Выбрать главу

Уладзімір не заўважыў, як і дзень скончыўся. Маўклівы і пануры, прыйшоў ён у сціплы пакойчык, які часова зняў у старых мужа і жонкі. Запаліў недагарак стэарынавай свечкі, заслаў пасцель, думаў адразу ж легчы спаць. Але, пасядзеўшы ў цішыні некалькі хвілін, не вытрымаў, апрануўся і накіраваўся ў аддзел. Прагледзеў у дзяжурнага журнал рэгістрацыі здарэнняў — нічога істотнага не адбылося. Пайшоў у свой кабінет. Уключыў святло, сеў за стол, і ў гэты момант з’явіўся дзяжурны. Хрыплым голасам сказаў:

— Выбач, Славін. Я тут закруціўся і ледзь не забыўся. Табе ліст.

Ён працягнуў папяровы трохкутнік. Уладзімір зірнуў на почырк, адразу ж пазнаў руку маці.

Дзяжурны выйшаў, а Уладзімір разгарнуў ліст і, перш чым пачаць чытаць, усміхнуўся, успомніўшы сон: «Трэба ж такое! Бачыў маму ў сне — і на табе — ліст. Чакай: Жэня ж таксама прыснілася. Можа, і яна дахаты вярнулася?»

Уладзімір прагледзеў ліст — так і ёсць! Сястра дома!

Ён усеўся ямчэй, пачаў чытаць уважліва, не прапускаючы ніводнага слова: «Дабрыдзень, сынок! Сёння вялікая радасць. Зусім нечакана з’явілася Жэня. Праўда, параненая ў руку. Таму ліст пішу я, а яна сядзіць побач і камандуе. Напэўна, прывыкла загады аддаваць. Раненне ў яе лёгкае, так што хутка ўсё пройдзе. Самае галоўнае, што Жэня вярнулася зусім. Цяпер удзвюх весялей цябе чакаць. Усялілі нас у старую кватэру. Рамонт пакуль рабіць не будзем, увесну зоймемся. Учора прыходзіў да мяне і суседзяў чалавек з НКУС. Цікавіўся Латанінай Святланай. Памятаеш, што насупраць нас жыла? Калі ты не забыўся, Латаніну мы з табой неяк бачылі на кірмашы падчас аблавы. Яна тады з афіцэрамі стаяла, а мы вырваліся з ачаплення. Аказваецца, гэта гадзюка многіх савецкіх людзей гестапаўцам выдала. Вось яе цяпер і шукаюць.

Справы ў горадзе папраўляюцца. Народу дадалося, адкрыліся крамы. Па нядзельных днях выходзім на ўборку горада. Усе працуюць ад душы. Ужо працуюць некаторыя заводы. Учора спрабавалі цукеркі з нашай фабрыкі „Камунарка“ — смачныя, жах! Далі нам воз дроў, так што ў холадзе сядзець не будзем. Атрымала харчовыя карткі, і Жэні таксама. Увогуле, сынок, пра нас не турбуйся і прадуктаў больш не пасылай. Імкніся сам сілкавацца лепей. У цябе арганізм малады, ды яшчэ перанёс цяжкае раненне.

Што ў цябе новага? Дзе і ў каго жывеш? Ці ёсць зімовая адзежа, абутак? Напішы нам. І, калі ласка, мы цябе вельмі просім, будзь асцярожны. У нашай сям’і з мужчын ты адзін застаўся. Я амаль кожны дзень цікаўлюся пра бацьку. Але пакуль так нічога і не даведалася. Хоць бы яго магілку адшукаць!

Чакаем цябе, не дачакаемся! Прыязджай хутчэй, сынок! Ужо так цябе ўбачыць хочацца! Цалуем і абдымаем. Пішы. Твае мама і сястра».

Славін адкінуўся на спінку рыпучага крэсла і, заплюшчыўшы вочы, уявіў сабе твар маці. сястры. Нясцерпна захацелася да іх — хоць на дзянёк, хоць на гадзіну, на хвіліну. Уладзімір ведаў: калі падысці цяпер да начальніка і папрасіць яго — той адпусціць. Але ж становішча ў горадзе, у вобласці якое! Не, нельга. «Вось зловім гэту банду, тады і папрашуся на пару дзянькоў», — вырашыў ён і, выняўшы са стала аркуш паперы, прыняўся за адказ. Але скончыць яго не паспеў. У кабінет увайшоў дзяжурны:

— Ты яшчэ тут? Разумееш, прыйшла жанчына. Маёр, хірургам у шпіталі працуе. Расказвае, што раніцай, калі яна ішла на дзяжурства, бачыла, як на адной вуліцы спыніўся аўтамабіль ЗІС. З кабіны выйшлі маёр і старшына. Яны нават дзверы кабіны не зачынілі і пабеглі ў зваротны бок. Тады яна асаблівай увагі гэтаму выпадку не надала, але ўвечары, калі вярталася са шпіталя, то зноў убачыла гэту ж машыну з занесенай снегам кабінай. Дайшла да сваёй хаты і. павярнула да нас.

— Дзе яна?

— У дзяжурцы. Пагутарыш?

— Вядома.

— Добра. Я зараз яе прывяду.

Праз некалькі хвілін у кабінет увайшла жанчына ў цёплым паліто з футравым каўняром, на нагах — валёнкі. Выглядала яна ледзь старэйшай за трыццаць. Славін запрасіў яе прысесці, а сам падумаў: «Нават не скажаш, што яна маёр. Звычайная цывільная жанчына, і ўсё тут». Падсунуў да сябе невялікі лісток паперы і спытаў:

— Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку?

— Васілеўкая Вольга Ільінічна.

— Вы працуеце урачом у шпіталі?

— Так, я ўжо казала вашаму дзяжурнаму. Я — маёр медыцынскай службы, хірург.

Затым Славін уважліва выслухаў яе і задумаўся: «Жанчына, адчуваецца, чалавек назіральны. У марках машын разбіраецца добра, а чым чорт ні жартуе, раптам на гэтай машыне рабавалі злачынцы?» Ён зірнуў на Васілеўскую: