Выбрать главу

Дзверы трохі прыадчыніліся, і Пётр Пятровіч моцна рвануў іх на сябе:

— Спакойна, міліцыя!

Жанчына паспрабавала штосьці сказаць, але Славін імгненна закрыў ёй рот далонню:

— Ну што, не зразумела? Сказана — спакойна, значыць — маўчы!

Жанчына, твар якой у цемры нельга было разгледзець, адвяла далонь, пакорліва прагаварыла:

— Маўчу, панове, маўчу. Прашу, праходзьце!

Аператыўнікі не чакалі яе запрашэння. Яны ўварваліся ў памяшканне і, падсвечваючы кішэннымі ліхтарыкамі, хутка агледзелі пакоі. У доме апынулася іх сем: у трох спалі людзі. Аператыўнікі дзейнічалі напорыста і бясшумна. З двара ўвайшлі яшчэ чатыры супрацоўнікі, пачалі будзіць спячых. Мачалаў, Славін і Бартошык таксама заняліся праверкай, зазірнулі ў адзін з пакояў. На масіўным драўляным ложку, пакрытым пышнай пярынай, спалі мужчына і жанчына. На крэсле ляжала іх адзежа. Бартошык падняў гімнасцёрку, што валялася на падлозе, усе ўбачылі пагоны старшага лейтэнанта.

— Правер, можа, дакументы ёсць у кішэнях? — загадаў начальнік.

— Дакументаў няма.

— Будзі, — кіўнуў Славіну Пётр Пятровіч.

— Зараз, толькі пад падушкай памацаю.

Уладзімір паціху запусціў руку пад падушку спячага мужчыны. Пальцы адразу ж намацалі зброю. То быў «вальтар». Уладзімір крануў спячага за плячо:

— Старшы лейтэнант, а старшы лейтэнант, прачніся!

Той штосьці прамыкаў невыразнае, павярнуўся на другі бок. Коўдра спаўзла. У «старшага лейтэнанта» з нахабнай шчырасцю агалілася частка цела ніжэй паясніцы. Бартошык засмяяўся, укалоў сябра:

— Глядзі, Валодзя! Ён табе адным месцам падміргвае.

Славін мацней тыцнуў дзяржальняй «вальтара» ў спіну спячага мужчыны:

— Ну, ты! Уставай, не арганізоўвай прадстаўленняў!

Невядомы нарэшце прачнуўся, сеў і, жмурачыся ад святла ліхтарыкаў, абурыўся:

— Якая падла спаць не дае?

— Спакойна, грамадзянін харошы. Мы — супрацоўнікі НКУС! Прад’явіце дакументы!

У гэты момант у суседнім пакоі раздаўся стрэл. Аказваецца, там не здагадаліся перш, чым разбудзіць спячага, праверыць, ці ёсць у яго зброя, і ледзь не паплаціліся за гэта. Толькі дзякуючы імгненнай рэакцыі Крайнюка, які перахапіў руку са зброяй, куля прашыла столь. А то аператыўнікі маглі не далічыцца каго-небудзь у сваіх шэрагах.

У трэцім пакоі, на матрацах, пакладзеных прама на падлозе, спалі трое, апранутыя ў цывільную адзежу. Усе былі ўзброены абрэзамі. Супрацоўнікі сабралі затрыманых у адзін пакой, затым вывелі з дома, парассаджвалі па машынах і павезлі. У адзін з аўтамабіляў пагрузілі знойдзеныя пры ператрусе зброю, боепрыпасы, розныя каштоўнасці.

Начальнік аддзела і Славін хацелі пагаварыць з гаспадыняй. Адчувалася, што яна ведае многае, але казаць праўду не хоча. Вырашылі даставіць яе ў аддзел і там працягнуць гаворку.

У доме засталася невялікая група аператыўнікаў на выпадак, калі з’явяцца іншыя злачынцы.

Наступіла раніца, але ніхто не думаў пра адпачынак. У аддзел прывезлі пацярпелых. Яны адразу ж сярод затрыманых апазналі тых, хто ўдзельнічаў у нападах. Зніклі толькі галоўныя бандыты — у форме маёра і старшыны.

Славін у душы быў рады, што дзякуючы яму так хутка ўдалося ўчапіцца за бандыцкую шайку. Ён і Мачалаў сядзелі ў кабінеце, калі туды ўвайшоў ззяючы Бартошык.

— Парадак! Поп апазнаў свае рэчы. Цяпер ім няма куды дзявацца, думаю, пачнуць расказваць.

— А я вось не думаю! — запярэчыў Славін. — Тут у іх колькі хочаш хадоў. Будуць валіць на «маёра» і «старшыну», і нічога пакуль не зробіш. — Уладзімір зірнуў на Мачалава. — Пётр Пятровіч, трэба па-сапраўднаму ўзяць у абарот гаспадыню. Яе даваенны лад жыцця гаворыць пра многае. Напэўна, яна добра ведае сваю кліентуру, тым больш стары прама сказаў, што «маёра» да вайны сустракаў у салоне пані Шыкульскай. Прапаную адпусціць яе і ўзяць пад назіранне.

Начальнік усміхнуўся:

— Памятаю, раней было распаўсюджана такое правіла: перш чым унесці прапанову, падумай, хто яе будзе выконваць. Дык вось — Шыкульскую даручаю табе.

Бартошык гарэзліва ўсміхнуўся, непрыкметна пхнуў сябра ў бок локцем:

— Ідзі, хлопец, выконвай.

Мачалаў не чуў гэтай рэплікі, аднак, калі заўважыў на твары Славіна ўсмешку, загадаў:

— А ты, Бартошык. акажаш яму дапамогу.

Начальнік сышоў. Аператыўнікі зірнулі адзін на аднаго і разрагаталіся, але ў дзвярах зноў з’явіўся Мачалаў:

— Жанчыну, якая пра кінуты «ЗіС» паведаміла, хто-небудзь дапытаў?

— Не, яшчэ не паспелі. Я з ёй толькі пагутарыў.

— Дай мне яе дадзеныя, я даручу дапытаць.