Выбрать главу

«Божа мой, што рабіць? Дзе знайсці сілы, каб выжыць, вытрываць усё гэта? Пеця, мілы, дзе ты? Ці чуе тваё сэрца, якая небяспека навісла над тваімі дзецьмі і жонкай?»

Таццяна Андрэеўна супакоілася і паступова пачала засынаць. Раптам пачулася нейкае драпанне, здалося, што хтосьці чымсьці металічным скроб па шкле. Таццяна паціху ўстала і асцярожна падышла да акна, але яно было замёрзлым, і яна нічога не ўбачыла. У гэты момант зноў хтосьці стаў драпацца.

«Значыць, не прыснілася. Але хто гэта ўначы прыйшоў да нас? — І раптам яе сэрца абпаліла думка: — Можа, Пеця? Але ён жа не ведае, што мы тут».

Таня паціху паклікала гаспадыню. Тая хутка спусцілася з печкі, нацягнула на ногі старыя валёнкі і спынілася побач з Таняй, прыслухоўваючыся.

Тым часам у шыбу пастукалі. Марфа Сцяпанаўна рашуча накіравалася да дзвярэй.

— Можа, лучыну запаліць? — спытала Таццяна Андрэеўна.

— Не, не трэба. Калі гэта свой, то навошта святло ў акне.

Яны ўдзвюх выйшлі ў сенцы, і гаспадыня ціха спытала:

— Хто там?

— Мама, гэта я, Антон, адкрый!

— Сыночак, — голас у Марфы Сцяпанаўны задрыжаў, і яна пачала ліхаманкава мацаць рукамі па дзвярах, адкрываючы зашчапку.

— Сыночак, Антон, родненькі ты мой! — прыгаворвала яна.

Дзверы адкрыліся, поруч цямнела чалавечая постаць.

— Святло не запальвай, мама!

— Добра, сынок, добра! Праходзь у хату.

— Антон, давай руку, я правяду, а то спатыкнешся ў цемры, — прапанавала Таццяна Андрэеўна і намацала яго руку. Але хлопец адшмаргнуў руку, як ад электрычнага разраду.

— Хто тут?

— Не бойся, сынок, — супакоіла гаспадыня, зачыняючы дзверы, — гэта Таня, настаўніца, жонка нашага ўчастковага міліцыянера Мачалава. Яе з дзецьмі з хаты выселілі, вось і ўзяла да сябе.

— Ясна, а то я спалохаўся, думаў, што хто-небудзь чужы. Дабрыдзень, Таццяна Андрэеўна! — І Антон сам намацаў у цемры руку Мачалавай. — Дапамажыце мне прайсці, а то сапраўды цёмна.

Яны ўвайшлі ў хату, і жанчыны моўчкі пачалі завешваць чым патрапіла вокны.

Неўзабаве Марфа Сцяпанаўна запаліла лучыну і, зірнуўшы на сына, пляснула рукамі:

— А божа мой! Што ж гэта з табой здарылася, хлопчык ты мой?

І сапраўды Антона, якога Таццяна бачыла год назад і выглядаў ён тады дужым, жыццярадасным, здаровым хлопцам, цяпер было не пазнаць. Перад жанчынамі стаяў схуднелы, з запалымі шчокамі, чорным тварам, на якім толькі вочы свяціліся нейкім ненатуральным, хваравітым бляскам, апрануты ў рызманы, чалавек. Ён стомлена апусціўся на лаву.

— Не здзіўляйцеся. Я ў палоне быў, пакаштаваў фашысцкага хлеба. Мне яшчэ пашанцавала ў параўнанні з многімі. Калі везлі нас на таварняку, адарвалі ў падлозе дошкі, і чалавек дзесяць, а можа, і больш, збеглі. Праўда, сабрацца ўсім разам не ўдалося. Вось я ўжо амаль месяц як сюды дабіраюся. А ў вас, гляджу, таксама немцы гаспадараць.

— Ды тут іх цэлая часць ужо месяц кватаруе, — растлумачыла Марфа Сцяпанаўна і пачала завіхацца каля печы, — цяпер я цябе, сынок, накармлю.

— Мама, мне б памыцца ды гэтыя лахманы скінуць. Іх трэба адразу ж спаліць, каб заразы не набрацца.

Пакуль Антон прагна еў усё, што яму падносілі, нагрэлася ў трох вялікіх чыгунах вада. Жанчыны вылілі яе ў бляшанае карыта, і Антон застаўся ў пакоі адзін. Пакуль ён мыўся, Марфа Сцяпанаўна дастала з шафы бялізну і пачала рыхтаваць у незанятым невялікім пакойчыку пасцель. Нарэшце вымыты і пераапрануты Антон падышоў да маці. Пры цьмяным святле лучыны было відаць, як боўтаецца на ім адзежа.

— Мама, я ледзь на нагах трымаюся. Цяпер лягу, а заўтра пагаворым, спалі толькі лахманы.

— Кладзіся, сынок, кладзіся. Я зраблю ўсё, як ты кажаш. Скажы толькі адно: пра Лёшу нічога не чуў?

— Не, мама, мы ж з ім у розных часцях служылі.

Антон лёг на ложак і імгненна заснуў. А жанчыны, усхваляваныя яго нечаканым з’яўленнем, доўга яшчэ варочаліся ў сваіх пасцелях.

Антон прачнуўся толькі пад вечар наступнага дня. Ён моцна прастыў: часта кашляў, тэмпература была высокая.

Жанчыны, параіўшыся, вырашылі, што на вуліцу будуць выходзіць рэдка. Дзяцей наогул не выпусцяць.

Першыя дні Антон моцна хварэў, але паступова пачаў папраўляцца. Усё радзей яго біў сутаргавы кашаль. Клопат і догляд рабілі сваю справу.

Прайшоў тыдзень. Антону стала значна лепш. За час хваробы ён паспеў расказаць пра свае пакуты і пра здзекі гітлераўцаў з ваеннапалонных.

Марфа Сцяпанаўна і Таццяна Андрэеўна, слухаючы хлопца, не хавалі слёз. Пакутлівая невядомасць пра старэйшага сына і турбота пра Пятра як бы параднілі гэтых розных па ўзросце жанчын. Аднойчы, калі Антон ужо зусім паправіўся, ён сказаў маці: