцерпнага болю. Расплюшчыў вочы, убачыў шэрае неба. Яму здалося, што яно чамусьці калышацца. Уладзімір паглядзеў наперад, і погляд яго ўтаропіўся ў спіну чалавека. Здагадаўшыся, што яго нясуць, падумаў: «Хто яны? Немцы ці свае?» — і зноў страціў прытомнасць.
Уладзімір ачуняў у нейкай хаце, у прыцемку ўбачыў нізкую куродымную столь і нечы схілены над ім твар. Угледзеўся, пазнаў Тамкова. Той усміхнуўся:
— Расплюшчыў вочы! Трымайся, хлопец, усё наладзіцца!
— Дзе я? — ледзь чутна спытаў паранены. Яго сухія вусны крыху варушыліся. Тамкоў нахіліўся яшчэ ніжэй:
— Што ты сказаў?
Валодзя адчуў, як яго твару кранулася штосьці прахалоднае. Хтосьці, хто стаяў у галовах, намачыў вільготнай ваткай яго губы. Ён паспрабаваў піць. З паўзмроку пачуўся жаночы голас:
— Нельга табе, родненькі. У цябе раненне ў жывот. Патрывай, цяпер паедзем далей, там цябе доктар паглядзіць. Усё будзе добра.
Уладзімір адчуў, што яго падымаюць моцныя рукі, кладуць на насілкі, нясуць у двор, апускаюць у нізкія санкі. Побач села жанчына, а наперадзе нейкі стары, які адразу ж крануў за лейцы каня, і сані асцярожна заслізгалі наперад.
Толькі цяпер Валодзя пазнаў жанчыну. Гэта была Панчанкава. Ён успомніў Сяргея, яго сястрычку Надзю. Потым ва ўяўленні паўстаў Аляксей Іванавіч у той момант, калі ён прабраўся да хлява і кінуў на дах адну за адной дзве гранаты. Уладзімір ледзь чутна паклікаў Панчанкаву. Жанчына нахілілася над ім:
— Што ты хочаш, сынок?
— Цётка Дуся, што з Аляксеем Іванавічам?
Жанчына адвяла вочы.
— Усё ў парадку, трохі паранены ён.
Яна не магла сказаць праўду гэтаму хлопцу. У яго самога жыццё ліпела на павуцінцы. Славін спытаў:
— А мая мама жывая?
— Жывая, жывая. Ты ляжы спакойна, табе нельга размаўляць.
Уладзіміру сапраўды было цяжка гаварыць, але ён сабраўся з сіламі і зноў спытаў: