— Сынок, — яе голас пацяплеў, — баюся гэтага бандыта, ох, баюся! Ды і ты будзь асцярожны, ён не задумваючыся можа зарэзаць чалавека.
Славін, як мог, супакоіў бабульку, павольным крокам падаўся да хаты гаспадара. Але, калі прайшоў сотню метраў, рэзка павярнуў у поле, накіраваўся да лесу. Неўзабаве ён ужо размаўляў з Мачалавым. Раіліся нядоўга. Начальнік не хацеў рызыкаваць, падвяргаць Славіна смяротнай небяспецы.
— Бандыта і тых, хто прыйдзе з ім, будзем браць адразу, як толькі з’явяцца ў вёсцы. У гэту ж ноч блакіруем мясцовасць, дзе знаходзіцца іх логава, і банда будзе ліквідавана. Што да Ванды Рудакоўскай, Уладзімір, твая праўда. Калі яна ўбачыць, што Фядзько ў нашых руках, можаш не сумнявацца — пагодзіцца паказаць логава ўсёй банды.
Дамовіліся, што аператыўная група, як толькі сцямнее, блакіруе хутар Лешыка. Фядзько ўвойдзе ў хату, пасля гэтага яго сябрукі, тыя, якія застануцца ў ахове, будуць зняты, а затым супрацоўнікі ўварвуцца ўнутр памяшкання. Мачалаў, інструктуючы Славіна, імкнуўся прадугледзець усё да драбнюткіх падрабязнасцяў.
— Калі не атрымаецца зняць сябрукоў Фядзько без шуму, — казаў ён Уладзіміру, — то ты не рызыкуй, смела карыстаўся зброяй.
Славін неўзабаве вярнуўся дахаты. Лешык спаў на печы, Ядзя даіла ў хляве карову. Ён сеў на лаву і, адкінуўшыся да сцяны, яшчэ раз абдумваў план дзеянняў. Страху не было, у яго душы расла толькі нянавісць. У памяці юнака ўсплыў вобраз забітага хлапчука. Цяпер Уладзімір адчуваў сябе, як і раней, калі рыхтаваўся да смяротных сутычак з ворагам. Так, наперадзе быў ізноў бой — жорсткі, бязлітасны.
Уладзімір Славін
Пяцёра выйшлі з лесу і накіраваліся да вёскі. Ішлі асцярожна, ледзь перастаўляючы ногі па суглінкавым разараным полі. Нарэшце яны апынуліся ля хаты Лешыка. Адзін з іх штосьці сказаў сваім спадарожнікам, і тыя, перамахнуўшы праз плот, пачалі абыходзіць з двух бакоў будынак. Усе былі ўзброены: адзін з аўтаматам, астатнія з абрэзамі. Той, у якога вісеў на плячы аўтамат, вычакаў трохі, сам абышоў хату, зазіраючы ў вокны, падняўся на ганак, падышоў да дзвярэй, асцярожна пхнуў іх — адчынена. Ён пастаяў трохі, ступіў у цёмныя сенцы. Намацаў клямку, адчыніў дзверы, паглядзеў на людзей, якія знаходзіліся ў пакоі. Не вітаючыся, спытаў:
— Як маецеся?
Стары Лешык падняўся з табурэткі:
— Усё як трэба. Заходзь у хату — не халадзі.
Фядзько выняў руку з кішэні брызентавай курткі, увайшоў у пакой. Прывітаўся са Славіным, загадаў старому:
— Дай што-небудзь душу сагрэць, змакрэў наскрозь! — затым прысеў на лаву, кінуў погляд на Ядзю: — А ты сцягні боты: сатры бруд, анучы на печцы рассцялі.
Ядзя ледзь сцягнула мокрыя, брудныя боты, разматала анучы. Увайшоў гаспадар з бутляй самагонкі і закускай. Паставіў на стол. Фядзько наліў і залпам асушыў поўную шклянку, падсунуўся да Славіна.
— Колькі прынёс?
— Не лічыў. Падбіць бабкі можна цяпер.
Уладзімір увесь напружыўся: вось-вось павінен прагучаць умоўны сігнал, і тады трэба кінуцца на бандыта, не дазволіць яму схапіцца за зброю, даць магчымасць аператыўнікам уварвацца ў хату. У двары нечакана пачуўся прыглушаны стогн. Стары і Фядзько не ўчулі яго, а Ядзя насцярожылася. Яна моўчкі падышла да акна, прыклала да шкла далонь рабром, паспрабавала разгледзець, што адбываецца. У сенцах пачуўся шум. Славін зразумеў: свае! Не разважаючы, колькі было сіл, ён гваздануў правай рукой у сківіцу Фядзько. Ва ўдар Уладзімір уклаў усё: і злосць, і нянавісць да вылюдка, перад якім ужо не трэба было маскіравацца, і турботу за сваіх таварышаў, і велізарнае жаданне адпомсціць за тых, у каго адняў жыццё гэты гад! Сцяпан паляцеў уздоўж лавы і, урэзаўшыся галавой у бярвеністую сцяну, без прытомнасці грукнуўся на падлогу.
Дзверы адчыніліся, у пакой уварваліся супрацоўнікі. Усё адбылося настолькі нечакана, што ні Ядзя, ні стары не паспелі і ахнуць.
Мачалаў загадаў усіх затрыманых сабраць у хаце, звязаць іх, а сам, кіўнуўшы галавой Славіну, маўляў, ідзі за мной, выйшаў з хаты.
У двары ён паціснуў руку Уладзіміру:
— Ну, першы іспыт здаў удала. Пайшлі да Рудакоўскай. Калі ўгаворым яе паказаць, дзе хаваецца банда, лічы, што заўтра адрапартуем пра выкананне задання.
У хаце, дзе жылі бацькі Ванды, гарэла святло. Няцяжка было здагадацца, што там цяпер адбываецца. Аднак чакаць не заставалася часу, і Мачалаў пацягнуў дзверы на сябе. Аператыўнікі дзейнічалі хутка. Нельга было дапусціць, каб Ванда апамяталася. Здуру яшчэ зброю выкарыстае.