Выбрать главу

— Сябар, вер мне. Ніколі не падвяду, давай так: ты — мне, я — табе.

— Такі падыход люблю! — Уладзімір зрабіў выгляд, што захмялеў. — Гэта — па мне. І наогул лічу, што чалавек чалавеку павінен дапамагаць.

— Галоўнае, трэба разумець адзін аднаго, — п’яна страсянуў галавой Фядзько. — Калі паедзеш у горад, высветлі наконт патронаў. Добра?

— Заўтра ж паеду. Чаго адкладаць? Надакучыла мне ў гэтай дзірцы сядзець.

— Правільна! Вернешся назад, старому скажы — ён перадасць мне. Ты не бойся. Тут усё надзейна. Добра заробіш.

Славін слухаў Фядзько, а сам непрыкметна сачыў за старым і Ядзяй. Бачыў, як яны тройчы штосьці выносілі ў сенцы. Ясна, што там іншыя бандыты абіваюцца, верхавода чакаюць.

Прайшло не меней гадзіны, пакуль Фядзько вячэраў. Потым, не зважаючы на Славіна і Лешыка, ён аблапаў Ядзю, павалок яе ў іншы пакой. Уладзімір устаў з-за стала:

— Ну што, дзядуля? Пайду спаць.

Стары схамянуўся:

— Пачакай у хаце, я зараз прыйду, — ён выскачыў за дзверы.

«Пайшоў папярэдзіць, — падумаў Уладзімір. — Ну што ж, хай папярэдж — вае. Наступіць час, і гэтага зрабіць не паспее». Праз некалькі хвілін стары вярнуўся з кажухом у руках:

— Атулішся, а то холадна будзе. Ледзь адшукаў у сенцах — цёмна.

«Хітры, падла. Нават кажуха не пашкадаваў, абы я не здагадаўся, чаго ў двор выбег. Вось толькі забыўся боты добранька выцерці. Бач, якія слядзішчы на падлозе пакідае».

— Дзякуй. Дабранач.

Славін выйшаў на ганак. Жудасная цемра акружала яго. Здавалася, кожным нервам ён адчуваў прысутнасць бандытаў. Яны тут, дзесьці побач. Зрабі некалькі крокаў убок і напэўна натыкнешся на каго-небудзь з іх. Уладзімір, імкнучыся не намачыць ногі, прайшоў па двары, намацаў дзверы хлява, адчыніў іх. У кішэні ляжаў ліхтарык, але запальваць не стаў. Вобмацкам адшукаў лесвіцу, узлез на вышкі, накрыўся кажухом, паспрабаваў заснуць. Але моцнае нервовае напружанне не праходзіла. Зноў і зноў аналізаваў ён свае дзеянні. Атрымлівалася, што пакуль справы ідуць нядрэнна. Фядзько, без сумнення, паверыў яму, і гэта галоўнае. Гульня пачалася.

Да раніцы дождж скончыўся. Дзьмуў толькі моцны сівер. Славін выйшаў з хлява, пацепваючыся ад холаду, па звычцы накіраваўся да студні. Памыўся, але галаўны боль ад выпітай учора самагонкі ўсё яшчэ адчуваўся. У роце было непрыемна і суха. Ён выпіў проста з вядра калодзежнай вады, падставіў твар насустрач ветру. Гэта падзейнічала лепш за ўсялякія лекі.

Уладзімір увайшоў у хату, прывітаўся з гаспадарамі. Ядзя адказала на прывітанне, сарамліва апусціўшы вочы. Стары — як звычайна, суха, з поўнай абыякавасцю.

— Госць сышоў? — Славін паглядзеў на Лешыка. — Як вы думаеце, ці не хвастануў ён па п’янцы?

Стары энергічна паматаў галавой:

— Не, ён не балбатун. Нават калі сыходзіў, і то прасіў нагадаць пра нейкія патроны.

— Ах, так! Ледзь не забыўся. Ён жа прасіў дастаць вінтовачных патронаў. — Уладзімір задуменна пацёр падбародак. — Ёсць у мяне сябар адзін, уласна вы яго ведаеце — гэта Мараўскі. За грошы ў яго можна многае купіць. Добра, сёння скончу ўсе справы тут, у вёсцы, а заўтра прыскокну ў горад. Пагавару, думаю, старгуемся.

Пасля сняданку Славін накіраваўся да хаты, дзе жылі старыя, якія цікавілі яго. Дакладней, ён намерваўся пагаварыць толькі з гаспадыняй і цяпер на хаду разыгрываў варыянты гутаркі на выпадак, калі дома будзе стары. Аднак Уладзіміру пашанцавала — гаспадыня была адна.

— Добрай раніцы! Праходзіў міма, дай, думаю, зазірну яшчэ разок да добрых людзей.

— Добрай раніцы, сынок! Праходзь, садзіся, — бабулька звыклым рухам працерла анучай лаву ля стала, спытала: — Можа, ты, сынок, галодны? Дык я пакармлю.

— Думаеце, Лешык не корміць? — пажартаваў Славін. — Корміць, нікуды не дзенецца, ды і харчуюся ў яго не за так — грошы плачу. Вось хутка ў горад паеду, крупы, газы, мыла прывязу. Так што Лешыку нельга Бога гнявіць і на мяне жаліцца.

Старая ўсміхнулася:

— Жаліцца не пойдзе. Але я, сынок, бачу, што ты чалавек добры, і не раю наступаць яму на хвост.

Славін нядбайна махнуў рукой:

— Што ён мне зробіць?

— Ой, не махай, хлопец, рукамі, не махай! Скажу табе адно: беражыся яго.

— Чаму?

Гаспадыня нечакана заплакала. Славін моўчкі чакаў. Унутры ў яго ўсё напружылася. Ён бачыў, што гаспадыня штосьці ведае і, напэўна, нейкая таямніца цяжкім грузам ляжыць у яе на сэрцы. Нарэшце бабулька трохі супакоілася і спытала:

— Колькі табе гадкоў, сынок?

— Дзевятнаццаць хутка будзе.

— А майму Юзэфу было б дваццаць.

— Загінуў?

Бабулька ўтрымалася ад прамога адказу, уважліва паглядзела на хлопца: