Выбрать главу

У такіх умовах працягваць допыт не мела сэнсу, і Бартошык адвёў Івана. Славін пасадзіў Шыкульскую на крэсла, наліў вады:

— Выпіце, калі ласка, супакойцеся.

— Не, вы толькі падумайце: які нахабнік! Які нахабнік! Выходзіць, не ён злодзей, а я. Прашу прабачэння, са мной гэты нумар не пройдзе! Шкада, што не дазволілі вы пагаварыць з ім да канца. Ён бы шаўковым стаў.

— Скажыце, хто яшчэ ведае Марэка?

Шыкульская на хвіліну задумалася, потым адказала:

— Ён часта сустракаўся з маімі дзяўчаткамі, але яны ўсе раз’ехаліся хто куды. Хоць чакайце-чакайце. Тут дзесьці павінна жыць Галіна Дакальская. Яна ведала Марэка дый Рэгіну таксама.

— Раскажыце пра яе.

— Чым яна пры немцах займалася — не ведаю. Але чула, што выйшла замуж за паліцая, які сышоў з акупантамі.

«Напэўна, ёсць сэнс пагаварыць з Дакальскай», — падумаў Уладзімір і папрасіў Шыкульскую пачакаць у калідоры, а сам пайшоў да начальніка аддзела. Сцісла далажыў пра ўсё, што ўдалося высветліць.

Пётр Пятровіч распарадзіўся Шыкульскую адпусціць, а ў яе кватэры працягваць трымаць засаду. Уладзіміру ён загадаў адпачываць, а на наступны дзень з раніцы прыступіць да пошуку Дакальскай.

Уладзімір Славін

Прайшоў тыдзень. Усе гэтыя дні Уладзімір шукаў Галіну Дакальскую. Дадзеных пра яе не было нават у старых паліцэйскіх архівах. Аператыўніку давялося папрацаваць, апытаць дзясяткі людзей, каб атрымаць звесткі пра гэту жанчыну. Высветлілася, што цяпер яна Кладнова Г аліна Сцяпанаўна, пражывае ў невялікай хатцы на ўскраіне горада.

Апоўдні Славін, Крайнюк і Мамонаў, апрануты ў форму малодшага лейтэнанта НКУС, пастукалі ў дашчаныя дзверы хаты Кладновай. Адкрыла маладая жанчына ў накінутым на плечы футры. Яна адказала на прывітанне і, даведаўшыся, што перад ёй супрацоўнікі НКУС, разгубілася. Славін першым увайшоў у кватэру і. спыніўся, здзіўлены бляскам люстэркаў і бронзы. На падлозе — дарагія варсістыя дываны. У другім пакоі за сталом сядзелі сяржант і маёр з зоркай Героя Савецкага Саюза на грудзях. На стале некалькі бутэлек гарэлкі, закуска.

— Дабрыдзень, таварышы. Мы супрацоўнікі НКУС, — прадставіўся Мамонаў. — Прашу прад’явіць дакументы.

Малодшы лейтэнант падышоў бліжэй да стала, стаў каля сяржанта, Славін заняў месца побач з маёрам, які ўстаў і расшпіліў кіцель, дастаючы дакументы. Сяржант раптам ускочыў з крэсла:

— Каго вы, пацукі тылавыя, правяраеце? Нас, франтавікоў? Ды я цяпер!.. — і ён тэатральным жэстам пляснуў па сваёй кішэні. Ззаду пстрыкнуў затвор пісталета. Гэта Крайнюк падрыхтаваў зброю да стральбы.

Славін наблізіўся да сяржанта:

— Спакойна, таварыш сяржант! Не крычыце. Мы знаходзімся пры выкананні службовых абавязкаў. Гэта можа скончыцца для вас дрэнна. Прычым раней, чым вы думаеце.

Спакойны, упэўнены тон Уладзіміра асадзіў сяржанта.

— Вы ўсё адно не маеце права правяраць нашы дакументы. Давайце сюды камендатуру.

Маёр перабіў:

— Канчай істэрыку, сяржант! Прад’яві дакументы і не дуры! — і ён працягнуў Славіну пасведчанне і іншыя паперы.

— Вось мае дакументы.

Славін спытаў:

— Сяржант з вамі?

— Не. Еду, як вы бачыце, у адпачынак. Тут перасадка. Трэба чакаць свайго цягніка амаль шэсць гадзін. А тут ён падвярнуўся, кажа: «Пойдзем, маёр, пасядзім у знаёмых». Ну, я і пагадзіўся. Не ведаў, што ён такі нервовы, — і зноў звярнуўся да сяржанта: — Чаго ўпіраешся? Прад’яві дакументы!

— Не буду, і ты мне, маёр, не ўказ. Хай вядуць да каменданта, а з гэтымі размаўляць няма чаго!

— Дурань! — не хаваючы раздражнення, заўважыў маёр і сеў на сваё месца, наліў у шклянку гарэлкі, выпіў, хруснуў салёным агурком.

А сяржант нечакана рэзка адпіхнуў ад сябе Мамонава, затым Славіна, кінуўся да акна. Аднак Крайнюк быў напагатове. Кароткім моцным ударам ён збіў сяржанта з ног, завярнуў яму рукі, спрытна выцягнуў з кішэні галіфэ «вальтар».

Славін узяў пісталет у рукі і, разглядаючы яго, прагаварыў:

— Не думаю, што гэта ваша табельная зброя, — і кіўнуў Мамонаву: — Абшукай!

У кішэні шыняля былі выяўлены дзве гранаты-«лімонкі», фінскі нож. Дакументаў ніякіх не аказалася. Славін спытаў:

— Дык дзе ж вашы дакументы?

Сяржант унурыўся галавой, асуджана прагаварыў:

— Узялі, сексоты! На мякіне правялі!

Славін папрасіў Мамонава і Крайнюка даставіць затрыманага ў аддзел, а сам застаўся ў кватэры. Пасля кароткай гутаркі ён зразумеў, што маёр нічога карыснага паведаміць не можа, і адпусціў яго.

Уладзімір звярнуўся да Дакальскай: