Выбрать главу

Аляксей адразу заваліўся спаць.

Спаў ён моцна, не чуў, як адбылася змена дзяжурных, але затое імгненна прачнуўся ад лёгкага дотыку да пляча. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Сёміна, той са шкадаваннем сказаў:

— Шкада цябе, камандзір, будзіць. Можа, паспіш яшчэ?

— Не, Грыша, нельга. Пабудзі Лугаўца і Зайцава, трэба маршрут вывучыць.

Спехам перакусіўшы, трое разведчыкаў пайшлі лесам у бок фронту. Праз гадзіну лес скончыўся. Асцярожна вызірнуўшы з кустоў, убачылі поле, зарослае травой. Метраў за трыста віднеліся акопы. У бінокль добра былі бачныя спіны немцаў. Далей, метраў за дзвесце, знаходзілася яшчэ адна лінія акопаў. Яна праходзіла ля самага берага ракі. Там былі свае. Але як да іх дабрацца? У гэты момант ранішнюю цішыню разарвалі гарматныя стрэлы. Пазіцыі нашых пакрыліся фантанамі ўзрываў. «Не меней дзясятка гармат б’юць», — падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўявіць цяпер тых, хто знаходзіўся ў траншэі.

Ён убачыў, як з варожых траншэй пачала вылазіць пяхота. Артылерыйскі абстрэл скончыўся, і да слыху разведчыкаў данесліся аўтаматныя чэргі і крыкі немцаў. Нашы пакуль маўчалі. Купрэйчык падумаў: «Напэўна, бліжэй падпускаюць, а заадно пасля артабстрэлу ў сябе прыходзяць».

У бінокль Аляксей бачыў, што нямала снарадаў патрапілі ў траншэю і развярнулі яе. Лугавец, які ляжаў побач з ім, летуценна прамовіў:

— Эх, камандзір, былі б цяпер тут усе нашы хлопцы! Далі б мы фрыцам ззаду жару! Уяўляеш, трынаццаць аўтаматаў!

«А што, гэта ідэя, — нечакана падумаў Купрэйчык, — можна ўначы наблізіцца да немцаў, закідаць іх гранатамі і — гайда да сваіх».

У гэты момант дружна ўдарылі нашы. Агонь іх чатырох кулямётаў і дзясяткаў аўтаматаў быў знішчальны, і немцы спачатку заляглі, затым пачалі адпаўзаць, а хутка і зусім не вытрымалі і кінуліся наўцёкі.

— Малайцы хлопцы! — не ўтрымаўся ад пахвальбы Сцяпаныч. — Слова гонару, у мяне аж рукі чэшуцца!

Нямецкая артылерыя зноў адкрыла агонь, каб прыкрыць адступаючых. Старшы лейтэнант, гледзячы на Лугаўца і Зайцава, задуменна прагаварыў:

— Дык, відаць, у нашых хлопцаў справы няважныя.

— Гэта чаму ж? — спытаў Лугавец.

— Эх ты, разведчык. Глядзі, як немцы паўкругам абклалі іх. У Арэшкі колькі байцоў? Не больш роты. А ў немцаў? Бачыш? — не меней батальёна.

— Нічога, нашы ўначы сілы падкінуць, і будзе парадак!

— Ты так лічыш? Тады адкажы мне, чаму яны гэтага не зрабілі мінулай ці пазамінулай ноччу? А я табе скажу: нельга было. Паглядзі на флангі — бачыш, узгоркі! А зараз у бінокль уважліва вывучы іх, убачыш, што там і гарматы, і кулямёты.

Лугавец доўга глядзеў у бінокль спачатку на левы узгорак, затым — на правы, а потым адклаў убок бінокль і мацюкнуўся. Але Купрэйчык, жадаючы да канца пераканаць яго, працягваў:

— А зараз высунь нос з-за куста і паглядзі ўздоўж лесу направа.

Лугавец убачыў, што за хмызняком знаходзяцца нямецкія мінамёты. Аляксей, ледзь усміхнуўшыся, спытаў:

— Цяпер разумееш, чаму Арэшка не можа падмацаванне атрымаць? Яны, гады, кожны метр воднай паверхні прыстралялі і нават уначы не падпусцяць падмацаванне. І яшчэ адно. Я добра ведаю, што ў Арэшкі было сем кулямётаў, а калі ты лічыў, то ўбачыў, што атаку адбівалі толькі чатыры. Увогуле, зробім так: уначы прабіваемся да сваіх і застаёмся да падыходу падмогі з імі.

— Правільна, — ухвальна адгукнуўся Зайцаў, — нашы трынаццаць аўтаматаў будуць нядрэннай падтрымкай роце Арэшкі.

Карыстаючыся зацішшам, Купрэйчык уважліва вывучаў варожую абарону. Паступова ў яго з’явіўся дзёрзкі, але даволі рэальны план. Неўзабаве накіраваліся ў зваротны шлях. Да таго месца, дзе адпачывала група, яны дайшлі хутка. Ужо ніхто не спаў, і па ажыўленні, якое з’явілася на тварах таварышаў, Купрэйчык зразумеў — іх зачакаліся.

Камандзір паведаміў, што яны ўбачылі, і сказаў:

— Нам трэба дапамагчы роце Арэшкі. Наша група разбіваецца на дзве. Першую, у колькасці сямі чалавек, узначаліць Лугавец. Ваша задача: незаўважна наблізіцца да мінамётнай батарэі. У нас няма з сабой ні мін, ні толу. Таму трэба знішчыць яе гранатай. Закласці гранату сярод скрынь з мінамі, да чакі прывязаць кавалак дроту ці вяроўкі і камусьці аднаму, схаваўшыся за дрэва як мага далей, тузануць за свабодны канец. Падбярыцеся да мінамётаў з боку лесу. Больш за двух вартавых, я думаю, там не будзе. Сігналам для выбуху будзе наш напад на траншэю. Пасля таго як замініруеце, спяшайцеся да яе, мы там паспеем ужо навесці парадак.

Лугавец задумаўся на імгненне, а потым сказаў:

— Пачакай, камандзір. А калі нам зрабіць так: рвануўшы боепрыпасы, разаб’ёмся на дзве групы, адна з іх возьме крыху лявей вас, другая — крыху правей. Глядзі, якая пятрушка атрымліваецца: вы атакуеце немцаў на гэтым участку траншэі. Закідваеце гранатамі, б’яце іх з аўтаматаў — усё гэта зразумела. Але яны ж таксама не дурні і, вядома, арганізуюць супраціўленне, каб не даць вам далей па траншэі прасоўвацца. І ў гэты момант мае дзве тройкі — ззаду іх гранатамі. А пасля гэтага мы ўсе разам да нашых сіганём.