Выбрать главу

— Трэба ж! Самы салодкі сон парушыў. Дык ты скажаш, што здарылася?

— Начальнік загадаў на дзяжурнай машыне па цябе прыскокнуць, а што такое — сам толкам не ведаю.

Выйшлі на вуліцу, а вакол белым-бела.

— Глянь-ка, — здзівіўся Уладзімір, — колькі снегу наваліла!

— Зіма амаль заўсёды так вясну сустракае. Садзіся ў кабіну, а то спрасонку прадуе. Я ў кузаве пакалачуся, тут недалёка.

Славін улез у кабіну, прывітаўся з вадзіцелем. Той праз задняе шкло ўбачыў, што Антошын ужо ў кузаве, крануў з месца старую, паўразбітую паўтаратонку. Матор гулка залапатаў, машына ледзь прабівалася праз глыбокі снег. Кабіну прадувала наскрозь. Неўзабаве машына заехала ў двор невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел.

Мачалаў быў у сваім кабінеце, там жа сабралася чацвёра іншых супрацоўнікаў, сярод якіх Крайнюк і Бартошык. Славін падсеў да Бартошыка, шэптам спытаў:

— Што такое?

— Не ведаю. Зараз растлумачаць. Цябе што — з пасцелі паднялі?

— А цябе, напэўна, з пліты, — пажартаваў Уладзімір. — Таксама, нябось, дрыхнуў без задніх ног.

— Лап, — прагаварыў Бартошык.

— Што лап? — не зразумеў Славін.

— Трэба казаць лап, таму што задніх ног не бывае.

— Ведаеш ты шмат! — адмахнуўся Уладзімір. — А ў каня, каровы? Не, браток, скончыцца вайна, паступай у другі клас. Там якраз вучаць дзяцей лапы ад ног адрозніваць.

Начальнік аддзела зірнуў на гадзіннік:

— Я сабраў вас у сувязі з тым, што ў горадзе з’явілася небяспечная група злачынцаў, колькасць яе — сем-восем чалавек. Двое ўзброены аўтаматамі, астатнія — пісталетамі. Справа ўскладняецца яшчэ і тым, што ўсе яны апрануты ў форму камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі. Вы самі ведаеце, колькі вайсковых падраздзяленняў знаходзіцца ў горадзе і вакол яго, так што згубіцца ім сярод вайскоўцаў нескладана.

Цяпер пра дзеянні злачынцаў. Учора ўвечары, у васямнаццаць гадзін сорак хвілін, чацвёра з іх — адзін у форме маёра, другі — старшыны, астатнія ў адзежы радавых, уварваліся ў кватэру адказнага работніка, звязалі старэнькую маці, забралі ўсе каштоўнасці, рэчы, харчовыя карткі, а таксама дакументы і ўцяклі.

У два трыццаць група з шасці чалавек, дзе былі тыя ж маёр і старшына, здзейсніла разбойны напад на хату святара. Паранілі аднаго чалавека з прыслугі, другога зачынілі ў склепе, а самога святара зацягнулі ў далёкі пакой, пад катаваннямі прымусілі прызнацца, дзе схаваны каштоўнасці, рэквізавалі іх, затым учынілі сапраўдны пагром, забралі ўсе лепшыя рэчы, перанеслі ў грузавік, марка якога нам невядомая. У абодвух выпадках злачынцы назывался супрацоўнікамі НКУС. Група, як бачыце, вельмі дзёрзкая і небяспечная. Паранены, дарэчы, знаходзіцца ў крытычным стане. Такім чынам, мяркую, сітуацыя ясная. Усе вы прызначаецеся ў аператыўную групу, якую ўзначалю я. Якія будуць пытанні?

— Нашы ёсць на месцы здарэння?

— Так. Жонка святара, якую яны зачынілі ў пакоі, чула каманду аднаго з налётчыкаў: той камусьці са сваіх падручных загадаў адкрыць задні борт. Гэта, відавочна, для таго, каб пагрузіць швейную машыну. Пападдзя ўлавіла шум матора. Яна ўпэўнена, што бандыты прыязджалі на грузавіку. Пра гэта, між іншым, кажуць і самі факты. Снег да таго часу, пакуль не прыбылі нашы супрацоўнікі, яшчэ не паспеў засыпаць сляды колаў, дый шасцёра чалавек з вялікай колькасцю нарабаванага дабра наўрад ці могуць улезці нават у самы вялікі легкавы аўтамабіль.

— Адкуль вядома, што і ў першым, і ў другім выпадках маёр і старшына — адны і тыя?

— У маёра добра відаць шнар на твары, а ў старшыны забінтавана шыя.

— Пасты вакол горада папярэджаны?

— Так, адразу ж, як толькі паступілі звесткі пра здарэнне.

Пытанняў больш не было, і Мачалаў пачаў размяркоўваць заданні паміж супрацоўнікамі.

Славіна ён пакінуў апошнім, сеў побач:

— Перад табой, Уладзімір Міхайлавіч, стаіць асобая задача. Я гутарыў з пацярпелымі. Людзі яны пажылыя, з вялікім жыццёвым вопытам. І святар, і яго жонка заўважылі, што маёр часта ўжывае словы, уласцівыя злодзеям і бандытам тых часоў, калі тут існаваў рэжым белапалякаў. І я прыйшоў да высновы, што табе трэба папрацаваць у старым паліцэйскім архіве. Пацікаўся людзьмі, якія «ставілі» кватэры, параўнай прыкметы, — Пётр Пятровіч працягнуў Славіну лісток паперы: — Тут апісанне прыкмет бандытаў. Вазьмі на заметку і тых, хто ўтрымліваў прытоны. Словам, прыкінь, дзе і ў каго маглі спыніцца злачынцы.

Світанак заспеў Славіна ў архіве. З вялікай цяжкасцю адшукаў ён паліцэйскія дакументы, паглыбіўся ў іх чытанне. Як правіла, гэта былі дасье вельмі грунтоўныя, на рознага роду ашуканцаў, прастытутак, злодзеяў, рабаўнікоў, забойцаў.