Выбрать главу

— Даўно ведаеце сяржанта?

— Пераначаваў дзве ночы, і толькі.

— Дзе пазнаёміліся?

— На вакзале. Я працую там касірам. Пасля работы выйшла на прывакзальную плошчу, ён і прычапіўся да мяне. Сказаў, што франтавік, папрасіўся на начлег. Пашкадавала яго, пагадзілася. Я ж не ведала, што ён не той, за каго сябе выдае.

— Адкуль вы ведаеце, што ён «не той»?

— Яшчэ ўчора, калі ён ап’янеў і заснуў, вырашыла паглядзець дакументы. Ні ў кішэнях шыняля, ні ў кіцелі, ні ў штанах нічога не знайшла.

— Чаму ў міліцыю ці камендатуру не заявілі?

— Хацела паведаміць — не паспела.

— Зброю бачылі?

— Толькі нож. Пісталет, мабыць, пад падушкай хаваў.

— Часта такія суб’екты ваш дом наведваюць?

— Не, што вы! Першы раз.

— Рэгіна Птушак не заходзіла?

— Не, не заходзіла. Даўно ўжо не бачыла яе.

— Як даўно?

Кладнова на хвіліну задумалася:

— Год, а можа, паўтара.

— А вы самі даўно ў яе былі? — гэта пытанне Славін задаў, не разлічваючы на станоўчы адказ. Але жанчына нечакана сказала:

— О, ужо гады два як не была.

Славін ледзь стрымаў хваляванне:

— Дзе яна жыве?

— На хутары. Ад горада кіламетраў дваццаць будзе.

— Дарогу добра ведаеце?

— Так, памятаю.

— Вы кажаце праўду, што даўно яе не бачылі?

— Далібог! Хлусіць няма чаго.

— А Птушак пацвердзіць вашы словы?

— Вядома. Можаце самі яе спытаць.

— Што ж, з’ездзім з вамі да яе, праверым.

— Калі ласка, з задавальненнем.

Адчыніліся дзверы, у пакой увайшлі Мамонаў і Крайнюк.

Славін прапанаваў гаспадыні:

— Збірайцеся, пачакаем вас у двары.

Аператыўнікі выйшлі. Мамонаў сказаў:

— Затрыманы дэзерцірам аказаўся. Ужо тры месяцы як у вышуку знаходзіцца.

Славін сцісла расказаў сябрам пра гутарку з Кладновай. Тыя адразу павесялелі. Мамонаў прапанаваў:

— Выдатна! Адразу ж паедзем на хутар!

— Адразу нельга, — запярэчыў Славін. — Павязём у аддзел. Там і вырашым, што рабіць далей.

З ганка спусцілася Кладнова. Мамонаў выйшаў на праезжую частку вуліцы, спыніў «віліс». Ён прад’явіў вадзіцелю пасведчанне, папрасіў падвезці іх да месца службы.

Прайшло некалькі хвілін, і яны ўвайшлі ў будынак, дзе размяшчаўся аддзел. Славін тут жа накіраваўся да Мачалава, далажыў пра вынікі наведвання кватэры Кладновай. Той выслухаў яго і сказаў:

— А зараз запрашай усю аператыўную групу. Трэба дзейнічаць, не губляючы ні хвіліны.

— Пётр Пятровіч! Пакуль будуць збірацца людзі, дазволь яшчэ раз пагаварыць з Іванам. Тым больш што на наш запыт толькі-толькі прыйшоў адказ, і мы ўжо ведаем, хто ён такі. Думаю, ёсць сэнс паспрабаваць развязаць яму язык. Трэба неяк атрымаць звесткі пра тых, хто разам з «маёрам» знаходзіцца на сялібе, даведацца іх прозвішчы, якую зброю маюць.

Мачалаў не пярэчыў, і Славін, перадаўшы дзяжурнаму па аддзеле ўказанне пра збор аператыўнай групы, накіраваўся ў камеру.

Іван сядзеў на насціле з груба пазбіваных дошак, здавалася, зусім не звярнуў увагі на рыпенне абітых бляхай дзвярэй і Славіна.

Уладзімір моўчкі сеў на прыбіты да падлогі табурэт, нягучна спытаў:

— Як справы, Іван?

Той паціснуў плячамі, без ахвоты адказаў:

— Справы — у вас. У мяне — гультайства.

— Я і прыйшоў, каб пазбавіць вас ад гультайства, — Славін наўмысна перайшоў на «вы», як бы падкрэсліваючы, што наступіў новы этап у іх адносінах. — Думаю, што час пагаварыць ужо сур’ёзна, Іван Сяргеевіч.

Арыштаваны здрыгануўся:

— Што? Імя па бацьку даведаліся?

— Не толькі імя па бацьку, але і прозвішча. Цяпер нам вядома, што вы — Масленікаў, што раней тройчы асуджаны, што амаль год назад здзейснілі ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі. Адно толькі незразумела: чаму вы сюды прыбылі? Вырашылі да немцаў падацца?

— На які хрэн мне гэтыя немцы? Я ж не сляпы. Бачу, што капут ім, — ён памаўчаў, затым працягваў: — Думаў, у гэтай адзежы лягчэй будзе зацерціся сярод тысяч вайскоўцаў.

— Дзеці ёсць?

Масленікаў не чакаў такога пытання, збянтэжана прамармытаў:

— Быў адзін. цяпер дзесьці гадоў трынаццаць-чатырнаццаць будзе яму. А чаму вы пра гэта пытаеце?

Масленікаў неўпрыкмет для сябе пачаў звяртацца да Славіна таксама на «вы». Уладзімір не прамінуў гэту акалічнасць, падумаў сам сабе: «Бач ты! Запаважаў. Трэба паспрабаваць выклікаць на адкрытую размову».

— Ды проста падумаў: няўжо чалавек можа так па-дурному на зямлі пражыць і нават пасля сябе нічога не пакінуць?..

— Гэта вы правільна заўважылі — «пражыць». Маё жыццё ўжо ззаду, наперадзе — «вышка».