— Садзіцеся, Казімір Казіміравіч!
Пакуль стары, крэкчучы і вохкаючы, уціскаўся ў маленькі салон, шафёр зачыніў капот, сеў на сваё месца і завёў матор. Машына развярнулася і, падскокваючы на выбоінах, паехала да цэнтра горада.
— А чаму Сяргей Міронавіч не прыехаў?
— Зараз даведаецеся.
Мараўскі падазрона паглядзеў на Крайнюка. Яго, напэўна, некалькі збянтэжыў адказ Антона, і недавер да незнаёмага яшчэ больш узмацніўся.
— А чаму нават машына іншая, не тая, на якой Сяргей Міронавіч прыязджаў?
— Якая патрапілася, — коратка адказаў Антон, якога пачынала раздражняць падазронасць старога.
Ён, калі даведаўся са слоў Мачалава, што Мараўскі — былы стараста, здзіўлена сказаў: «Пётр Пятровіч, і чаго мы з ім важдаемся? Ён памагаты немцаў, а мы яго яшчэ павінны на машыне вазіць, няньчыцца з ім, быццам ён заслугоўвае гэтага. Ды яму, гаду, адна цана — куля ці вяроўка!» — «Супакойся, Антон, — усміхаўся Мачалаў, — не кожнага ворага трэба да сценкі ставіць. Прывыкай да гэтага, ты ж аператыўны работнік. Эх, вучыць цябе трэба. Вось ачысцім вобласць ад бандытаў і пашлём цябе ў школу. Ну, а што да Мараўскага, то ён, хоць і хадзіў у немцаў у паслугачах, але шкоды Савецкай уладзе і людзям не чыніў. Мне Караткоў расказаў, што калі прыйшла Чырвоная Армія, то ён сам з’явіўся ва УНКУС і паведаміў пра сваё мінулае, ды заадно падказаў, дзе група былых паліцаяў у лесе хавалася, і цэлы склад зброі дапамог знайсці. Дый пра Фядзько нам ён паведаміў і пра тое, што жонка Фядзько ў бацькі яго хаваецца. Праўда, палахлівы ён, гэты Мараўскі, збег з наседжанага гнязда і цяпер разам з жонкай тут, у горадзе, у роднага брата жыве».
І вось цяперз Крайнюк, выконваючы загад, вязе гэтага былога старасту да сябе ў аддзел, ды яшчэ, седзячы побач, павінен адказваць на яго дурныя пытанні. Ад абурэння Антон адвярнуўся ад старога і пачаў глядзець у запатнелае шкло.
Машына развярнулася і спынілася ля невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел па барацьбе з бандытызмам. Яны выйшлі з машыны, і Крайнюк правёў Мараўскага ў кабінет Мачалава. Спытаў:
— Мне можна ісці, Пётр Пятровіч?
— Не, пабудзь з намі, — адказаў Мачалаў і, прывітаўшыся з Мараўскім, сказаў: — Давайце знаёміцца: я — новы начальнік аддзела капітан Мачалаў. Завуць мяне Пятром Пятровічам. Пра вас, Казімір Казіміравіч, мне расказаў Сяргей Міронавіч Караткоў. Ён вам перадаваў прывітанне і прасіў прабачэння, што не развітаўся з вамі. Ён вельмі спяшаўся і ледзь паспеў справы здаць. Я трошкі асвоіўся і вырашыў сёння пазнаёміцца з вамі. Таму і паслаў за вамі.
— Ну і дзякуй Богу, — недарэчы чамусьці сказаў Мараўскі.
— Што, вы таксама хацелі сустрэцца са мной? — усміхнуўся Мачалаў.
— Не, не. — збянтэжыўся стары, — я, калі ўбачыў вось гэтага хлопца, сеў да яго ў машыну, крыху спалохаўся.
— Чаго ж вы спалохаліся?
— Ведаеце, Сяргей Міронавіч ніколі мяне не запрашаў сюды. Ён сам прыязджаў да мяне, і мы звычайна з ім сустракаліся і гутарылі ў іншых месцах.
— Правільна. Я надалей буду рабіць тое ж самае, але пагадзіцеся, калі б я сёння прыехаў да вас і пачаў гутарку, дык вы б мне, напэўна, не паверылі, а цяпер пабывалі ў нас у аддзеле, бачыце, што я той, за каго сябе выдаю, і ў вас сумненняў ніякіх не засталося. Ці не так?
— Так, так, вы маеце рацыю і паступілі правільна, — хутка пагадзіўся Мараўскі.
— Ну вось і цудоўна. Зараз давайце пяройдзем да справы. Ці не здаецца вам, Казімір Казіміравіч, што пара ўладкоўвацца на працу?
— Мне? Куды? Кім?
— Ну, напрыклад, на чыгунку, скажам, кладаўшчыком, які ўзначальвае склад, дзе, акрамя розных тавараў, маецца зброя сякая-такая і боепрыпасы.
— Але я ніколі на такой пасадзе не працаваў.
— Нічога, і старастай да вайны вы таксама ніколі не былі. Скажу вам прама. Нам гэта трэба для таго, каб скончыць з бандай Фядзько. Мы вам, як бачыце, давяраем і просім аказаць дапамогу. Месца для вас гатова, і з заўтрашняга дня вы павінны прыступіць да работы.
— І што я павінен рабіць?
— Працаваць і чакаць, пакуль да вас з’явіцца Фядзько ці хто-небудзь ад яго. Калі ў вас спытаюць вось пра гэтага чалавека, — Мачалаў працягнуў Мараўскаму лісток паперы, — дык вы павінны адказаць, што ён працуе ў аддзеле працоўнага забеспячэння ўпаўнаважаным па нарыхтоўках харчу, ездзіць па вёсках і што вы рэкамендавалі яму спыніцца на пастой у надзейнага чалавека — Браніслава Лешыка. Калі ў вас будуць прасіць зброю і патроны ці патрабаваць іх пагрозай ці шантажом, то ў прынцыпе згаджайцеся, але скажыце, што атрымаць у вас усё гэта і вывезці за межы базы можа толькі ваш сябар, які займаецца нарыхтоўкамі.