Выбрать главу

Нібы здалёку, ён пачуў голас санітаркі:

— Як сябе адчуваеш, сынок?

— Дзякуй, цётка Дуся, добра. Куля ўва мне на памяць засталася.

Жанчына, асцярожна ідучы па раскіслым снезе, накіравалася да зямлянкі.

Засунуўшы рукі ў кішэні шпітальнага паўкажушка, Славін глядзеў ёй услед: «Трэба ж так трымацца. Пра згубу Аляксея Іванавіча нават мне не сказала. Шкадавала, мабыць».

Прайшло яшчэ два тыдні. Да Уладзіміра паступова вярталіся сілы. З кож­ным днём ён адчуваў сябе ўсё лепш. Нарэшце наступіў дзень, калі яму было дазволена ўступіць у строй.

У канцы красавіка цёплым сонечным днём Славін з’явіўся ў атрадзе. Першым абняў яго Тамкоў.

— Выкарабкаўся ўсё ж. Малайчына! Далібог, малайчына! Сказаць папраўдзе, не дужа верыў, што акрыяеш. Ну, нічога. Жыць табе зараз, хлопец, да ста гадоў! А цяпер прымай аддзяленне. У ім, быццам для цябе, сабраліся маладыя хлопцы, камсамольцы. Работы хопіць пад завязку. Пазнаёмішся з аддзяленнем — і прыходзь у штабную зямлянку, атрымаеш заданне.

У аддзяленні Славін сустрэўся з маладымі партызанамі. Гэта былі хлопцы з новага папаўнення.

З гэтага моманту і пачалося для Уладзіміра цяжкае жыццё, поўнае пастаяннай небяспекі.

Немцы, адчайна супраціўляючыся, далей адкочваліся на захад. Аднак фюрар кідаў на Усходні фронт новыя войскі, тэхніку, боепрыпасы. Партызаны рабілі ўсё магчымае, каб зблытаць фашысцкія стратэгічныя і тактычныя планы, не даваць ворагу спакою ні днём ні ўначы.

Партызаны з аддзялення Славіна мініравалі далёкія ўчасткі чыгункі і шашу.

Неяк увечары Тамкоў паклікаў Уладзіміра ў сваю зямлянку:

— Паводле дадзеных разведкі, у гэтых краях у немцаў застаўся адзін рамонтна-аднаўленчы цягнік, абсталяваны магутным пад’ёмным кранам. Хачу даручыць твайму аддзяленню папаляваць на яго. Спачатку меркавалася падлавіць яго на мосце і падарваць. Але ж на падыходзе нашы, і вось-вось паступіць каманда: не даць фашыстам знішчыць гэты мост. Таму мы вырашылі сіламі двух аддзяленняў правесці наступную аперацыю: Крайнюк са сваімі хлопцамі падарве на адным з участкаў варожы эшалон, і немцы пашлюць туды кран. Ты са сваімі хлопцамі замініруеш дарогу вось тут, — Тамкоў паказаў чырвоную пазнаку на трафейнай нямецкай карце, — на гэтым крутым павароце. Дарога тут праходзіць па высокім насыпе, а па баках — балота. Калі ўдасца пусціць цягнік пад адхон, то дастаць кран з балота немцы не змогуць.

Славін прыкінуў на вока адлегласць ад базы да кропкі, якую паказаў на карце камандзір.

— Кіламетраў трыццаць набярэцца.

— Трыццаць пяць. Я ведаю, што ты туды яшчэ не хадзіў. Таму возьмеш з сабой Белавуса. Гэтыя месцы ён ведае выдатна.

— Белавуса? — перапытаў Уладзімір і недаверліва ўсміхнуўся. Яму ўжо не раз даводзілася слухаць расповеды пра гэтага чалавека, пра яго дзівакаваты характар. Раней Белавус ваяваў у іншым атрадзе, які патрапіў у блакаду, вымушаны быў падзяліцца і выходзіць з акружэння невялікімі групамі. Вось тады Белавус і сустрэўся з партызанамі Тамкова. Камандзір распытаў яго, даведаўся, хто ён такі, адкуль, пацікавіўся, што можа рабіць.

Белавус флегматычна адказаў:

— Магу цягнікі падрываць.

— Што яшчэ ўмееце?

— Магу цягнікі не падрываць, — таксама хмурна і даволі млява адказаў партызан...

Тамкоў усмешку і маўчанне Славіна вытлумачыў па-свойму:

— Што, сумняваешся? Гэта дарма. Мужык талковы. З любой сітуацыі выйсце знойдзе. Дарэчы, атрад, у якім ён быў да пераходу да нас, знаходзіўся ў тым раёне.

— Не, не пра гэта я падумаў, Андрэй Лявонцьевіч. Успомніў, як ён з вамі пазнаёміўся.

Тамкоў засмяяўся:

— Так, гэта сапраўды было. Яму і далі мянушку майстар дзвюх спраў. Ну, ідзі. Рыхтуйся...

Славін выйшаў ад камандзіра і хутка адшукаў Белавуса. Той сядзеў ля ўвахода ў зямлянку, чысціў вінтоўку. Уладзімір прымасціўся побач:

— Мяне толькі што Тамкоў выклікаў, загадаў правесці адну аперацыю. Накіроўвае ў тыя месцы, дзе ты раней партызаніў. Параіў і цябе ўзяць. Як ты на гэта глядзіш?

Той падняўся на ногі, ускінуў вінтоўку, прыцэліўся ў верхавіну хвоі.

Белавус быў высокі, магутны, светлавалосы хлопец, у плячах касы сажань. Славін заўважыў, што ён нават вінтоўку ўскідвае марудліва. «Няўклюда, ці будзе з яго толк?» — падумаў Уладзімір. А Белавус, прыхінуўшы да дрэва вінтоўку, выцер рыззём рукі і толькі пасля гэтага зірнуў на Славіна:

— А нам, салдатам-мужыкам, усё адно, што кулямёт, што самагонка... Абы з ног збівала.