Выбрать главу

— З кім вы яго бачылі?

— Побач з ім ішоў, відаць, фельдфебель з аўтаматам. У яго шыя перавязана бінтам. Гэта добра памятаю.

— Ну, а той, ваш знаёмы, у якім званні?

— Бачыў, што афіцэр, а ў якім званні — не разгледзеў. Я ішоў за ім следам да свайго дома. Яны павярнулі направа, і я іх больш не бачыў.

Славін гатовы быў расцалаваць старога.

— Дзядуля, вы можаце паказаць, дзе пражывае гэта пані Шыкульская?

— Паночку, я ўсё магу зрабіць, але прашу вас, — ён паказаў рукой на дзверы, якія вялі ў суседні пакой, — у тым пакоі ляжыць мая хворая жонка. Мы засталіся адны. Наш адзіны сын быў у Чырвонай Арміі. Месяц таму загінуў. Нас няма каму абараніць, і я аб адным вас прашу, малю — нікому ні слова.

— Дамовіліся. Значыць, зробім так: я цяпер вярнуся да машыны, сустрэнуся са сваімі людзьмі і прыйду да вас з начальнікам. Толькі ён будзе ведаць пра гэта.

Гаспадар не пярэчыў. Уладзімір выскачыў на вуліцу і тут жа ўбачыў святло фар. Значыць, пакуль ён гутарыў са старым, паспелі прыехаць аператыўныя работнікі. Славін пабег да машыны. Калі да яе заставалася з дзясятак метраў, пачуўся гарэзны голас Бартошыка:

— Паглядзіце, як прэ! Быццам голы ў лазню спяшаецца.

— Дзе ты знікаеш? — злосна спытаў Мачалаў. — Мы тут ужо думалі, ці не здарылася што-небудзь з табой?

— Справай займаўся, Пётр Пятровіч.

Славін сцісла далажыў пра сустрэчы ў прыватных дамах, пра гутарку, якая толькі што адбылася са старым.

— Малайчына! — пахваліў Мачалаў. — А я якраз хацеў людзей накіраваць па дамах. Вядзі да старога, — і, павярнуўшыся да супрацоўнікаў, загадаў: — А вы, таварышы, старанна агледзьце машыну. Тут побач вайсковая часць. Папрасіце цягач або «студэбекер». Трэба адбуксіраваць гэту карэту. А потым чакайце нас тут.

Стары чакаў іх. Ён ужо надзеў самаробны сялянскі паўкажушак, насунуў на галаву патрапаную салдацкую шапку-вушанку. Мачалаў спытаў:

— Ці далёка жыве Шыкульская?

— Не, паночку. Праз дзве вуліцы. Туды лепш пешшу. Менш шуму будзе.

— Што ж, пайшлі!

Яны пакінулі дом і, павярнуўшы за рог, рушылі па пустой цёмнай вуліцы.

Асабняк Шыкульскай знаходзіўся сапраўды недалёка. Стары паказаў на дыхтоўны будынак, абнесены высокім глухім плотам, ціха растлумачыў:

— Вось тут і жыве пані Шыкульская.

Пётр Пятровіч пацікавіўся:

— Чым яна займалася да вайны?

— О-о! Для таго часу, панове, у яе быў занятак вельмі далікатны: трымала дом спатканняў.

Славін усміхнуўся:

— А вы, дзядуля, чаго туды хадзілі?

— Печы тапіў. Пані Шыкульская, трэба аддаць ёй належнае, нядрэнна плаціла.

— Чым цяпер займаецца?

— Не ведаю. Усю вайну пра яе нічога не чуў.

Пётр Пятровіч ціха сказаў Славіну:

— Праводзь старога дахаты і кліч нашых. Пакінь ля «ЗіСа» дваіх, хай даводзяць справу з ім да канца, а астатніх дастаў сюды. Машыну пастаўце за вуглом.

Славін і стары пайшлі, а капітан прайшоў уздоўж плота, спыніўся ля варот. Аднак праз невялікую шчыліну цяжка было штосьці ўбачыць. Пётр Пятровіч крануў брамку — замкнёна. Яго цяпер турбавала пытанне: ці трэба правяраць дом? «Калі там сапраўды сабралася ўся банда, — разважаў ён, — то практычна перавагі ў сілах на нашым баку няма. Ды і як яны ўзброены — невядома. Але тое, што ў іх ёсць аўтаматы, — гэта факт. Ці маю я права рызыкаваць людзьмі, ставіць іх пад удар?»

Калі Славін вярнуўся назад, аперацыя пачалася. Людзі былі расстаўлены так, што вокны і дзверы асабняка ім былі добра бачныя. Неўзабаве ў бліжэйшым завулку з двух грузавікоў высадзіўся ўзвод салдат. Яны хутка пералезлі праз плот, акружылі будынак. Мачалаў і шэсць аператыўнікаў, каб пазбегнуць лішняга шуму, пракраліся ў двор тым жа шляхам.

Першым на ганак падняўся начальнік аддзела, за ім — Славін, Бартошык, Крайнюк і яшчэ трое супрацоўнікаў. Дзверы, вядома, аказаліся замкнёнымі. Пётр Пятровіч агледзеў іх — ці нельга самім адкрыць. Нічога падобнага: дзверы вельмі шчыльна прылягалі да каробкі. Такім чынам, думай не думай, а ўвайсці ў дом без груку немагчыма. Начальнік жэстам загадаў усім стаць паабапал дзвярэй на той выпадак, калі раптам з калідора прама праз дзверы будзе адкрыта стральба, і гучна пастукаў кулаком. Пачакаў трохі і дзяржальняй пісталета пастукаў ізноў. Рыпнулі дзверы, пачуўся сонны жаночы голас:

— Хто там?

— Свой, свой! Адчыняй хутчэй, паўгадзіны ўжо стукаю!

Жанчына пачала важдацца з заваламі, прыгаворваючы:

— «Свой, свой». Калі свой, то і імя сваё трэба называць. А то адкрыю і не ведаю каму.

— Кінь трапацца! Капайся хутчэй!