На наступны дзень Міхаіл Іванавіч паклікаў сына:
— Ну, Валодзя! Ёсць работа. Заўтра пойдзеш уладкоўвацца.
— Куды, тата?
— У майстэрню, дзе рамантуюць пішучыя машынкі. Гэта недалёка ад Дома ўрада. Начальнік майстэрні — цывільны немец. Цябе парэкамендавалі нашы людзі. Ён давярае ім.
— Што я буду рабіць? — роспачна спытаў Валодзя.
Бацька зразумеў настрой сына, спакойна растлумачыў:
— Запомні: ваяваць трэба не толькі мінамі і вінтоўкамі. Нам неабходна падтрымліваць маральны дух насельніцтва, клікаць народ на барацьбу. А для гэтага патрэбны і падпольныя друкарні, і пішучыя машынкі, якіх, дарэчы, нам вельмі не хапае. А ты зможаш здабываць розныя дэталі, будзеш ведаць, у якіх арганізацыях ёсць патрэбныя нам машынкі. Але ты ўвесь час павінен трымаць язык за зубамі, інакш, сын, загубіш і сям’ю нашу, і іншых таварышаў. Памятай пра гэта заўсёды. Ніякай пахвальбы перад сябрамі. Нікому, чуеш, нікому — ні слова!
Валодзя паглядзеў у стомленыя вочы бацькі і цвёрда адказаў:
— Ведаю, тата. Не турбуйся, ніхто ад мяне і слова не пачуе.
На наступны дзень малады Славін прыйшоў у майстэрню ў дакладна прызначаны час. Начальнік — пульхны, ружовашчокі немец, які пачаў лысець, доўга разглядаў хлопца. Той збянтэжана таптаўся ля парога. Нарэшце начальнік загаварыў:
— Я есць твой началнік і казяін. Ты дольшен карашо арбайтен, ферштейн? Ошень карашо арбайтен і любіць парядок. Калі будзеш плехо… магу отправляйт тебья на воспитыванье ў Вялікую Германію. Разумееш?
Валодзя кіўнуў галавой, а сам падумаў: «Я табе тут напрацую! Сам хутчэй пойдзеш у сваю Вялікую Германію!» Валодзя чысціў і мыў дэталі, пазней стаў разбіраць пішучыя машынкі. Марцін з Дрэздэна, — так начальнік зваў сябе — строга сачыў, каб рабочыя не спазняліся раніцай і не сыходзілі з працы раней, не дазваляў адлучацца, забараніў перакуры. Яго візглівы голас чуўся ўвесь дзень. За кожную правіннасць ён пагражаў маладым работнікам, што адправіць у Германію, а пажылым — канцлагерам.
Спачатку Валодзя прыглядаўся да людзей, працаваў добрасумленна, як таго і патрабаваў бацька. Прайшоў тыдзень-другі, і ён прыступіў да выканання задання: перш-наперш даведаўся, якім арганізацыям належаць машынкі, што паступілі ў рамонт, паведаміў бацьку, а падпольшчыкі высвятлялі, як можна выкрасці гэтыя машынкі, калі яны будуць вернуты ўладальнікам з майстэрні.
Неўзабаве Славін і сам асвоіў рамонт. Аднойчы з паліцэйскай управы прывезлі адразу тры сапсаваныя машынкі. Паліцэйскі, які даставіў іх, растлумачыў, што ўсе тры былі знойдзены ў нейкім закінутым доме. Валодзя з дзелавым выглядам уважліва агледзеў кожную з іх, зірнуў на паліцэйскага:
— У машынках вельмі шмат паломак. Каб выправіць іх, у майстэрні не знойдзецца гэтулькі дэталяў.
— Ды вы з трох хоць адну зрабіце.
— Паспрабуем, — адказаў юны майстар. Ён «паспрабаваў» і аднавіў не адну, а дзве машынкі, а трэцюю раскамплектаваў і схаваў у пакоі, дзе валяўся розны хлам. Паліцай забраў абедзве машынкі і праз начальніка майстэрні падзякаваў хлопцу за стараннасць і спраўнасць. Праз тыдзень Валодзя вынес з майстэрні корпус машынкі, а затым, на працягу пяці дзён, перанёс дахаты і ўсе астатнія дэталі. У нядзелю ён сабраў машынку і ўручыў бацьку. Праз сувязнога яна была перададзена ў партызанскі атрад. Неўзабаве малодшаму Славіну ўдалося сабраць яшчэ адну пішучую машынку.
Гэта быў яго святочны падарунак падпольшчыкам да 23 лютага — Дня Чырвонай Арміі.
Праўда, к вечару на змену прыўзнятаму і святочнаму настрою ў кватэру Славіных прыйшла трывога.
Калі ўся сям’я, за выключэннем Міхаіла Іванавіча, была ў зборы, у дзверы хтосьці пастукаў і ў прыхожую ўвайшла суседка Святлана Латаніна, высокая, стройная, светлавалосая, вельмі прыгожая дзяўчына. На выгляд ёй было гады дваццаць чатыры.
Латаніна і раней заходзіла да Славіных, зрэшты, як і да іншых суседзяў, па якой-небудзь справе, а то і проста пагаварыць. Але ў апошні час суседзі пачалі ставіцца да яе з некаторай насцярожанасцю. Валодзя з хлопцамі некалькі разоў бачыў яе каля старых закінутых могілак. Латаніна там сустракалася з невядомым мужчынам, апранутым у цывільную апратку, які прыязджаў туды на легкавушцы. Гэтыя сустрэчы не былі падобныя на любоўныя спатканні. Часта азіраючыся, яны заходзілі на могілкі, прагульваліся па пустыннай дарожцы хвілін дзесяць — пятнаццаць, а затым разыходзіліся па адным.
Звычайна пасля такіх сустрэч на наступны дзень у многіх дамах праводзіліся вобыскі, нярэдка каго-небудзь арыштоўвалі.
Праўда, у кватэры Славіных ператрусаў яшчэ не было, але прыход Святланы наводзіў на сумныя разважанні.