Выбрать главу

Купрэйчыку спадабалася гэта думка. «Калі атрымаецца, то панікі ў немцаў будзе яшчэ больш». І ён рашуча махнуў рукой:

— Добра, прымаецца. — І зірнуў на радыста: — Я падрыхтую радыёграму.

Купрэйчык разумеў, што рота Арэшкі ў цемры можа прыняць іх за немцаў і сустрэць агнём. Таму вырашыў звязацца з палком і папрасіць папярэдзіць Арэшку пра начное з’яўленне разведчыкаў. Адначасова трэба было прадбачыць і тое, што вораг перахопіць радыёграму. Памазгаваўшы, камандзір нарэшце працягнуў радысту тэкст: «Скажыце Арэшку, хай сустракае ўначы, прыйдзем з музыкай». Радыст тут жа перадаў, і ўсе пачалі чакаць адказу. Прайшло пяць, дзесяць хвілін. Але вось радыст схамянуўся і пачаў запісваць. Праз хвіліну Купрэйчык трымаў адказ: «Усё правільна. Прыходзьце ў гадзіну». Аляксей зачытаў радыёграму ўсім і тут жа, знішчыўшы яе, падняўся:

— У шлях!

Ішлі асцярожна. Ім даводзілася некалькі разоў залягаць і трывожна прыслухоўвацца да шуму матораў, гаворкі па-нямецку. Але ўсё абышлося, і ўжо ў цемры разведчыкі дасягнулі вызначанага рубяжа.

Каля дванаццаці ночы пайшоў Лугавец і з ім шасцёра разведчыкаў. Праз дваццаць хвілін наперад рушыла і група Купрэйчыка. Паўзлі павольна, стрымліваючы дыханне. Часу было досыць, і старшы лейтэнант не спяшаўся, даючы магчымасць байцам адпачыць перад вырашальным кідком. Вось наперадзе ледзь засвятлела свежая палоска — гэта варожая траншэя. Пры святле ракет, што ўзляцелі на правым флангу, разведчыкі разгледзелі яе і веерам пачалі распаўзацца ў абодва бакі, займаючы пазіцыі ў пяці-шасці метрах адзін ад аднаго. Яшчэ раней яны дамовіліся, што па свісце камандзіра кожны кіне ў траншэю па гранаце і рынецца наперад. Купрэйчык раіў дзейнічаць кінжаламі і прыкладамі. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку. Гэта трэба было для таго, каб не перастраляць у цемры адзін аднаго.

Старшы лейтэнант зірнуў на гадзіннік: да гадзіны заставалася пяць хвілін. Ён уявіў, як у гэты момант група Лугаўца падбіраецца да вартавых, а можа, ужо і зняла іх, і ў душы маліў, каб там абышлося без шуму. Купрэйчык зноў паглядзеў на гадзіннік: «Пара!»

Чарговая ракета ўзвілася высока ў неба, асвятляючы мёртвым святлом роўнядзь ракі і прылеглую да яе тэрыторыю. Купрэйчык гучна свіснуў і плаўным рухам кінуў гранату ў траншэю. Выбухі ўсіх гранат зліліся ў адзіны грукат, які доўжыўся некалькі секунд. Разведчыкі кінуліся наперад. Раней іншых апынуўся ў траншэі Зайцаў, ён убачыў спіну немца, які падымаўся з дна траншэі, і, не разважаючы, усадзіў у яе кінжал. Гэтак жа рашуча дзейнічалі і астатнія байцы, але фрыцаў у жывых засталося больш, чым меркавалі разведчыкі. Купрэйчык нават пашкадаваў, што не даў каманду кінуць па дзве гранаты, але ён іх бярог для таго часу, калі давядзецца разам з ротай Арэшкі адбіваць варожыя атакі.

Неўзабаве ў ход пайшлі і аўтаматы. Вядома, раптоўнасць мела вырашальнае значэнне, і адважная шасцёрка цалкам валодала ініцыятывай. Немцы са сну не маглі зразумець, што адбываецца, хто і адкуль наваліўся на іх. Многія проста выскоквалі з траншэі і на скрут галавы несліся куды вочы глядзяць. Іншыя, прыкінуўшыся забітымі, ляжалі на дне траншэі. Трэція, схапіўшы зброю, стралялі абы-куды, нярэдка прымаючы сваіх за чужых. Купрэйчык, расправіўшыся з чарговым фрыцам, убачыў, як на бруствер выскачыў яшчэ адзін. Не разважаючы, старшы лейтэнант выпусціў у яго кароткую чаргу з аўтамата.

Раптам яркі выбліск асвяціў наваколле, здрыганулася пад нагамі зямля, і аглушальны, страшны грукат ускалыхнуў усю акругу. На імгненне нават сутычка ў траншэі прыпынілася. Але тут жа завязалася з новай сілай.

Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і ўчастак траншэі, у які ўварваліся разведчыкі, быў у іх руках. Праўда, немцы ў адным і другім канцах апамяталіся і павялі агонь уздоўж траншэі. Асабліва небяспечным быў агонь кулямёта, які біў доўгімі чэргамі справа.

«Ён жа пераб’е нас усіх, калі мы пабяжым да сваіх», — жахнуўся Купрэйчык і пачаў абдумваць, як дабрацца да кулямёта. Але тым часам злева і справа пачуліся серыі выбухаў гранат, і кулямёт захлынуўся. «Лугавец з хлопцамі працуюць!» Як было дамоўлена, разведчыкі збягаліся да цэнтра. Купрэйчык паспешліва лічыў: пяць. сем. восем. дзевяць. Не ставала траіх. Ён гучна спытаў: