Выбрать главу

— Разумею, бацька, не вучы. Хай збірае свой харч. Калі павязе, на дарозе сустрэнем.

— Гэта іншая справа. Калі з’едзе ад мяне, можаш рабіць, як хочаш.

— Што прыгатаваў нам?

— Усё, што мінулы раз прасіў. Вось толькі патронаў не знайшоў.

— Дрэнна. Патроны канчаюцца, і трэба, што б там ні было, здабыць.

— Можа, паспрабаваць праз мальца?

— Якога яшчэ мальца?

— Ды які ў мяне. Я зазіраў у яго рэчмяшок. Там патроны ад карабіна. Не менш як сотня ляжала.

— А ён што — з карабінам?

— Цяпер карабін даюць любому вартаўніку.

— Сотня патронаў? Гэта замала.

— Ды не пра сотню тлумачу. Калі яму сказаць, што, маўляў, ёсць людзі, якія за тры-чатыры тысячы патронаў тры вялікіх свінні аддадуць, то ён задумаецца.

— А калі спытае, што за людзі?

— Скажам — жыхары аддаленых глухіх хутароў. Займаюцца паляваннем. Можна нават паабяцаць і дзічыны падкінуць. Павінен клюнуць.

— А што? Можа, і твая праўда. Тады давай зробім так. Раніцай, як бы між іншым, скажы яму, што чакаеш у госці далёкага сваяка, які, маўляў, жыве на хутары. Заадно пагавары, каб ён сустрэўся са мной, скажы, маўляў, можам дамовіцца і тады я прадам яму харчу. А я прыеду заўтра ўвечары, прамацаю яго.

— А не небяспечна?

— Чым мы рызыкуем? Убачым, што западозрыў, — прыбяром, і канцы ў ваду.

— Не, не. Толькі не ў маёй хаце! — запратэставаў стары.

— Не турбуйся. Знайду месца. А цяпер ідзі ў хату. Я паклічу сваіх.

Стары моўчкі павярнуўся, прайшоў каля Славіна метры за тры. Той сціснуўся, нават дыханне стаіў. Фядзько знік у цемры. Славін не рызыкнуў падымацца з зямлі і ісці за старым — небяспечна. Хто ведае, ці не з’явіцца цяпер яго сын ззаду? Уладзімір хутка адпоўз убок і замёр. Вырашыў вычакаць, калі вернецца Фядзько, а затым дзейнічаць паводле абставін. Цішыня і цемрадзь стаялі вакол. Славін ведаў, што яго чакае, калі напорацца на яго сынок Лешыка ці хто-небудзь з яго сябрукоў, і таму выцягнуў з-за пазухі пісталет, паціху паслаў патрон у патроннік. Прайшло некалькі хвілін, ціха рыпнуў тын. Па шуме ён здагадаўся, што праз тын пералезлі некалькі чалавек. Лёгка зарыпелі колы. Фядзько камусьці ціха сказаў:

— Падводу падгані бліжэй. Глядзі, каб конь не заржаў, дай аўса.

Уладзімір не бачыў, колькі было бандытаў, але па тупаце ног і прыглушаных галасах вызначыў, што не меней чым чатыры. «Адзін застаўся ля каня», — заўважыў ён. Затым вычакаў, пакуль яны адыдуць далей, і, падняўшыся на ногі, асцярожна пакіраваўся следам.

Вось і хата. Уладзімір праслізнуў, замёр ля дзвярэй хлява. Доўга стаяў, слухаў цішыню і, толькі пераканаўшыся, што ў двары нікога няма, увайшоў у хлеў. Акно ў хаце было завешана коўдрай. Славіну нічога не заставалася, як назіраць праз дзірку ў саламяным даху.

У Лешыка бандыты не затрымаліся. Неўзабаве з’явіліся на ганку. Калі прыадчыніліся дзверы, вузкая палоска святла выхапіла іх постаці. Агародамі яны накіраваліся да тыну, а гаспадар, правёўшы іх, вярнуўся дахаты.

Славін хутка заладзіў дзірку і лёг спаць. Лешык, патушыўшы ў пакоі святло, доўга глядзеў праз фіранку ў двор, на дзверы хлява. Мабыць, штосьці яго турбавала.

Да раніцы рэзка пахаладала. Падзьмуў моцны парывісты вецер. Раздажджылася. Нізкія аблокі, нібы ўчапіўшыся за дахі драўляных хат, закрылі ўсё неба.

Славін мыўся ў двары калодзежнай вадой. З хаты выйшаў Лешык.

— Добрай раніцы! А я і не заўважыў вас.

Дзед пахмурна адказаў:

— Якая яна добрая? Глядзі, што з надвор’ем робіцца.

— Што ж паробіш. Восень. Такое надвор’е зараз будзе часта.

Лешык хацеў штосьці сказаць, але, заўважыўшы, што ля варот спынілася фурманка, напружана пачаў сачыць за мужчынам, які адчыняў брамку. Мужчына быў апрануты ў брызентавы плашч з каптуром. Ён прывітаўся з гаспадаром, а ўбачыўшы Славіна, заўсміхаўся:

— Прывітанне, Валодзя! Ледзь знайшоў цябе. Вось начальства загадала аўтамабіль на коннай цязе перадаць. Калёсы на гумовым ходзе. У любое надвор’е ты можаш па вёсках газаваць.

Славін пазнаў Бартошыка і, падыгрываючы яму, адказаў:

— Нарэшце! А я ўжо вырашыў, што пра мяне забыліся. Без каня тут далёка не дабярэшся. Заганяй у двор «аўтамабіль», ды з дарогі за стол прысядзем, якраз дожджык перачакаеш.

— Не, дзякуй. Мне — назад у дарогу. Хачу завідна да гасцінца дайсці, на спадарожную машыну думаю паспець. Сам ведаеш, калі сцямнее, ніводзін шафёр не спыніцца. Так што, калі хочаш, падкінь трохі на гэтым дрындулеце. Заадно па дарозе і пагаворым.