Выбрать главу

Далёка ўнізе сталі відаць беленькія агеньчыкі ракет, а паміж імі запульсіравалі чырванаватыя кропкі. Яны ляцелі ўздоўж зямлі насустрач адзін аднаму. «Фронт», — здагадаўся Пётр Пятровіч і яшчэ шчыльней прыціснуўся да прахалоднага шкла. Хтосьці крануў яго за плячо. Азірнуўшыся, Мачалаў убачыў бортстралка. Ён нахіліўся яшчэ ніжэй і пракрычаў:

— Праходзім лінію фронту, нас могуць абстраляць. Праверце парашуты!

«Хто ў такую цемрадзь патрапіць у наш самалёт?» — падумаў Пётр, назіраючы, як стралок займае сваё месца ўверсе салона, там, дзе быў усталяваны на турэлі кулямёт. Праверыў, як прышпілены шлейкі парашута, і пракрычаў Швяцову і Булацкаму, каб яны зрабілі тое ж. Пасля гэтага ён зноў прытуліўся да ілюмінатара, але ўнізе і вакол ужо было цёмна. Фронт ззаду.

За гады вайны ён прывык бачыць ворага перад сабой ці нават вакол, але ад таго, што вораг пад ім, што цяпер, можа, сапраўды, як і меркаваў стралок, нямецкія зеніткі наводзяць на гук самалёта свае доўгія, нібы хобаты сланоў, ствалы, каб знішчыць іх, стала нядобра, захацелася перасесці бліжэй да дзвярэй. Але праходзілі адна за другой пакутлівыя хвіліны, а самалёт, па-ранейшаму магутна і роўна гудучы маторамі, ішоў сваім курсам. Неўпрыкметку для сябе Мачалаў задрамаў і нават убачыў нейкі сон. Потым насцярожаны слых улавіў ва ўжо звыклым шуме матораў нейкія новыя гукі — кароткія сухія воплескі. Пётр Пятровіч расплюшчыў вочы, у гэты момант самалёт моцна гайданула, і Мачалаў, інстыктыўна хапаючыся за сядзенне рукамі, не мог зразумець, што ж адбылося. Яму здалося, што ў салоне самалёта ўспыхнула святло. А незразумелыя воплескі за бортам сталі яшчэ больш частымі. «Дык гэта ж нас абстрэльваюць, — здагадаўся Мачалаў, — а ў кабіне стала светла ад пражэктараў, якія адшукалі нас у небе». Але вось усярэдзіне салона стала цёмна, самалёт адразу ж выраўняўся і, не памяншаючы хуткасць, пачаў гарызантальны палёт.

«Няўжо прарваліся?» — яшчэ не верачы ў гэта, падумаў Мачалаў і тут жа пачуў над вухам радасны крык Булацкага:

— Малайцы лётчыкі! Усё ж вырваліся з гэтага пекла!

Праз некалькі хвілін маторы пачалі працаваць спакайней.

З кабіны выйшаў другі пілот. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, падышоў да пасажыраў і нахіліўся да Мачалава:

— Пашанцавала нам, капітан, прарваліся.

— Далёка яшчэ?

— Што?

— Я пытаю, доўга яшчэ ляцець?

— Каля трыццаці хвілін. — Пілот хацеў яшчэ штосьці сказаць, але не паспеў. Усярэдзіне самалёта зноў стала светла ад пражэктараў, якія зноў учапіліся ў яго. Лётчык кінуўся да кабіны.

Вакол самалёта на ўсю моц пачалі рвацца снарады. Лётчыкі прымянілі супрацьзенітны манеўр: то змейкай самалёт павядуць, то рэзка рвануць убок, то кінуць самалёт па нахільнай да зямлі, але ўсё было марным. На серабрыстых плоскасцях скрыжаваліся прамяні трох ці чатырох пражэктараў. Учапіліся моцна, даючы магчымасць зенітчыкам весці прыцэльны агонь. Нават праз надрыўнае выццё матораў было чуваць, як густа рвуцца снарады. Наперадзе стала суцэльная сцяна разрываў, і самалёт рэзка павярнуў направа.

«Эх, пратрымацца б яшчэ пару хвілін, і мы выйдзем з зоны агню!» — падумаў Мачалаў.

Яго плячо моцна сціснула рука Булацкага. Праз шум матораў і гул чарговай серыі ўзрываў Мачалаў ледзьве разабраў словы:

— Правае крыло гарыць!

Мачалаў адчуў пах дыму, які пракраўся ў салон. Пётр Пятровіч хацеў падысці да процілеглага борта, але самалёт нібы натыкнуўся на нябачную сцяну, здрыгануўся і дзяўбнуў носам. Тут жа аглушальна зараўла сірэна. Стралок, зваліўшыся зверху, пракрычаў у твар Мачалаву.

— За мной! Да дзвярэй, будзеце скакаць! Самалёт гарыць!

Мачалаў пацягнуў за рукі сваіх таварышаў і рушыў услед за стралком. Той адкрыў цяжкія дзверы, у самалёт разам з ровам матораў і грукатам уварвалася полымя. Стралок штосьці пракрычаў Мачалаву і выпхнуў яго першым. Магутны струмень паветра адразу ж адкінуў яго ад самалёта і некалькі разоў перавярнуў. Мачалаў палічыў да пяці і тузануў за колца. Адразу адчуў моцны рывок — гэта раскрыўся парашут, і тут жа наступіла цішыня. Мачалаву зда­лося, што ён аглух, але ўбачыўшы, як далёка злева слізгае да зямлі агорнуты полымем самалёт, зразумеў, што зеніткі спынілі агонь.

«Ці паспелі лётчыкі выскачыць? Ці перадалі нашым пра тое, што здарылася?» — падумаў капітан і ўбачыў, як у гэта імгненне самалёт урэзаўся ў зямлю. Нават адгэтуль, з вялікай вышыні, было відаць велізарнае полымя, якое ўскінулася на месцы падзення. У гэты момант Мачалаў не ведаў, што лётчыкі коштам уласнага жыцця паспелі выратаваць іх, сваіх пасажыраў, і паведаміць па радыё пра тое, што самалёт падбіты.