— Э, не, дарагі, дзякуй, я чужых перамог прысвойваць не хачу. Ды ты мяне пакуль дрэнна ведаеш, я і сам яшчэ сёе-тое магу.
З добрым настроем пакінуў пазіцыі батальёна Мачалаў, накіроўваючыся ў свой штаб.
Пад вечар яго нечакана выклікаў да сябе камандзір палка. Пётр Пятровіч быў упэўнены, што гутарка пойдзе пра хуткі бой. У бліндажы, акрамя Грыдзіна, знаходзіўся незнаёмы Мачалаву капітан. Падпалкоўнік сухавата сказаў:
— Знаёмся, Пётр Пятровіч, капітан Жураўлёў. Сёння ж перадасі яму камандаванне батальёнам, а сам выязджай у Маскву. Цябе адклікаюць.
— Мяне? У Маскву? Навошта?
— Не ведаю, але, паколькі табе трэба з’явіцца ва Упраўленне кадраў Наркамата ўнутраных спраў, падазраю, што атрымаеш новае заданне. Часу мала. Ідзі, здавай справы і праз дзве гадзіны будзь у мяне. Я збяру камандзіраў батальёнаў, развітаемся з табой.
Голас у Грыдзіна быў сумным.
Мачалаў чакаў чаго заўгодна, але толькі не гэтага. Далей усё пайшло як у калейдаскопе: здача спраў новаму камандзіру, развітанне з баявымі сябрамі, душны вагон, Масква.
Ва Упраўленні кадраў Наркамата ўнутраных спраў яго адразу ж запрасілі ў нейкі кабінет. Гадоў пяцідзесяці пяці генерал са стомленым і азызлым тварам адразу ж перайшоў да справы:
— Вы адкліканы з фронту для таго, каб вылецець самалётам да партызан, падабраць там людзей і выбыць у адзін з гарадоў, размешчаных на захадзе Беларусі. Там вы ў чаканні падыходу нашых войск азнаёміцеся са становішчам і, калі тэрыторыя вобласці будзе вызвалена, прыступіце да кіраўніцтва аддзелам па барацьбе з бандытызмам. Мы ведаем, што гэта справа вам знаёма, бо вам ужо даводзілася змагацца з бандытамі. Гэта, а таксама вопыт работы ў міліцыі і, вядома, франтавы вопыт, вам спатрэбяцца.
Генерал устаў з-за стала і, паволі прахаджваючыся па кабінеце, працягваў:
— Мы ўпэўнены, што на вызваленай намі тэрыторыі, якая была пад панскай Польшчай, з ліку здраднікаў, крымінальнікаў, паліцаяў, а таксама з тых, хто не паспеў сысці з адыходзячымі гітлераўскімі войскамі, будуць стварацца банды. Яны стануць не толькі рабаваць і забіваць, запалохваць і тэрарызаваць мясцовае насельніцтва, але і прыносіць шкоду новай уладзе, нападаць на партыйных і савецкіх кіраўнікоў, актывістаў, таксама на асобныя вайсковыя аўтамашыны, армейцаў. — Генерал сеў насупраць Мачалава і ўсміхнуўся стомленымі, запалёнымі вачыма. — А басмачы на поўдні чымсьці іншым займаліся?
— Тым, вядома. Бандыты, таварыш генерал, яны ўсюды бандыты.
— Правільна. Разумеючы гэта, мы і адклікаем з фронту людзей, здольных хутка і рашуча скончыць з гэтымі падонкамі, ну а з фашыстамі і без вас на фронце скончаць.
— У партызанскі атрад я адзін палячу?
— Дамо вам яшчэ двух чалавек у дапамогу, а цяпер уладкоўвайцеся ў гасцініцу, нумар вам замоўлены. Заўтра з’явіцеся сюды, атрымаеце неабходныя дакументы, зброю, пройдзеце інструктаж, пазнаёміцеся са сваімі памагатымі і ў шлях.
Нягледзячы на моцную стомленасць, Пётр Пятровіч заснуць ніяк не мог. Думкі пра будучыню і нязвыклая цішыня трывожылі яго.
Раніцай ён накіраваўся ў Наркамат, затым напісаў лісты Купрэйчыку і Васілеўскай. А яшчэ праз суткі цяжкі самалёт узняўся ў неба. Упершыню ў жыцці Пётр ляцеў на самалёце. Натужліва і магутна гулі маторы. Іх роў свабодна пранікаў праз рабрыстыя барты, і размаўляць можна было толькі нахіліўшыся да вуха суразмоўцы. У салоне самалёта, акрамя Мачалава і яго двух новых таварышаў — старшага лейтэнанта Булацкага і лейтэнанта Швяцова, — нікога не было. Гэта быў транспартны самалёт з доўгімі лаўкамі ўздоўж бартоў.
Пасярэдзіне салона ўздоўж лавак ляжаў груз. Па форме скрынь і маркіроўцы на іх Пётр зразумеў, што ў іх зброя і боепрыпасы. Яго хвалявала хуткая сустрэча з партызанамі. Ці зможа ён падабраць патрэбных людзей і давесці іх па варожым тыле да вызначанага месца? З надзеяй паглядаў капітан на спакойны твар Булацкага. Ён кадравік і павінен быць вельмі карысным пры падборы людзей. Лейтэнант Швяцоў, гадоў дваццаці трох, з вялікімі блакітнымі вачамі, густымі чорнымі бровамі, вучыўся ў школе міліцыі, але пасля таго як пачалася вайна, апынуўся на фронце. Быў цяжка паранены. Пасля выздараўлення працаваў у Маскве оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.
Мачалаву замінаў парашут, прымацаваны за спінай. Ён доўга важдаўся, пакуль усеўся, і цяпер спрабаваў засяродзіцца. А тут яшчэ гэты чортаў парашут. Перад вылетам паказалі, як трэба ім карыстацца. Уласна, гэта і так ясна: калі паляціш уніз, то трэба тузануць за колца. Праўда, скакаць давядзецца толькі ў крайнім выпадку. Самалёт павінен прызямліцца на партызанскім аэрадроме, даставіць зброю і боепрыпасы, а назад забраць параненых.