Мараўскі зачыніў дзверы, а я на ўсякі выпадак пісталет падрыхтаваў, думаю, калі накінецца на старога, давядзецца мне ўмешвацца. Але бачу, усё пакуль спакойна ідзе. Сеў Фядзько на скрыню і пытае, ці ведае Мараўскі Славіна. А той адказвае: «Гэта той хлопец, што ўпаўнаважаным па нарыхтоўках працуе? Ведаю, але ён цяпер па вёсках матаецца, я яму нават парэкамендаваў у твайго бацькі спыніцца». — «Слухай, Казімір, а чырвоныя ведаюць, чым ты пры немцах займаўся?» — «Крый божа! — і Мараўскі нават перахрысціўся. — Я, — кажа, — нават у вёсцы хату кінуў і ў горад перабраўся, каб хто-небудзь не выдаў мяне». А Фядзько ўхмыльнуўся і кажа: «А я вось магу і здаць цябе, што ты на гэта скажаш?» — «Ты што, Сцяпан, пабойся бога! Што я табе дрэннага зрабіў?» — «Добра, — засмяяўся Фядзько, — не дрэйфі, я пажартаваў. Скажы мне, а што ў цябе на складзе ёсць добрага?» — «Ды рознае. сам жа ведаеш, што склад для таго і існуе, каб на ім многае захоўвалася». — «Зброя ёсць?» — «Карабіны, рэвальверы». — «Патроны?» — «І патроны ёсць». — «А для чаго яны тут?» — «Як для чаго? Для стралкоў чыгуначнай аховы». — «Слухай, Казімір, а ўпаўнаважаным па гэтых самых нарыхтоўках зброю выдаюць?» — «А як жа, выдаём». — «А для чаго яна ім?» — «Дык яны ж з грашыма ды таварамі справу маюць, па вёсках ездзяць. А цяпер час такі, што і забіць могуць». — «Так, гэта ты дакладна кажаш: забіць могуць. А мне ты патронаў не дасі?» — «Што ты, Сцяпан, як жа гэта я магу?» — «Ды ты, Казімір, не бойся, не за так. Я табе за гэта грошай дам, ну, і бальшавікам пра цябе нічога не скажу. Сам разумееш, калі даведаюцца, што былога старасту, нямецкага паслугача, ха-ха, у збройны склад пусцілі, дык яны цябе з усіх карабінаў, вінтовак, рэвальвераў, што тут захоўваюцца, залпам, ха-ха, што зробяць? Расстраляюць, разумееш, рэшата з цябе зробяць». Антон зрабіў паўзу і ўсміхнуўся:
— Ведаеце, Пётр Пятровіч, што ў гэты момант Мараўскі ўпароў? Я ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца. Ён зрабіў выгляд, што сапраўды спалохаўся, і, як сапраўдны артыст, — бух у ногі гэтаму Фядзько і як загалосіць: «Пашкадуй мяне, Сцяпан! Не губі на старасці гадоў, дай дажыць жыццё, мне ўжо трохі засталося!» Ведаеце, нават слязу пусціў. Ну, ні даць ні ўзяць спалохаўся, і ўсё тут. А Фядзько ўскочыў на ногі і кажа: «Ды ціха ты, раскрычаўся! Зараз людзі на твае галашэнні збяруцца. Супакойся, я пажартаваў. Не буду цябе чырвоным здаваць. Але патроны ты мне дастанеш». Мараўскі задумаўся, а потым кажа: «Я, вядома, пару соцень мог бы наскрэбці, але як я вынесу, калі ахова праверыць, то канец мне». — «А калі гэтага мальца да справы прыцягнуць?» — «Гэтага? Чакай-чакай, ён жа мне надоечы пра патроны казаў, што можна добра падзарабіць, калі нейкім паляўнічым прадаць». — «Ну вось бачыш. То, калі яго ўзяць у кампанію, зможаш патронаў даць?» — «Вядома, ён вывезці іх з тэрыторыі зможа, — задумаўся Мараўскі, — дый на яго выпісаць з тысячу патронаў можна». «Ну тады дамовіліся. Як з’явіцца ён да цябе, дай патронаў, у крыўдзе не будзеш. Дамо і грошай, і харчу. Толькі пра нашу сустрэчу яму не кажы». Пасля гэтага Фядзько развітаўся і сышоў. А я выйшаў са сваёй хованкі і кажу: «Малайчына, Казімір Казіміравіч, дзейнічалі вы правільна, па інструкцыі!» Ну і, вядома, адразу ж да тэлефона. Патэлефанаваў вам — не адказваеце, звязаўся тады з дзяжурным і папрасіў папярэдзіць вас, што хутка буду. Што зараз рабіць будзем, Пётр Пятровіч?
— Усё пакуль, бачыш, ідзе па плане. Ты цяпер вяртайся да Мараўскага і працягвайце дзейнічаць у тым жа духу, як і дамовіліся. Будзем рыхтавацца да фіналу.
Славін
Славін прыехаў у вёску позна вечарам. Паставіў у пакоі ля сцяны два цяжкія чамаданы, з палёгкай уздыхнуў:
— Ух. ледзь дабраўся. Дабрыдзень!
Лешык адказаў і адразу ж спытаў:
— Прывёз?
— Вядома. Заяц трапацца не любіць: сказана — зроблена. Зараз трэба хутчэй Сцяпана знайсці. Такі груз трымаць у хаце небяспечна.
Стары падтрымаў:
— Правільна кажаш, Валодзя. Нельга рызыкаваць. Заўтра ж паспрабуем паведаміць яму. Вячэраць будзеш? Я табе самагоначкі налью.