Славін усміхнуўся:
— Дык пойдзеш?
— Я ж адказаў: нам, падрыўнікам, усё адно, дзе ўзрываць — далёка ці блізка, абы нямецкія эшалоны пад адхон ляцелі. Калі ідзём?
— Г адзіны праз дзве. Начаваць будзем ужо там.
— Буду рыхтавацца, — спакойна сказаў Белавус і, сабраўшы раскіданыя на траве маслёнку, шомпал, некалькі ануч, узяў вінтоўку і пайшоў у зямлянку.
Пасля гэтага Славін сустрэўся з Крайнюком. Той таксама рыхтаваўся да аперацыі. Некалькі хвілін таму ён інструктаваў сваіх байцоў. Цяпер усе збіраліся на заданне.
Славін і Крайнюк селі за стол, разгарнулі карту.
— Разумееш, — казаў Славін, — мне трэба падарваць толькі рамонтнааднаўленчы цягнік. А як яго апазнаць у цемры?
— Прагаласуеш, спыніш і спытаеш, — пажартаваў Антон.
— Сапраўды, выйсце, — усміхнуўся Славін і ўжо сур’ёзна працягваў: — Застаецца адно: падлавіць яго ў дзённы час. Таму давай дамовімся так: ты падрываеш першы цягнік, які пойдзе раніцай, досвіткам, а я замінірую палатно яшчэ ўначы і буду чакаць, калі днём з’явіцца рамонтнік. Немцы ў гэты час адчуваюць сябе больш смелымі і будуць цягнік гнаць да месца здарэння на вялікай хуткасці, а мы тут як тут — ірванём яго.
Да світання было яшчэ далёка, калі маленькі атрад прыбыў у прызначаны раён. Славін дазволіў людзям гадзінку адпачыць. Потым група рушыла да чыгункі. Паказаўся насып — высокі, стромкі, цяжкадаступны. Першым палез наверх Белавус. Ён асцярожна цягнуў скрыню з узрыўчаткай, за ім узбіраліся Славін і яшчэ два байцы, адзін з якіх цягнуў за сабой дрот.
Цяжка дыхаючы, падняліся на насып. Баец перадаў дрот Уладзіміру, а сам з аўтаматам хутка папоўз налева. Яго таварыш накіраваўся направа. Перад імі стаяла задача — ахоўваць мінёраў.
Белавус з дапамогай яшчэ аднаго байца, які таксама прыцягнуў скрыню з узрыўчаткай, не спяшаючыся, але з вялікім спрытам вырыў сапёрнай лапаткай яму пад рэйкай на правай каляіне, заклаў туды ўзрыўчатку, уставіў дэтанатар з прымацаваным да яго дротам. Затым яны прарабілі на левай каляіне тое самае, злучылі электрапровадам абодва зарады.
— Усё! Можна маскіраваць, — далажыў Белавус, і падрыўнікі пачалі старанна замятаць сляды мініравання сухім жвірам, галькай, выпацканай мазутам. Пасля гэтага Белавус двойчы тузануў за кабель. Гэта быў сігнал для сваіх, якія знаходзіліся на ўзлеску.
Калі яны спусціліся з пагорка і падышлі да сваіх, набліжаўся світанак. Славін загадаў двум байцам заставацца ў дазоры, а астатнім адпачываць:
— Днём давядзецца быць напагатове, а цяпер паспрабуйце як след выспацца.
Наламаўшы галінак і паслаўшы іх на зямлю, партызаны ўлегліся. Паспрабаваў трохі задрамаць і Славін, але яго разбудзіў шум цягніка. Ён прамчаўся з грукатам і ляскам. Уладзімір падумаў пра Крайнюка:
«Пэўна, «яго» састаў пайшоў».
Праз некалькі хвілін прагрукатаў другі цягнік, затым трэці, чацвёрты... Уладзімір паступова прывык да гэтага шуму, што закалыхвае, неўпрыкметку задрамаў.
Яго разбудзіў баец, які знаходзіўся ў дазоры:
— Камандзір! Пад’ём! Глядзі, дрызіна ідзе. Мабыць, нашы спрацавалі.
Славін вызірнуў з-за куста, убачыў на мотадрызіне немцаў, узброеных кулямётамі.
— Будзі ўсіх!
Партызаны хутка давялі да ладу свой няхітры рыштунак. Белавус як галоўны падрыўнік зняў кавалак брызенту з магнета, старанна праверыў кантакты. Байцы моўчкі разыходзіліся па сваіх месцах.
Удалечыні пабачылі дым. «Цягнік! Толькі які?» — усе з напружаннем глядзелі на паварот, адкуль павінен быў паказацца варожы састаў. А вось і ён. «Рамонтнік!» — выдыхнуў Славін і зірнуў на Белавуса.
Састаў набліжаўся. Наперадзе яго знаходзіліся дзве адкрытыя платформы з пяском. Звычайна з такімі платформамі цягнікі ідуць павольна. Але немцы спяшаліся як на пажар. Таму і гналі рамонтна-аднаўленчы цягнік на вялікай хуткасці.
Белавус неадрыўна сачыў за саставам, але твар яго заставаўся спакойным, нават нейкім сумным.
«Толькі б не празяваў!» — каторы раз падумаў Уладзімір, і ў гэты момант проста пад коламі паравоза грукнуў выбух. Увесь састаў з тэхнікай, магутным кранам паляцеў пад адхон.
— Усім адыходзіць! — гучна крыкнуў Славін і пабег у пушчу.
Беглі доўга, цяжка дыхаючы. Усе разумелі, што трэба хутчэй пераадолець шашу. Неўзабаве даведаліся непрыемную вестку: дарога занята, фашысцкія войскі ачапляюць лес. Славін запытальна зірнуў на Белавуса, той зразумеў:
— Давайце за мной!
Ён павярнуў направа і пабег паралельна шашы. Усе кінуліся за ім. Густыя калючыя хмызнякі драпалі твары і рукі.
Сонца паказвала ўжо на поўдзень, калі партызаны наблізіліся да шашы ў іншым месцы. Белавус спытаў дазволу схадзіць у разведку. Славін накіраваў з ім яшчэ аднаго байца. Астатнія паваліліся на зямлю, каб хоць крыху адпачыць. Людзі пакутавалі ад смагі, аблізвалі перасохлыя вусны, але ў пляшках вады не засталося.