Выбрать главу

Хутка ўвайшлі ў пакой. Там былі старыя і дачка. Ванда — маладая сімпатычная дзяўчына з вялікімі блакітнымі вачыма — з жахам глядзела на іх. Стары Рудакоўскі, відавочна, адразу вырашыў, што незнаёмыя мужчыны — гэта і ёсць галаварэзы з банды Фядзько. Маці запытальна, з трывогай глядзела на Уладзіміра. Толькі пасля таго, як Мачалаў прадставіўся, пачуўся немы жаночы плач: расплакалася маці.

Ніякай зброі пры Вандзе не аказалася. Мачалаў папрасіў старых апрануцца, выйсці на некалькі хвілін на ганак. Маці, верагодна, палічыла, што яе дачка цяпер будзе расстраляная, забожкала яшчэ гучней, кінулася ў ногі начальніку:

— Не чапайце яе, напрамілы Бог! Малю! Не забівайце! Яна нічога дрэннага не зрабіла. Яе Сцяпан Лешык сілком у лес зацягнуў.

— Устаньце і перастаньце галасіць! Савецкая ўлада людзей не расстрэльвае проста так. Нам трэба пагаварыць з Вандай сам-насам.

Мачалаў пачакаў, пакуль выйдуць бацькі, і падышоў да дзяўчыны. Цяпер ён блізка ўбачыў яе твар, заўважыў на ім хваравітую азызласць, прыпухлыя павекі. Жыццё ў лесе, вядома, давала пра сябе ведаць.

— Ванда! Фядзько, ён жа Лешык, і яго сябрукі толькі што затрыманы. Для нас, зрэшты, як і для цябе, яны ўжо не небяспечныя. Цяпер трэба як мага хутчэй ліквідаваць астатнюю частку банды, якая надзейна акружана нашымі салдатамі. Мы не хочам, каб дарма пралівалася кроў людзей. Таму прапануем табе паказаць дарогу праз балота. Гэта дапамога будзе ўлічана пры вырашэнні твайго лёсу. Згодна?

Вочы дзяўчыны напоўніліся слязьмі. Яна малітоўна склала рукі на грудзях:

— Дзядзечка, міленькі, добры! Што хочаце рабіце са мной, толькі не пытайце. Яны заб’юць мяне! Зарэжуць! Павесяць на першай хвоі.

— Ніхто цябе пальцам не кране. Бандытаў у гэтых краях больш ніколі не будзе. Мы з імі скончым раз і назаўжды. Дык што ж? Вырашай, дзяўчына!

Славін таксама падышоў да яе бліжэй.

— Ванда! Успомні, што яны зрабілі з Юзэфам. А твая асабістая крыўда? Няўжо прабачыш? Няўжо дапусціш, каб гэтыя забойцы гулялі на волі, сеялі смерць і гора?

— Баюся! Вы яшчэ не ведаеце іх.

— Каго іх? Не ведаю гэтых вылюдкаў?

— Правільна. Яны вылюдкі, усе да аднаго людажэры, якіх свет не бачыў. Таму і страшна.

— Не бойся, Ванда! Павер нам. Зразумей, цяпер дарагая кожная хвіліна. Калі бандыты штосьці пранюхаюць, не мінуць кровапраліцця.

На твары дзяўчыны лёгка было прачытаць, якая складаная барацьба адбываецца ў гэтыя імгненні ў яе душы. Яна пачала ўжо разумець, што магутны жорсткі чалавек, пры якім яна трапятала, абясшкоджаны. Цяпер ён, пэўна, не ўяўляе ніякай сур’ёзнай небяспекі.

Цяпер трэба пераадолець страх, адважыцца. Нарэшце Ванда вырашылася:

— Добра. я павяду. толькі каб ніхто не ведаў.

— Вось цяпер ты кажаш разумна. Адразу б так! — ухваліў Уладзімір.

У лесе было яшчэ цёмна, калі невялікі атрад дасягнуў месца, вакол якога размясцілася ўзмоцненая рота аўтаматчыкаў. Мачалаў загадаў трохі адпачыць. Начальнік сабраў старшых груп, паставіў перад кожным выразную задачу. Не пакінуў ён без увагі і бандыцкі сакрэт, які непрыкметна абышлі бокам. Для ліквідацыі гэтага сакрэту Мачалаў накіраваў аддзяленне салдатаў на чале з Бартошыкам і растлумачыў:

— Там не больш трох чалавек. Паспрабуйце зняць ціха. Пасля гэтага заставайцеся на месцы. Чакайце завяршэння аперацыі. Спатрэбіцеся для справы — каманду перадамо праз сувязнога. Пароль — «Мінск».

Ванда ўпэўнена ступіла ў ржавую балотную ваду. Следам за ёй крок у крок адправіліся Мачалаў, Славін, Антошын і ўсе астатнія, хто меўся схапіцца з бандытамі.

Ісці прыйшлося доўга, часам па грудзі патанаючы ў сцюдзёнай багне. Нарэшце адчулася пад нагамі цвёрдая глеба. Рудакоўская адразу ж павярнула крута налева. Шэптам растлумачыла Мачалаву:

— Прама нельга — там засада!

— Колькі чалавек?

— Звычайна два.

Мачалаў адправіў чатырох чалавек для захопу засады. Атрад рушыў далей. Неўзабаве байцы спыніліся перад невялікай палянай. На ёй размяшчалася шэсць зямлянак. Кожная група па камандзе начальніка рушыла да «свайго бярлогу», астатнія салдаты хутка акружылі паляну.

Ва ўсіх шасці зямлянках дзверы не замыкаліся. Салдаты дзейнічалі спрытна і рашуча. Бандытаў бралі прама ў пасцелях, тут жа выводзілі вонкі. Толькі ў адной зямлянцы глуха грукнуў адзінкавы стрэл: прыйшлося прыстрэліць аднаго з бандытаў, які паспрабаваў выхапіць з-пад падушкі пісталет.

Неўзабаве ўсё было скончана. Бандыты, акружаныя з усіх бакоў аўтаматчыкамі, моўчкі стаялі, унурыўшы галовы.

Ужо зусім развіднела, калі канвой даставіў і тых бандытаў, якія былі схоплены ў сакрэтах. Мачалаў загадаў пераправіць затрыманых невялікімі групамі праз балота, да вёскі. Туды, па яго разліках, ужо прыбываў абоз, каб забраць бандыцкую зброю, боепрыпасы і нарабаваныя імі маёмасць, каштоўнасці.